25 снежня 2024, Серада, 21:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна выступіла ў Сейме Літвы

136
Наталля Радзіна выступіла ў Сейме Літвы

Рэдактарка ​​сайта charter97.org Наталля Радзіна выступіла сёння на пазачарговым пасяджэнні Камітэта па замежных справах Сейма Літвы.

Камітэт па замежных справах, у які ўваходзяць сябры ўсіх палітычных партый Сейма, быў скліканы для абмеркавання сітуацыі, якая склалася з перадачай беларускім уладам банкаўскіх рахункаў беларускіх няўрадавых арганізацый, што прывяло да арышту ў Беларусі кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Пасяджэнне Камітэта адкрылася з выступу рэдактаркі сайта charter97.org Наталлі Радзінай, якая на днях з-за пераследу беларускіх уладаў папрасіла палітычнага прытулку ў Літве. Прадстаўляючы беларускую журналістку, старшыня Камітэта па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс уручыў ёй кветкі і заявіў, што Літва радая вітаць рэдактарку сайта charter97.org на сваёй зямлі.

Журналістка пачала выступленне са сваёй асабістай гісторыі - пра тое, як яна была арыштаваная 19 снежня 2010 года разам з кандыдатамі ў прэзідэнты, удзельнікамі іхніх выбарчых штабоў, журналістамі і праваабаронцамі, правяла 1,5 месяцы ў турме, два месяцы ў ссылцы ў Кобрыне пад наглядам КДБ, а потым вымушаная была бегчы з Беларусі.

Радзіна падкрэсліла, што ў Беларусі ёй, як і ўсім палітвязням Беларусі і іхнім сем'ям, дапамог менавіта праваабарончы цэнтр «Вясна» пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага. Журналістка не хавала свайго расчаравання ў сувязі з раскрыццём дадзеных аб рахунках праваабарончай арганізацыі. Па ейных словах, Літва выдала барацьбітаў за дэмакратыю ў Беларусі.

«Тое, што адбылося - сапраўды ганебны факт. Спадзяюся, што гэта была ненаўмысная памылка. Тыя, хто гэта зрабіў, паставілі пад пагрозу сям'і палітвязняў», - сказала Радзіна, адзначыўшы, што менавіта «Вясна» аплочвала паслугі адвакатаў падчас ейнага арышту і дапамагла ейным бацькам, каб яны маглі перадаваць ёй у турму перадачы. Такая ж дапамога, па ейных словах, усе 15 год існавання арганізацыі аказвалася ўсім рэпрэсаваным рэжымам Лукашэнкі дэмакратычным актывістам.

Па ейных словах, пераслед Бяляцкага і арганізацыі «Вясна» - жорсткі ўдар для сем'яў палітвязняў Беларусі, якія могуць апынуцца цяпер без юрыдычнай і фінансавай падтрымкі.

На пытанне, чаго патрабавалі службовыя асобы КДБ, якія дапытвалі яе ў турме, журналістка сказала, што іх мала цікавілі снежаньскія падзеі, падчас якіх было затрымана шмат апазіцыянераў. Больш за ўсё яны хацелі высветліць, як і хто фінансуе дзейнасць апазіцыі і незалежных СМІ. І сумна, што сёння яны гэта высвятляюць з дапамогай дэмакратычнай Літвы.

Па словах журналісткі, выпадак з Бяляцкім - не першы, калі беларускі народ расчароўваецца ў Літве. Давер быў падарваны ўжо тады, калі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ перапыніла ізаляцыю Менска і ўдзельнічала ў двухбаковых сустрэчах з дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам. Але выдача «Вясны» нанесла самы моцны ўдар - зараз чытачы charter97.org асцерагаюцца, што Радзінай і іншым палітуцекачам небяспечна знаходзіцца ў Літве.

«Але я веру ў прынцыпы свабоды і дэмакратыі, як вераць у іх Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Аляксандр Атрошчанкаў, Мікіта Ліхавід, Мікалай Статкевіч, Фёдар Мірзаянаў, Сяргей Казакоў, Зміцер Ус і многія іншыя беларусы, якія змагаліся за іх і апынуліся сёння за кратамі. Калі ласка, не пазбаўляйце нас гэтай веры. Літоўскі народ сам не так даўно змагаўся за сваю свабоду. Няўжо вы так хутка забыліся на гэта?», - запыталася Радзіна ў дэпутатаў Сейма Літвы.

Сябры Камітэта па замежных справах прыносілі выбачэнні Радзінай за дзеянні Літвы. Міністр юстыцыі Рэмігіюс Шымашус моўчкі назіраў за гаворкай журналісткі, якая папрасіла палітычнага прытулку.

Журналістка таксама распавяла на пасяджэнні Камітэта аб сітуацыі з палітычнымі зняволенымі Беларусі, а таксама аб пераследзе ў Беларусі журналістаў: гібелі заснавальніка сайта charter97.org Алега Бябеніна, забойствах Зміцера Завадскага і Веранікі Чаркасавай; журналістцы «Новай газеты» Ірыне Халіп, якая пасля суда засталася на волі, але знаходзіцца пад такім наглядам сілавых структур, што ейнае пакаранне, можна прыраўняць да хатняга арышту; аб журналісце польскай «Газеты Выборчай» Анджэі Пачобуце, які за свае крытычныя артыкулы аб Лукашэнку таксама абмежаваны ў свабодзе.

«Сёння кожны беларус, калі ён непажаданы для ўладаў, у любы момант можа быць арыштаваны, выкрадзены альбо забіты. Еўропа ж працягвае бяздзейна назіраць за тэрорам, выдаючы час ад часу толькі дэкларатыўныя заявы. Час дэкларацый мінуў. Палітвязень Зміцер Бандарэнка напісаў у сваім лісце з турмы: «Еўропа нас забівае сваёй прагнасцю». Замест таго, каб увесці рэальныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, вы працягваеце даваць яму крэдыты, набываць нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, падтрымліваючы тым самым рэпрэсіўны рэжым. Не можа быць і ніякай гаворкі і аб дыялогу Еўропы з дыктатурай у абмен на вызваленне палітвязняў. Вязні сумлення павінныя быць вызваленыя неадкладна і безумоўна. Няхай Лукашэнка садзіцца за стол перамоваў з Андрэем Саннікавым, а не з Даляй Грыбаўскайтэ», - адзначыла журналістка.

Напісаць каментар 136

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках