16 лiстапада 2024, Субота, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ДАІ і спецназ правялі акцыю «Стоп-бензін» (Фота)

253
ДАІ і спецназ правялі акцыю «Стоп-бензін» (Фота)

(абноўлена) Цэнтр Менска ўвечары 22 жніўня практычна цалкам быў перакрыты.

ДАІ перакрыла выезд на цэнтральны праспект беларускай сталіцы з боку прылеглых вуліц. У прыватнасці, быў забаронены рух у раёне будынкаў Мінаблвыканкама і Палаца Рэспублікі насупраць рэзідэнцыі Лукашэнкі. ДАІ рэкамендавала кіроўцам аб'язджаць гэты ўчастак.

Перакрывалі праспект і на плошчы Якуба Коласа, выезд на праспект Пераможцаў з боку плошчы Свабоды. Вялікая колькасць супрацоўнікаў ДАІ сканцэнтравалася ля будынку РСДРП і плошчы Перамогі. Яны спынялі кіроўцаў і правяралі ў іх дакументы. ДАІ таксама перакрыў выезд на праспект Незалежнасці з боку вуліцы Сурганава. Быў дазволены толькі рух грамадскага транспарту.

На праспекце Незалежнасці практычна не было машын, што досыць незвычайна для вечара панядзелка. Уздоўж абочын стаялі групы людзей у цывільным, некаторыя з якіх вялі перамовы па рацыі.

На некаторых паралельных праспекту вуліцах з-за немагчымасці праехаць ў цэнтр горада ўтварыліся шматлікія пробкі і заторы.

У раёне Палаца Рэспублікі карэспандэнт БелаПАН чуў, як па рацыі супрацоўнікам міліцыі паступіла распараджэнне запісваць нумары аўтамабіляў «усіх парушальнікаў». У раёне гасцініцы «Вікторыя» на праспекце Пераможцаў невядомыя ў цывільным здымалі на відэа ўсе аўтамабілі, якія рухаліся з цэнтра.

Нагадаем, што ў межах акцыі «Стоп-бензін», аўтааматары мелі намер стыхійна сабрацца на розных вуліцах, прылеглых да цэнтральных праспектаў Менска, і выехаць у цэнтр, каб заблакаваць рух, пратэстуючы супраць чарговага павышэння коштаў на нафтапрадукты.

Як паведамлялася, 20 жніўня канцэрн «Белнафтахім» у сярэднім на 3% павысіў рознічныя кошты на паліва. Гэта ўжо шостае павышэнне коштаў на нафтапрадукты з пачатку гэтага года.

Такім чынам, пратэставалі 22 жніўня супраць падвышэння коштаў на бензін самі супрацоўнікі ДАІ і менскі спецназ.

Фота: «Еўрарадыё», «Радыё Свабода», «Наша Ніва»

Напісаць каментар 253

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках