26 снежня 2024, Чацвер, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сейме Польшчы абмеркавалі справу Бяляцкага

3
У Сейме Польшчы абмеркавалі справу Бяляцкага

17 жніўня ў 21 гадзін па менскім часе ў польскім парламенце адбылося сумеснае пасяджэнне камісій па міжнародных справах і ў сувязях з замежжам.

У пасяджэнні прыняў удзел генеральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт, паведамляе «Радыё Свабода».

У ходзе пасяджэння дэпутат Роберт Тышкевіч заявіў: «Мы, фактычна, выдалі Бяляцкага ў рукі КДБ і зараз абавязаныя дапамагчы».

Сэрэмэт паведаміў, што з 2009 года афіцыйны Менск накіраваў у Польшчу 14 запытаў, якія тычацца банкаўскіх рахункаў сваіх грамадзянаў, і ўсе яны былі задаволеныя.

«Няма, аднак, інфармацыі, каб якія-небудзь з гэтых запытаў, аб якіх мы ўсе ведаем, датычыліся прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і былі выкарыстаныя ў якасці пераследу асоб, якія займаюцца апазіцыйнай дзейнасцю», - заявіў генпракурор Польшчы.

Ён адзначыў, што запыт па Бяляцкім прайшоў праз рукі «дзевяці ці дзесяці пракурораў» і, як сталася, адзін супрацоўнік варшаўскай акруговай пракуратуры «меў сумневы адносна гэтай справы».

«На наступным тыдні Генеральная пракуратура пачне кансультацыі з МЗС і Міністэрствам юстыцыі каб выпрацаваць механізм, па якім беларускія запыты аб юрыдычнай дапамозе накіроўваліся ў Генеральную пракуратуру, а не ў акруговыя пракуратуры, як гэта ёсць цяпер», - заявіў пасля паседжання камісіі генпракурор Анджэй Сэрэмэт.

Гэта, па ягоных словах, дапаможа «цэнтралізаваць перадачу беларускіх запытаў» і пазбегнуць памылак.

Прадстаўнікі камісій дамагаліся стварэння юрыдычных падставаў, якія змушалі б польскую пракуратуру звяртацца ў МЗС краіны, калі ёсць падобныя запыты з Беларусі.

«Такія кансультацыі дапамаглі б прымаць правільныя рашэнні і пазбегнуць такіх гіганцкіх скандалаў, які мы маем у выпадку з Бяляцкім», - заявіў намеснік старшыні камісіі па замежных справах, дэпутат Роберт Тышкевіч.

У ходзе пасяджэння камісіі дэпутаты выслухалі дэталёвае апісанне механізму, які прывёў да выдачы інфармацыі аб рахунку Бяляцкага. З гэтага вынікае, што прычынай выдачы сталі «некампетэнтнасць, недапрацоўкі і збалаванасць». Тышкевіч паведаміў, што гаворка ішла таксама аб дапамозе Алесю Бяляцкаму, якога «мы, фактычна, выдалі ў рукі КДБ» і арганізацыяй такой дапамогі займаецца цяпер МЗС Польшчы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках