26 снежня 2024, Чацвер, 8:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Кіркевіч: Кандыдату ў прэзыдэнты турэмная роба ня вельмі пасуе

25
Алесь Кіркевіч: Кандыдату ў прэзыдэнты турэмная роба ня вельмі пасуе

Алесь Кіркевіч кантактаваў з Андрэем Саньнікавым і Мікітам Ліхавідам.

Зьміцер Бандарэнка, якога тыдзень таму праапэравалі, пакрысе ідзе на папраўку. На вязьняў Бабруйскай калёніі ціснуць, каб падпісалі прашэньні аб памілаваньні. З Івацэвіцкай калёніі лісты не прыходзяць — цэнзар у адпачынку. Навіны беларускіх палітвязьняў.

Жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга распавяла Радыё Свабода, што яе муж ужо восьмы дзень знаходзіцца ў нэўрахірургічным аддзяленьні пятага клінічнага шпіталя, дзе ў мінулы аўторак яму зрабілі апэрацыю на хрыбетніку.

"Гэта пасьляапэрацыйная палата, то бок яго крыху адновяць, каб швы загаіліся, крыху спаў ацёк — і ўсё. Вядома ж, хутка перавядуць, швы здымуць і будуць выпісваць. А далей яму патрэбна рэабілітацыя ўжо ў іншым шпіталі альбо, прынамсі, у іншым аддзяленьні. А вось ці дазволяць гэта, я сумняваюся... Дзіма кажа, што правая нага крыху лепшае, але калі ён перасоўваецца, то адчувае, што цягне, баліць".

Маці Зьмітра Дразда спадарыня Валянціна ў аўторак езьдзіла да сына на спатканьне ў Бабруйскую калёнію:

"Бачыла яго, праўда, праз шкло. Але настрой у мяне ўжо бадзёры. Ён раней мне даслаў ліст, дзе пісаў, што вельмі цяжка, ня вытрымае. Я так плакала ўсе дні да спатканьня! Распавядаў, што на працу ходзіць, ужо трэцюю працу памяняў, раней скрыні зьбіваў, цяпер паддоны робіць. Кажа, што ежа нясмачная, есьць толькі кашы, супы наагул не бярэ, бо там адна вада. Кажа, што ўсё добра, каб я не перажывала. Спадзяецца, што ён хутка будзе дома, такі ўпэўнены ў сабе".

Валянціна Дзьмітрыеўна распавяла, што перадачу не прынялі — маўляў, Зьміцер нядаўна атрымаў пасылку, таму не дазволілі. Трывожыць яе і тое, што ідзе псыхалягічны ціск на сына:

"Прыходзілі нейкія людзі і прымушалі ўсіх падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Тры гадзіны яны ў Дзімы сядзелі. Наагул, ціснуць канкрэтна, каб падпісвалі..."

Сьвятлана Вінаградава, якая 10 дзён таму пабралася шлюбам у івацэвіцкіх "Ваўчыных норах" з Паўлам Вінаградавым, не атрымала ад мужа ніводнага ліста:

"З таго часу, як я вярнулася, наагул ніякіх навінаў. Справа ў тым, што зараз у адпачынку цэнзар, які правярае лісты, а ён адзін у калёніі, Паша казаў. Я сама ўжо зь нецярплівасьцю чакаю, падлічыла, што вось-вось павінна ўжо штосьці прыйсьці, але пакуль няма лістоў".

А вось з Наваполацкай калёніі, дзе адбываюць пакараньне Андрэй Саньнікаў, Мікіта Ліхавід і Алесь Кіркевіч, лісты ідуць рэгулярна і даходзяць да сваякоў за два дні. Жонка Алеся Кіркевіча Надзея распавяла:

"У мяне 4 жніўня дзень народзінаў, дык ён ужо даслаў паштоўку віншавальную, нават ня ведаю, дзе ён яе дастаў! Алесь добра трымаецца, як у лістах, так і на спатканьні. Чытае кнігі па гісторыі Беларусі, гэта яго ўлюбёнае чытво. Скардзіўся толькі на тое, што чытаць, на жаль, не хапае часу. Бо працуе з 7-й раніцы да паловы на пятую, зьбівае драўляныя паддоны. На лісты адказвае, якіх прыходзіць даволі шмат. Яго гэта вельмі цешыць, для яго гэта вельмі важна".

Што да іншых палітвязьняў, якія знаходзяцца таксама ў Наваполацкай калёніі, то іх адмыслова разьвялі па розных атрадах, але часам яны сустракаюцца ў агульнай сталовай, распавяла Надзея:

"З Саньнікавым ён бачыўся, бачыў Ліхавіда. Распавядаў, што збольшага Мікіта Ліхавід трымаецца добра, шмат усьміхаецца. Вядома, ня вельмі добра выглядае, бледны, сонца там мала, схуднелы, але маральна моцны. Што да Саньнікава, то форма, якую ім выдаюць у калёніі, у вельмі жудасным стане. Кандыдату ў прэзыдэнты гэтая роба ня вельмі пасуе... Яшчэ сказаў, што начальнік калёніі, як толькі Саньнікава этапавалі, сышоў у адпачынак. Так што кіраўніцтва на ўсялякі выпадак адпачывае".

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках