27 снежня 2024, Пятніца, 8:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія чыноўнікі сыходзяць у адстаўку з-за справы Бяляцкага

21
Польскія чыноўнікі сыходзяць у адстаўку з-за справы Бяляцкага

Генпракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт заявіў сёння на прэс-канферэнцыі, што вінаватыя ў перадачы дадзеных банкаўскіх рахункаў Алеся Бяляцкага звольненыя.

Шэраг супрацоўнікаў пракуратуры, якія не выконвалі належным чынам свае службовыя абавязкі, адпраўленыя ў адстаўку, паведамляе «Радыё Свабода».

Па словах Сэрэмэта, звольненыя з пасады кіраўнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Кшыштаф Каршніцкі і ягоная намесніца.

«Я спадзяюся, што гэтыя рашэнні прадухіляць выкананне такіх запытаў і паспрыяюць ачышчэнню сітуацыі, з якой мы маем цяпер адносіны», - сказаў генпракурор.

Генпракурор Польшчы таксама сказаў, што яму «па-чалавечы вельмі крыўдна за тое, што здарылася». Па ягоных словах, у гэтым годзе з Менска прыйшлі два запыты па банкаўскіх рахунках, прычым другі таксама быў датычны «асобы звязанай з апазіцыйнай дзейнасцю», але ў гэтым выпадку пракуратура Польшчы запыт не задаволіла.

У канцы мінулага тыдня, калі сталася так, што Генпракуратура перадала афіцыйнаму Менску інфармацыю па справе Бяляцкага, практычна ўсе палітыкі краіны моцна раскрытыкавалі гэты крок.

Прэм'ер-міністр Дональд Туск назваў тое, што адбылося «глупствам, а не некампетэнтнасцю», а лідэр найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Ярослаў Качыньскі заклікаў да грунтоўнай рэформы генпракуратуры, прапанаваўшы вярнуць кантроль над пракуратурай міністру юстыцыі. Па словах Качыньскага, гэта дазволіла б, сярод іншага, пазбегнуць падобных выпадкаў.

У выніку нядаўняй рэформы міністр юстыцыі перастаў быць адначасова і генеральным пракурорам - пракуратура стала незалежнай ад урада.

Між тым прадстаўнік урада, міністр Павел Грась адзначыў раней, што МЗС Польшчы ў студзені гэтага года папярэджвала пракуратуру аб тым, што падобныя сітуацыі могуць мець месца і заклікала грунтоўна правяраць запыты афіцыйнага Менска і праводзіць кансультацыі па іх са знешнепалітычным ведамствам. Гэта сказаў сваім падначаленым і генпракурор Анджэй Сэрэмэт.

«Я расчараваны пазіцыяй некаторых супрацоўнікаў пракуратуры, якія не выканалі мае даручэнні», - адзначыў ён.

Па словах генпракурора, цяпер па ўсіх запытам беларускага боку будуць праводзіцца кансультацыі з МЗС Польшчы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках