26 снежня 2024, Чацвер, 10:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бандарэнку этапуюць у калонію на насілках

28
Бандарэнку этапуюць у калонію на насілках

Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Зміцера Бандарэнку могуць этапаваць з СІЗА ў калонію ўжо на гэтым тыдні.

Пра гэта БелаПАН паведаміла ягоная жонка Вольга Бандарэнка. Па ейных словах, адвакат Бандарэнкі 19 жніўня да яго не патрапіў, паколькі Зміцер не напісаў заяву на наведванне. «Сёння адвакат у працэсе па іншай справе. Я спадзяюся, што сама патраплю на спатканне сёння-заўтра, і калі мне адмовяць, гэта будзе значыць, што яго перавялі ў калонію», - сказала Вольга Бандарэнка.

Яна адзначыла, што Зміцер Бандарэнка будзе адбываць пакаранне ў калоніі № 15 у Магілёве. «Па крайняй меры, усе дакументы на Зміцера адпраўленыя туды. Я спадзяюся, што яго сапраўды перавядуць туды, і шукаць яго не прыйдзецца. Хоць, вядома, я хацела б, каб ён быў бліжэй», - сказала Вольга.

У палітыка пасля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленне спіннамазгавых нерваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай лякарні па вуліцы Валадарскага ў 5-ю лякарню, дзе на наступны дзень зрабілі аперацыю. 17 жніўня Бандарэнку перавялі з 5-й клінічнай лякарні Менска ў Рэспубліканскую турэмную лякарню, якая размешчаная на тэрыторыі СІЗА па вуліцы Валадарскага.

«У сувязі з перанесенай аперацыяй мне паабяцалі, што Зміцера будуць этапаваць у адмысловым рэжыме - асобна ад іншых зняволеных, лежачы. Я шчыра спадзяюся, што так і будзе», - заявіла Вольга Бандарэнка.

Яна таксама паведаміла, што 20 жніўня ў Зміцера Бандарэнкі мінула траціна тэрміну пакарання. «У сувязі з гэтым ён напісаў заяву аб замене яму пакарання на больш мяккае, што прадугледжана артыкулам 91 Крымінальнага кодэкса. Аднак аб рэакцыі на гэтую заяву я пакуль нічога не ведаю », - сказала Вольга.

Пры гэтым яна сказала, што Зміцер не пісаў заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Нагадаем, Зміцер Бандарэнка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава. Яго, як і многіх актывістаў апазіцыі, затрымалі пасля мітынгу 19 снежня і змясцілі ў СІЗА КДБ, дзе ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні. У красавіку суд прызнаў яго вінаватым у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх» і прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках