16 лiстапада 2024, Субота, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У снежні Беларусь чакаюць асабліва жорсткія газавыя перамовы

86
У снежні Беларусь чакаюць асабліва жорсткія газавыя перамовы

Абяцанае некалі «права першай ночы», якое Лукашэнка даў Уладзіміру Пуціну, адмяняецца.

На днях у ходзе візіту ў Менск спікера кітайскага парламента сп. У Банго Беларусь атрымала крэдыт на $ 1 млрд. І гэта не адзіны крэдыт з боку КНР і ейных кампаній. Вядома, гэта ў асноўным «звязаныя» грошы, але збольшага Беларусь зможа выкарыстоўваць іх для падтрымання сацыяльнай сферы і макраэканамічнай стабільнасці, піша ІА «Росбалт».

Умовы, на якіх Кітай дае крэдыты беларусам, мяркуюць ўдзел кітайскіх кампаній у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Прычым - тых жа, што цікавыя расейцам. Гэта, у прыватнасці, «Беларуськалій», пра што таксама было абвешчана падчас візіту У Банго.

Больш дробныя праекты, быццам бы, не робяць надвор'я, але ў суме гаворка таксама ідзе аб немалых грошах. Менск пагадзіўся на пабудову ў адным са сваіх раёнаў сапраўднага чайна-Таўн. Экспартна-імпартны банк Кітая дасць грошы на будаўніцтва ў Беларусі завода па вытворчасці кальцынаванай соды магутнасцю 300 тыс. тон. Вытворчасць будзе разгорнутая ў Гомельскай вобласці. Ацэначны кошт праекта - $ 800 млн. Будаўніцтва гасцініцы «Пекін» у цэнтры Менска ўрачыста стартавала пры ўдзеле прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Пяцізоркавы комплекс кітайцы пабудуюць ўжо да 2014 года. Лукашэнка вызваліў сваім указам інвестара ад абкладання падаткам на дададзеную вартасць. Урад Беларусі прадаставіў гарантыю Дзяржаўнаму банку развіцця Кітая па крэдыце на $ 189 млн, які выдаецца для будаўніцтва Віцебскай ГЭС.

Расейцы самі вінаватыя, кажуць не пад запіс чыноўнікі ў Менску. МТС жа ні ў якую не хацеў купляць 51%, які належыць належыць дзяржаве, у сваёй беларускай «дачцэ» за $ 1 млрд - і мясцовы ўрад выставіў яго на таргі. Структуры Сулеймана Кярымава ніяк не вырашаліся набыць пакет акцый «Беларуськалія», зыходзячы з ягонай ацэнкі ў $ 30 млрд. КамАЗ відавочна не спяшаецца паглынаць МАЗ. І нават размовы аб хуткім восеньскім продажы расейцам другой паловы «Белтрансгазу» за $ 2,5 млрд неяк сціхлі. Расейцы ў Беларусі ў гэтым годзе куплялі толькі маленькія прадпрыемства за пару мільёнаў даляраў, кшталту Баранавіцкай трыкатажнай фабрыкі.

Нежаданне фарсіраваць падзеі з расейскага боку зразумелае: чым даўжэй у Беларусі будзе крызіс, тым ніжэйшымі будуць кошты на актывы і больш нервовым - становішча. Працоўныя МАЗа і Светлагорскага завода ўжо абвяшчалі страйк. Пратэстныя настроі ў грамадстве, здаецца, растуць. Сеткавая апазіцыя абвяшчае аб новай хвалі «тэставых» флэшмобаў.

Зразумела, што ў такіх умовах ўлада, па ідэі, павінная быць больш згаворлівай. Але толькі не Лукашэнка. Кітай - не адзіны бок, куды глядзіць Беларусь. Лукашэнка зноў спрабуе памірыцца з Захадам. Нядаўна ў ягоную падтрымку выказалася прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, якая абвінаваціла беларускіх апазіцыянераў у нежаданні клапаціцца пра будучыню сваёй краіны. Галоўная прэтэнзія еўрапейскага палітыка: апазіцыя пайшла на перамовы з Крамлём, спадзявалася на ягоную дапамогу, чым і расчаравала Еўропу.

Раней Даля ўжо выступала адвакатам Лукашэнкі, публічна пераконваючы функцыянераў ЕЗ у ягонай безальтэрнатыўнасці. Зрэшты, прымаць ейнае заступніцтва за чыстую манету таксама не варта: усё гэта было перад выбарамі.

Аднак цяпер Лукашэнку ўсё адзінае, і ён спрабуе вярнуць Грыбаўскайтэ ў адвакаты. Бо калі ўдзел у прыватызацыі беларускіх актываў будуць прымаць і еўрапейцы, іхні кошт можа сур'ёзна падняцца.

Трэба сказаць, Літва ахвотна ўкладае грошы ў беларускую эканоміку: напрыклад, будуе ў суседзяў гіпермаркеты, гандлёвыя сеткі. На днях беларуская нафтавая кампанія і літоўскі тэрмінал Klaipedos Nafta заключылі дамову аб супрацоўніцтве. Праз апошні беларусы будуць адгружаць 2,5 млн тон мазуту. На фоне аб'ёмаў і сум, якімі аперуюць расейцы і кітайцы, гэта дробязь. Але для дзвюх невялікіх дзяржаваў угода вельмі сур'ёзная.

У бок Захаду Лукашэнка на гэтым тыдні зрабіў яшчэ адзін хітры рэверанс. «Вы не верце таму, што кажуць і пішуць. Што мы з некім будзем гандляваць так званымі палітвязнямі. Мы ні з кім не гандлюем. Калі мы можам зрабіць нешта для палягчэння іхняй долі, у тым ліку ў інтарэсах Еўразвяза, то мы гэта зробім, мы зробім гэта шчыра», - заявіў Лукашэнка ў размове з кіраўніцай прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Майрай Мора. Гэта значыць, гандляваць мы не будзем, але калі прапануеце нешта істотнае - чаму не?

Лукашэнка выказаў надзею, што новы дыпламат дапаможа «забяспечыць перазагрузку» адносінаў з ЕЗ «на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі». Ён падкрэсліў, што Еўразвяз з'яўляецца «адным з ключавых партнёраў у гандлёва-эканамічнай і крэдытна-інвестыцыйнай сферах, важнай крыніцай паступлення перадавых тэхналогій».

І тут жа: «Мы разам забяспечваем надзейную абарону еўрапейскага рэгіёну ад асноўных выклікаў і пагрозаў сучаснасці, разам змагаемся з трансгмежавай злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі, зброяй і наркотыкамі». Прыкладна тое ж самае Лукашэнка кажа і расейцам.

Ад Еўропы дыктатару патрэбныя не толькі інвестыцыі, але і крэдыты. Хоць яшчэ зусім нядаўна ён казаў пра тое, што эканоміка ягонай краіны здольная адолець цяжкасцісправіцца з цяжкасцямі «і без старонняй дапамогі», ад перамоваў з МВФ адносна новага крэдыту ніхто не адмаўляўся. Больш за тое, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч не стаў хаваць, што Беларусь збіраецца прасіць у Захаду рэкордна шмат - $ 8 млрд. «Мы ідзем у межах узятых на сябе абавязальніцтваў. Таму калі не будзе палітызавана з таго боку, то мы маем права разлічваць на праграму», - заявіў ён.

І гэта яшчэ не ўсё. Афіцыйны Менск наважыўся нават на нармалізацыю стасункаў з Вашынгтонам. Група «ўязных» беларускіх паедзе ў сталіцу Злучаных Штатаў на перамовы.

Скончыцца камандзіроўка 25 верасня. У гэтыя дні ў Вашынгтоне адбудзецца штогадовы сход кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка. Беларускі бок будзе дамагацца, у тым ліку, і адмены эканамічных санкцый у дачыненні да прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» і кампаніі «Белтэхэкспарт», якія вельмі важныя для Лукашэнкі і набліжаных да яго людзей.

Намеры ў бок Захаду і Кітая, зразумела, не могуць не злаваць Крэмль. Таму, мяркуючы па ўсім, у снежні Беларусь чакаюць асабліва жорсткія перамовы па пытаннях перагляду коштаў на газ. Бо Пуцін таксама абяцаў зніжку. Ці давядзецца абяцанага Менску чакаць тры гады, як загадвае прыказка, невядома. Але пакуль усё паказвае менавіта на гэта.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках