15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бяляцкі: Можа, мой арышт прымусіць праваабаронцаў хутчэй рухацца

5
Бяляцкі: Можа, мой арышт прымусіць праваабаронцаў хутчэй рухацца

Алесь Бяляцкі ў СІЗА шмат чытае, займаецца ангельскай мовай, робіць фізічныя практыкаванні і піша мемуары.

Пра гэта гаворыцца ў некалькіх лістах, якія атрымалі ягоныя калегі, паведамляе праваабарончы ПЦ «Вясна».

«Тут больш няма чаго і рабіць, як лісты чытаць і пісаць самому (што не рабіў ўжо гадоў 15). У мяне ўсё добра. Уцягнуўся ў тутэйшае жыццё збольшага, гляджу тэлевізар (тут два канала ловіць), вучу ангельскую, чытаю», - паведаміў Бяляцкі ў адным са сваіх лістоў.

У іншым лісце праваабаронца адзначае, што бібліятэка ў СІЗА, «на дзіва, не такая і благая». «Нават на наступны раз я беларускія кнігі замовіў. Іх тут развозяць двойчы на месяц», - піша Бяляцкі.

«Чытаў у «Народнай волі »аб пікетах, якія забаранілі. Можа, хоць маё становішча прымусіць беларускіх праваабаронцаў трохі хутчэй рухацца», - выказаў надзею Бяляцкі.

Таксама 48-гадовы праваабаронца паведаміў, што ў СІЗА робіць «розныя фізічныя практыкаванні, каб хоць трохі трымаць сябе ў форме». «Хаджу па шпацырных дворыках, адціскаюся, скачу, размінаюся. У мяне зноў з'явіўся апетыт, першы тыдзень зусім не хацелася есць. Здароўе ў мяне пакуль нармальнае, настрой - таксама», - адзначыў Бяляцкі.

Па словах праваабаронца, ён наладжваецца на тое, што яго будуць трымаць у следчым ізалятары да суду. «Жыццё для мяне тут спынілася, калі параўнаць з апошнім годам, але ў гэтым таксама ёсць свой пазітыўны сэнс, таму што ёсць час шмат думаць. Але я сябе не накручваю, нічога звыш не планую, усведамляючы, што многае цяпер у маім жыцці залежыць не ад мяне асабіста, а ад знешніх фактараў. Адным словам, я плыву па рацэ лёсу і рыхтую сябе да любога развіцця падзей», - адзначае Бяляцкі.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Менску ўвечары 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненні да затрыманага абралі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 12 жніўня праваабаронцу прад'явілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры) і працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Вызвалення праваабаронца запатрабавалі кіраўніцтва Еўразвяза, ЗША і іншых дзяржаваў, праваабарончыя структуры, вядомыя грамадскія дзеячы і палітыкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках