26 снежня 2024, Чацвер, 8:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў у калоніі пагаліў бараду

24
Андрэй Саннікаў у калоніі пагаліў бараду

Палітвязня неўзабаве перавядуць з карантыну ў атрад, і тады яго змогуць пабачыць сваякі.

Адвакаты кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава гутарылі з ім у калоніі ў Наваполацку. Нечакана для іх адміністрацыя калоніі заявіла, што няма памяшкання для канфідэнцыйнай сустрэчы. Таму размаўляць адвакатам і падабароннаму прыйшлося па тэлефоне праз шкло.

«Для нас гэта першы такі досвед. Мы сёння спрабавалі рабіць усё, што магчыма, каб гэтае пытанне вырашыць, але не атрымалася. Зразумела, абарона будзе дамагацца сустрэчы з падабаронным у нармальных умовах, каб можна было рэалізаваць ягонае паўнавартаснае права на абарону і канфідэнцыяльнасць . Мы будзем гэтае пытанне ў канструктыўным парадку спрабаваць вырашыць. Але, у сувязі з тым, што стаўленне да Андрэя Алегавіча на сённяшні дзень з боку адміністрацыі выпраўленчай установы нармальнае, то мы не хацелі б ніякім чынам перашкодзіць гэтаму стаўленню», распавяла радыё «Рацыя» адвакатка Марына Кавалеўская.

У ходзе сустрэчы з адвакатам высветлілася, што не ўсе лісты з волі даходзяць да Саннікава, і не ўсе ягоныя лісты - да адрасатаў. Таксама абмежаваны ягоны доступ да сродкаў масавай інфармацыі. У следчым ізалятары ў Менску газеты да яго даходзілі без праблемаў.

«Андрэй ні на што не скардзіцца. Кажа, што стаўленне ў калоніі да яго паважлівае - як з боку кіраўніцтва спецустановы, так і астатніх зняволеных», - распавяла «Белсат» жонка палітвязня Ірына Халіп.

Галоўнай нечаканасцю для яе стала паведамленне адвакатаў, што ейны муж пагаліў бараду. «Нават уявіць сабе не магу Андрэя без барады. Спадзяюся, што хутка пабачу на ўласныя вочы», - кажа Халіп.

Ірына Халіп кажа, што Андрэй Саннікаў перыядычна сустракае Мікіту Ліхавіда ў агульнай сталовай: «Ён перадаў, што ў Мікіты былі праблемы са страўнікам і кішэчнікам, але, па ягоных словах, яму аказалі неабходную медыцынскую дапамогу».

Між тым, маці Мікіты Алена Ліхавід непакоіцца, што ўжо месяц ад сына няма ні аднаго ліста. Жанчына збіралася з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай пабываць сёння ў калоніі, аднак не атрымалася: «Дар'і Ліпкінай нечакана прызначылі кваліфікацыйную камісію, і яна вымушаная была рыхтавацца. Адзіная добрая навіна, што Дар'я яе прайшла і будзе працаваць далей», - паведаміла Алена Ліхавід.

Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў за ўдзел у Плошчы асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі, актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід - на 3 з паловай гады. Пакаранне палітвязні адбываюць ў Наваполацкай калоніі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках