15 лiстапада 2024, Пятніца, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Лукашэнка хоча, каб людзі верылі, што ён дастане грошы

121
Экспэрт: Лукашэнка хоча, каб людзі верылі, што ён дастане грошы

Цяперашні эканамічны і палітычны крызіс падштурхнуў яго да мяжы бліжэй, чым калі-небудзь раней.

У калектыўным лісьце на імя Цімаці Гэйтнэра, міністра фінансаў ЗША і кіраўніка амэрыканскага прадстаўніцтва ў МВФ, шэсьць сэнатараў заклікалі яго галасаваць супраць выдзяленьня крэдыту Беларусі.

Сэнатары лічаць, што даць цяпер выдача крэдыту Беларусі супярэчыла б інтарэсам ЗША і Эўразьвязу. Як удзельнікі гэтай ініцыятывы і экспэрты камэнтуюць ліст сэнатараў?

Экспэрт вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі Пітэр Даран у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што зварот палітыкаў зьявіўся вельмі своечасова.

Даран: Гэта ня час, калі міжнародная супольнасьць можа кідаць Лукашэнку выратавальнае кола. Цяперашні эканамічны і палітычны крызіс падштурхнуў яго да мяжы бліжэй, чым калі-небудзь раней. Ён зараз толькі чакае нейкай дапамогі і ад Расеі, і ад Захаду, ад міжнароднай супольнасьці, у прыватнасьці, ад МВФ. Калі МВФ паслала дэлегацыю ў чэрвені, каб дасьледаваць сытуацыю, ён пакінуў адкрытай магчымасьць дапамогі. І гэта было вельмі сумнае пасланьне, грамадзянская супольнасьць Беларусі ўспрыняла гэта як магчымасьць выжываньня Лукашэнкі дзякуючы такой дапамозе. А Лукашэнка са свайго боку хоча, каб людзі верылі, што ён дастане грошы. Так што мэта гэтага ліста прадстаўнікоў абедзьвюх партый міністру фінансаў - даць зразумець, што гэта ня час для такой дапамогі.

Кар.: А калі б грошы далі, гэта зрабіла б шкоду грамадзянскай супольнасьці Беларусі?

Даран: Паколькі валютны крызіс пагоршыў агульную эканамічную сытуацыю, усё больш звычайных грамадзянаў абураюцца палітыкай уладаў. Гэта праяўляецца ў арганізаваных і стыхійных пратэстах у Менску.

Цяпер Эўропа і ЗША дэманструюць беспрэцэдэнтны ўзровень супрацоўніцтва з палітычнага пункту погляду адносна "апошняй дыктатуры ў Эўропе", як часта называюць лукашэнкаўскі рэжым. Гэта ўнікальны момант. Апошні раз, калі МВФ разглядаў пакет дапамогі для Беларусі, ЗША былі супраць, а эўрапейскія сябры МВФ галасавалі «за».

Ключавы момант у гэтым лісьце -- падкрэсьліць вось гэтае супрацоўніцтва паміж ЗША і ЭЗ пасьля сьнежаньскіх выбараў і выпрацаваць супольную пазыцыю ЗША і Эўропы адносна фінансавай дапамогі Беларусі. А таксама паслаць сыгнал апазыцыі, што Захад ацэньвае лукашэнкаўскі рэжым як непрымальны і хацеў бы пазбыцца яго.

Кар.: А ці ня можа адмова ў фінансавай падтрымцы з боку Захаду падштурхнуць Беларусь у абдымкі Расеі?

Доран: Гэта відавочна, Расея засталася апошняй краінай, да якой можа зьвярнуцца Беларусь. А калі паглядзець на пазыцыю расейскага ўраду на працягу году, то бачны рост незадаволенасьці лукашэнкаўскім рэжымам. На працягу больш чым 10 гадоў Лукашэнка заставаўся ва ўладзе дзякуючы расейскім субсыдыям. Гэтых субсыдыяў больш няма, яны часова спыненыя. І ў адказ Лукашэнка шукае іншых фінансавых крыніцаў выратаваньня. У рэшце рэшт яны ўсе спыняцца, і калі гэта адбудзецца, Лукашэнка будзе вымушаны ці рэфармаваць эканоміку, ці, што больш пажадана, народ яго скіне на карысьць больш дэмакратычнага, празаходняга, рынкавага лідэра.

Першы пасол ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц мяркуе, што і Эўропа, і ЗША будуць супрацьстаяць выдзяленьню крэдытаў.

Суорц: Лукашэнка будзе вымушаны рабіць ня толькі тактычныя крокі – скажам, вызваляць палітычных вязьняў, але і стратэгічныя неабарачальныя крокі, якія адвернуць Беларусь ад лукашэнкаўскай ідэалёгіі да большага збліжэньня з сусьветнай супольнасьцю. А што да пагрозы ўцісканьня ў Расею, то Захад мог бы згуляць лепш, чым у мінулым. Нам вельмі страшна, што гэта можа здарыцца, і гэта вельмі складаная сытуацыя.

Адзін з аўтараў ліста міністру фінансаў ЗША, сэнатар Джозэф Лібэрман растлумачыў сваю пазыцыю ў лісьце нашаму карэспандэнту наступным чынам.

Лібэрман: Я разам з калегамі па Сэнату напісаў ліст міністру фінансаў ЗША з прапановай процідзейнічаць выдачы новых крэдытаў МВФ для ўраду Лукашэнкі, таму што мы лічым, што такія сродкі будуць выкарыстоўвацца толькі Лукашэнкам, каб падтрымаць яго нелегітымнае і рэпрэсіўнае кіраваньне.

Мы спадзяемся, што ЗША і Эўразьвяз могуць працаваць разам у бліжэйшыя тыдні, каб даць зразумець, што міжнародная супольнасьць не зьбіраецца субсыдаваць працяг захопу ўлады Лукашэнкам. Мы павінны цьвёрда стаяць на баку беларускага народу, чыя мужнасьць натхняла нас усіх у Кангрэсе, і ўзмацняць ціск на Лукашэнку. Я зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь нарэшце вернецца ў эўраатлянтычную супольнасьць свабодных нацый, і я ўсё больш спадзяюцца, што гэты дзень не за гарамі.

Напісаць каментар 121

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках