16 лiстапада 2024, Субота, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камароўскі рынак: Хутка мяса наогул не будзе, усё ідзе на Расею (Фота)

272

Пастаўшчыкі цяпер называюць кошт толькі ў расейскіх рублях, а на прылавак рынку трапляе 1 туша у дзень.

«У Менску 116 рублёў ялавічына», - нечакана кажа пастаўшчык мяса, абвестку якога «Еўрарадыё» знайшло ў Інтэрнэце. Як ні круці, але факт: ён адразу называе кошт у расейскіх рублях! 116 расейскіх рублёў - гэта 20 тысяч беларускіх, калі лічыць па курсе Нацбанка. Прыкладна па такіх коштах мяса ў Расею адпраўляе Барысаўскі мясакамбінат.

«Беларускія грошы мяне не цікавяць», - тлумачыць прадпрымальнік.

Па словах іншага «мяснога» прадпрымальніка, расейцы могуць скупіць мяса нават у 1,5 разы даражэй: «Пакуль мяса няма, і не ведаю, калі будзе. Расея, усё ідзе туды. Па-першае, яны даражэй скупляюць. Па-другое, плацяць валютай».

«Усё на Расею сыходзіць, за даляры. Закупка дарагая. Заўтра мяне тут наогул не будзе», - тлумачыць прадавачка. А сёння яна прадае мяса па кошце ад 45 да 60 тысяч рублёў.

Іншая скардзіцца: таго, што на дзень даюць, хапае на пару гадзін. «Усе мяса на Маскву адпраўляюць. Даюць па адной тушцы на дзень. Закупка мяса ўжо па 20 тысяч». Прадаўшчыцы прызнаюцца: за мяса расейцы пераплочваюць. Гатовыя скупіць нават увесь прылавак.

«Тут кура была па 15 тысяч за кілаграм. Расейцы падганяюць фуру, кажуць, давай забярэм за 17. Цэлымі днямі стаяць-пільнуюць, пакуль ім адпусцяць тавар. Калі забаронныя меры не ўвядуць, хутка наогул мяса не будзе», - тлумачыць прадавачка. Побач з ёю пусты прылавак, дзе павінная была быць кура. Мабыць, ужо з'ехала на фуры...

Непадалёк месца, дзе кура ўсё яшчэ ёсць, але там чарга ў 30 чалавек. Каштуе ад 20 да 24 тысяч за кілаграм за розныя часткі тушкі. Апошняя ў чарзе за птушкай - жанчына пенсійнага ўзросту:

«Там нідзе няма. Напэўна, прывезлі ў адным месцы, таму стаіць такая чаргу. Па-мойму, у краме нават танней». У чаргу становіцца іншая жанчына, уступае ў размову. «Не, ужо не танней. Вось побач грудка па 24 тысячы, а тут - 20».

На некаторых прылаўках мяса ўсё ж было, але аб кошце можна толькі здагадвацца.

А вось на мясакамбінатах запэўніваюць, што пастаўкі на Расею не павялічыліся, а нават зменшыліся. «Пастаўкі кілбасных вырабаў павялічыліся на Расею, а пастаўкі сыравіны панізіліся. За палову года пастаўкі кілбас павялічыліся на 30-35%. А пастаўкі сыравіны моцна паменшыліся», - кажуць на Барысаўскім мясакамбінаце.

У аддзеле збыту мясакамбіната адзначаюць, што сырое мяса яны амаль не прадаюць: перайшлі на вытворчасць гатовай прадукцыі: на сырое мяса ёсць усталяваныя дзяржавай кошты, а на кілбасу – няма.

Напісаць каментар 272

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках