15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івашкевіч: Толькі калі мільёны людзей запатрабуюць зменаў, гэтыя змены адбудуцца

13
Івашкевіч: Толькі калі мільёны людзей запатрабуюць зменаў, гэтыя змены адбудуцца

Адзін з арганізатараў Усебеларускага народнага сходу лічыць, што на сходзе чыноўнікаў замест абмеркавання катастрафічнага становішча ў краіне, будуць ізноўку гучаць оды на адрас Лукашэнкі.

«Мерапрыемства Макея - гэта сход начальнікаў, якое замест рэальнага абмеркавання катастрафічнага становішча ў краіне скончыцца традыцыйным «ухвалямс», - заявіў палітык «Коммерсанту».

У сваю чаргу, на сходзе, які збіраюць апазіцыянеры, на думку Івашкевіча, «будуць абмяркоўвацца рэчы, аб якіх простыя беларусы гавораць на кухні, у чэргах і ў курылках». Ён упэўнены, што грамадзянам не варта верыць у чарговыя абяцанні ўладаў хутка скончыць з крызісам.

«Спадзявацца, што Аляксандр Лукашэнка можа проста так пайсці на рэформы, на вызваленне палітвязняў, дарэмна. Толькі калі мільёны людзей запатрабуюць зменаў, гэтыя змены адбудуцца», - Віктар Івашкевіч.

Апазіцыянер упэўнены, што калі людзі не пачнуць актыўна абараняць свае правы, ім хутка не на што будзе карміць свае сем'і.

Беларускія ўлады ў мінулыя выходныя пачалі падрыхтоўку да правядзення лаяльнага да Аляксандра Лукашэнкі Усебеларускага з'езда патрыятычных сіл. Гэта павінна стаць адказам Усебеларускаму народнаму сходу, які рыхтуюць апазіцыянеры.

Па паведамленні беларускіх СМІ, з'езд рыхтуецца пад патранажам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея. Чыноўнікі на месцах ужо разаслалі кіраўнікам праўладных некамерцыйных грамадскіх арганізацый і палітычных партый цыркуляр, у якім прапануецца падпісацца пад «Пагадненнем аб стварэнні ініцыятыўнай групы».

У дакуменце гаворыцца, што падпісанты, «выказваючы гатовасць узяць на сябе адказнасць - за сябе, за сваю сям'ю, свой дом, свой горад, сваю краіну, усведамляючы адказнасць перад шматнацыянальным народам Рэспублікі Беларусь, прынялі рашэнне стварыць ініцыятыўную групу па падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з'езда патрыятычных сіл». Спробы кіраўнікоў грамадскіх арганізацый і партый адтэрмінаваць падпісанне пагаднення пад выглядам неабходнасці абмеркавання на праўленні, савеце або з партактывам спыняюцца згадваннем імя Уладзіміра Макея, які мае рэпутацыю жорсткага чыноўніка ў камандзе Лукашэнкі.

У Менску не хаваюць, што пачын уладаў стаў адказам на планы беларускай апазіцыі склікаць у кастрычніку Усебеларускі народны сход. Аб ягоным правядзенні прадстаўнікі апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў абвясцілі яшчэ ў маі. Як чакаецца, акцыя пройдзе не толькі ў Менску, але і ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах рэспублікі. Удзельнікі маюць намер патрабаваць спынення росту коштаў, забеспячэння годных заробкаў і пенсій, магчымасці абмену валюты, дадатковых працоўных месцаў, спынення продажу прадпрыемстваў, гарантый на свабодную працу.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках