16 лiстапада 2024, Субота, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 сутак за салідарнасць з палітвязнем Дашкевічам

3
10 сутак за салідарнасць з палітвязнем Дашкевічам

Горацкі раённы суд прысудзіў актывіста арганізацыі «Малады фронт» Раману Васільева да дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту.

Суддзя Віктар Яскевіч прызнаў маладога чалавека вінаватым ва ўдзеле 2 жніўня ў несанкцыянаваным пікеце ля адміністрацыйнага будынка горацкай выпраўленчай калоніі № 9, паведамляе «Радыё Свабода».

Раман Васільеў сваёй віны не прызнаў. Супраць актывіста сведчылі чацвёра міліцыянтаў і супрацоўнікаў калоніі.

2 жніўня маладафронтавец разам з яшчэ чатырма дзясяткамі актывістаў прыехаў у Горкі да турмы патрабаваць, каб да зняволенага Зміцера Дашкевіча, які знаходзіцца ў ёй, дапусцілі адваката. Пасля адмовы актывісты арганізавалі пікет з плакатам «Спыніце пераслед» пад вокнамі адміністрацыйнага будынка турмы. Пікет разагналі міліцыянты і супрацоўнікі турмы. Пятнаццаць актывістаў затрымалі.

«Я не шкадую, што ўдзельнічаў у пікеце. Галоўнае, каб гэты пікет дапамог Зміцеру Дашкевічу, і каб ён усё ж сустрэўся з адвакатам і не давялося ізноў праводзіць падобныя пікеты. Тое, што я ўдзельнічаў у пікеце, - гэтага не адмаўляю, але лічу, што я не парушаў закон. Закон парушае адміністрацыя калоніі, якая не дапускае да Зміцера адваката», - заявіў адразу пасля суда Раман Васільеў.

3 жніўня на першым разглядзе адміністрацыйнай справы маладафронтавец запатрабаваў у суду адваката і быў вызвалены з-пад варты. Тэрмін ягонага заключэння пачынаецца з 9 жніўня. Суд не ўлічыў сутак - з 2 на 3 жніўня - праведзеных актывістам пад арыштам у Дрыбінскім ізалятары часовага ўтрымання.

Раману Васільеву 21 год. Ён з Менска. За ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту актывіст арыштоўваўся, суткі адбываў у Менску.

Чакаюць на волі разгляду адміністрацыйных справаў у Горацкім судзе маладафронтавец Іван Шыла з Салігорска і сябра партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Зміцер Шурхай з Брэста. Судзіць іх збіраліся 8 жніўня, але тады яны ў Гарэцкі суд не з'явіліся. Разгляд іхніх справаў адклалі. 3 жніўня яны таксама запатрабавалі адвакатаў.

У Дрыбінскім і Горацкім ізалятарах застаюцца дзевяць затрыманых. Чацвёра з іх - дзяўчаты: Анастасія Палажанка, Юлія Міхайлава, Ганна Шкаруба, а таксама незалежная журналістка Тацяна Шапуцька.

2 верасня патрабаваць сустрэчы адваката з Дашкевічам прыехалі да турмы ў Горкі больш за сорак чалавек. Пятнаццаць пасля разгону пікету затрымалі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках