16 лiстапада 2024, Субота, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Брэсце затрыманы дэмактывіст Зміцер Шурхай

12
У Брэсце затрыманы дэмактывіст Зміцер Шурхай

У Брэсце 14 верасня дастаўлены ў міліцыю каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) па Брэсцкай вобласці Зміцер Шурхай.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, каля 14.00 актывіста затрымалі на вуліцы Брэсцкіх дывізій, калі той выходзіў з дому сваіх знаёмых.

Па ягоных словах, два супрацоўнікі міліцыі даставілі актывіста ў Ленінскі РАУС Брэста, дзе яму паведамілі, што ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС ён будзе адбываць 10 сутак адміністрацыйнага арышту, да якога яго прысудзіў суд Горацкага раёна.

Праваабаронца нагадаў, што Шурхая разам з іншымі актывістамі дэмакратычных сіл затрымалі 2 жніўня ў горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, абвінавачаны ў збіцці двух менчукоў.

Актывісты патрабавалі ад адміністрацыі калоніі дазволу на сустрэчу Дашкевіча з адвакатам. Яны сталі каля папраўчай ўстановы з расцяжкай «Спыніце пераслед!». Праз некаторы час да іх падбеглі супрацоўнікі міліцыі і калоніі, адабралі расцяжку і пасля затрымалі.

У дачыненні да затрыманых былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве па арт. 23.34 КаАП.

«Матэрыялы адміністрацыйнай справы Шурхая павінныя былі разглядацца ў судзе ў Горках 8 жніўня, - адзначыў Кісляк. - Пасля пісьмовай заявы актывіста аб тым, што ён не можа з'явіцца ў суд з-за адсутнасці сродкаў на дарогу, справа была адкладзеная. Пра тое, што суд адбыўся без ягонай прысутнасці, Шурхай даведаўся 12 верасня, калі атрымаў па пошце копію судовай пастановы».

З яе вынікала, што 25 жніўня суд Горацкага раёна разгледзеў матэрыялы адміністрацыйнай справы Шурхая і прызнаў яго вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП і прызначыў пакаранне ў выглядзе 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Шурхай мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў Магілёўскім абласным судзе. Актывіст лічыць, што рэалізаваў сваё права на тэрміновы пратэст, які з'яўляецца неад'емнай часткай права на свабоднае выказванне свайго меркавання, гарантаванага міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў сферы грамадзянскіх правоў і свабод», - заявіў праваабаронца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках