15 лiстапада 2024, Пятніца, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскія адвакаты: Арышт Саннікава парушае міжнароднае права

80
Амерыканскія адвакаты: Арышт Саннікава парушае міжнароднае права

Юрысты заклікаюць ААН запатрабаваць неадкладнага вызвалення кандыдата ў прэзідэнты.

Міжнародная група юрыдычных паслугаў, якая складаецца з арганізацыі «Freedom Now» (ЗША) і юрыстаў міжнароднай юрыдычнай кампаніі «Hogan Lovells», накіравала зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях ад імя зняволенага беларускага апазіцыйнага лідэра Андрэя Саннікава. Юрысты маюць намер дамагчыся, каб Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях прызнала, што арышт Саннікава беларускімі ўладамі парушае Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

«Зняволенне Саннікава з'яўляецца парушэннем міжнароднага заканадаўства, бо ён быў затрыманы на падставе сваёй законнай дзейнасці як лідэра апазіцыі, а таксама, таму што ўлады не змаглі выканаць асноўныя міжнародныя нормы адпраўлення правасуддзя», - заявіў выканаўчы дырэктар «Freedom Now» Маран Тэрнер. - «Улады Беларусі павінныя вызваліць Саннікава неадкладна і безумоўна. Мы ўпэўненыя, што Працоўная група ААН прыйдзе да такой жа высновы».

Саннікаў быў затрыманы беларускімі ўладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, у якіх ён удзельнічаў як кандыдат. Увечары 19-га снежня 2010 года, пасля завяршэння чарговых выбараў, якія не адпавядалі міжнародным стандартам, Саннікаў прыняў удзел у шматтысячнай мірнай дэманстрацыі ў цэнтры Менска. Ён звярнуўся да дэманстрантаў, заклікаючы захоўваць мірны характар ​​акцыі незадаволенасці урадам Аляксандра Лукашэнкі. Падчас разгону міліцыянты збілі Саннікава і пашкодзілі яму ногі. Жонка палітыка, журналістка Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, правяла некалькі месяцаў пад строгім хатнім арыштам і была прысуджаная да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 2 гады.

Саннікаў падвяргаўся эмацыйнаму і псіхалагічнаму ціску да суда. Ягоны першы адвакат быў пазбаўлены ліцэнзіі пасля ўзняцця пытання аб абыходжанні з палітыкам і прымяненні ў дачыненні да яго катаванняў. 12 мая 2011 года падчас судовага працэсу, які не адпавядаў міжнародным прававым нормам, Саннікаў быў прысуджаны да пяці гадоў зняволення паводле абвінавачаньня ў арганізацыі і ўдзеле ў «масавых беспарадках».

«Freedom Now» прадстаўляе Андрэя Саннікава групай юрыстаў з Вашынгтонскага і Х'юстанскага офісаў міжнароднай юрыдычнай фірмы «Hogan Lovells». Адзначым, што адвакаты займаюцца абаронай кандыдата ў прэзідэнты на бязвыплатнай аснове.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках