15 лiстапада 2024, Пятніца, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Севярынца прымушаюць глядзець БТ

17
Севярынца прымушаюць глядзець БТ

Палітвязень Павел Севярынец прыбыў на месца адбывання пакарання - у вёску Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

«Спецкамендатура знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Пружанаў ў былым вайсковым мястэчку. Звычайная «хімія». Рэжым больш строгі, чым у Малым Сітне», - распавёў Севярынец БелаПАН.

Варта адзначыць, што са жніўня 2005 года па май 2007-га палітык ужо адбываў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна Віцебскай вобласці, працуючы ў мясцовым лясгасе. Тады Севярынец быў асуджаны за арганізацыю ў кастрычніку 2004 года ў Менску масавых несанкцыянаваных выступленняў супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму.

Больш жорсткі рэжым Севярынец звязвае з тым, што ў Купліне знаходзіцца сама спецкамендатура, у той час як у Малым Сітне размяшчаўся ейны філіял. «Больш жорсткі рэжым значыць тое, што тым, хто не уладкаваны на працу, не дазваляецца пакідаць будынак камендатуры: не выйсці ні ў царкву, ні на вуліцу, ні на двор. Мы знаходзімся ў сценах будынка. Пасля пераклічкі тых, хто не выходзіць на працу, пераводзяць у актавую залу для прагляду тэлевізара. Там круцяць ці беларускае тэлебачанне, ці серыялы», - распавёў палітык.

Разам з тым, адзначыў Севярынец, у спецкамендатуры ёсць «на дзіва прыстойная бібліятэка з беларускімі кнігамі». «Ёсць Караткевіч на беларускай мове, Янка Маўр, Янка Брыль, ёсць нават некаторая біблейская літаратура. Таму можна ўзяць кнігі ў бібліятэцы і пад бубнение тэлевізара чытаць», - сказаў ён.

Севярынец паведаміў, што ўжо напісаў заяву на наведванне царквы кожную нядзелю. У цяперашні час вырашаецца пытанне з ягоным працаўладкаваннем.

Нагадаем, 16 мая Павел Севярынец, які падчас выбараў 2010 года кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны судом Заводскага раёна Менска па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Севярынца прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках