16 лiстапада 2024, Субота, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У сітуацыі крызісу Еўрасаюз мае рычагі ўплыву на Беларусь

1
У сітуацыі крызісу Еўрасаюз мае рычагі ўплыву на Беларусь

Валянцін Стэфановіч другі месяц знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

Літва перадала афіцыйнаму Мінску звесткі пра яго рахункі, як і рахункі Алеся Бяляцкага. Аднак ужо 29-га верасня праваабаронца вяртаецца дамоў, каб праз суд давесці сваю правату.

За апошні месяц праваабаронца прыняў удзел у шэрагу мерапрыемстваў высокага ўзроўню ў Еўропе, а 26 верасня будзе на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве, паведамляе «Радыё Рацыя».

– У Варшаве пройдзе штогадовая канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Яна дае магчымасць удзелу прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый у працы АБСЕ. Я там таксама буду прымаць удзел сумесна з Міжнароднай Федэрацыяй правоў чалавека. Пройдзе шэраг імпрэзаў, у тым ліку і на тэму Беларусі – па свабодзе асацыяцый, смяротнаму пакаранню і іншыя. Таксама планую выступіць на пленарным паседжанні. Шэраг акцый запланаваны ў падтрымку нашых палітвязняў, Алеся Бяляцкага, думаю, што адбудуцца публічныя пікеты.

РР: У Варшаве гэты тыдзень вельмі насычаны. Там пройдзе Саміт “Усходняга Партнёрства”. Еўропа пакінула акенца для дыялогу з беларускім рэжымам, прынамсі пра гэта сведчыць запрашэнне міністра Сяргея Мартынава на Саміт...

– Еўрасаюз спрабуе нейкім чынам уплываць на сітуацыю ў Беларусі. І гэта асабліва важна з улікам таго, што ў Беларусі зараз эканамічны крызіс. Мне здаецца, што ЕС мае механізмы ўплыву. Вельмі важна Еўрасаюзу таксама разумець, што неабходна рабіць канкрэтныя крокі, патрабаваць ад беларускіх уладаў сістэмных зменаў. Вызваленне палітвязняў – гэта добра, але гэта нас вяртае абсалютна назад, у 2008 год, калі палітвязні таксама вызваляліся. Але сістэмных зменаў мы ніякіх не дачакаліся, акрамя рэгістрацыі Руху “За Свабоду” Мілінкевіча і вяртання дзвюх незалежных газет у сістэму распаўсюду. Таму ёсць шэраг накірункаў, па якіх трэба размаўляць і па якіх трэба патрабаваць канкрэтных зрухаў, найперш у галіне заканадаўства. Гэта і адмена артыкула 193, які вісіць як сякера над усім трэцім сектарам, і змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, змены ў Выбарчым заканадаўстве... Ёсць вялікае поле для таго, каб размаўляць.

РР: Сапраўды, часам складваецца такое ўражанне, што як толькі ўсе палітвязні выйдуць на волю, то абсалютна адновіцца дыялог з афіцыйным Мінскам. Пэўная небяспека ў гэтым ёсць...

– Ёсць небяспека таго, што Мінск атрымае свой кавалак перніка за вызваленне палітвязняў. А я мяркую, што абяцана нешта было Лукашэнку за вызваленне палітвязняў, іначай іх бы не вызвалялі. Адзінае, на што рэагуе Лукашэнка – гэта грошы. Таму ёсць такая небяспека, што на гэтым усё і спыніцца, але ўлічваючы складаную эканамічную сітуацыю ў Беларусі, ЕС можа зараз уплываць і мае рычагі такога ўплыву.

РР: На ўзроўні еўрапейскай супольнасці беларускае пытанне пастаянна гучыць. Ваш удзел у шэрагу мерапрыемстваў апошнім часам гэта падцверджае. На адным з гэтых мерапрыемстваў, у Жэневе, беларускі бок агучыў сваю версію падзей 19 снежня 2010 года...

– Гэта прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе. У Радзе па правах чалавека ААН быў прадстаўлены даклад найвышэйшага камісара па правах чалавека. Перад гэтым была прынятая рэзалюцыя. І як заўсёды ў ААН назіралася карціна, калі “сябры” краіны, у дадзеным выпадку Беларусі, яе баранілі. Гэта была Куба, Паўночна Карэя, Туркменістан, Узбекістан, Зімбабве, Іран. Канешне, і Расія вельмі рэзка выступіла, маўляў, што гэта палітызацыя Рады па правах чалавека ААН, што гэта падвойныя стандарты і ўмяшальніцтва Еўрасаюза ва ўнутраныя справы Беларусі. Трэба сказаць, што краіны ЕС выступалі адзінай сілай, яны ўсе патрабавалі вызвалення палітвязняў, Алеся Бяляцкага, адмены смяротнага пакарання і т.д. Афіцыйную Беларусь прадстаўляў пасол краіны ў міжнародных арганізацыях спадар Хвастоў. Ён агучыў, што 19 снежня супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі абсалютна ў межах сваіх паўнамоцтваў, што дэманстрацыя не была мірнай, была скіравана на захоп урадавых будынкаў. У адрозненні ад краінаў ЕС, міліцыя не выкарыстоўвала ні гумовыя кулі, ні газ, ні вадамёты, дзейнічала амаль “гуманна”. Я і многія іншыя праваабаронцы, зразумела, не згодныя з гэтым. Дэманстрацыя была мірнай, ніякіх масавых беспарадкаў не было. Мы ўжо неаднойчы тлумачылі свой пункт гледжання па гэтым пытанні. Тым не меньш, улады, скарыстаўшы гэтую нагоду, разагналі абсалютна мірную дэманстрацыю. Акрамя таго, потым улады скарысталі гэта для развязання масавых рэпрэсій у Беларусі, якія закранулі значна большае кола, чым удзельнікі дэманстрацыі.

РР: Ці можам закрануць пытанне вашага вяртання ў Беларусь?

– Можам закрануць, тут ніякіх зменаў у маіх планах няма – 29 верасня я вяртаюся ў Мінск з Варшавы.

РР: На якім этапе знаходзіцца вашая справа ў Беларусі? Вы цяпер павінны грошы нібыта беларускай дзяржаве...

– Зараз распачатая працэдура ў межах грамадзянскага працэсу. Была спроба спагнаць з мяне грошы без суда. Я напісаў пярэчанні, і цяпер падатковая інспекцыя павінна накіраваць іск у суд і разглядаць справу ў парадку іскавой вытворчасці, гэта значыць у адкрытым грамадзянскім працэсе – гэта тое, чаго я ўвесь час і хацеў, каб максімальна публічна правесьці судовы працэс. На ім я прадстаўлю доказы таго, што грошы не з’яўляліся маім асабістым даходам, не пералічаліся мне ў якасці асабістага даходу, а накіроўваліся на праваабарончую дзейнасць маёй арганізацыі, у тым ліку для перадачы гэтых грошай трэцім асобам. Таму я вяртаюся і буду судзіцца далей. Пакуль што пра ніякую аплату гаворка не ідзе, па-першае я не збіраюся прызнаваць сябе вінаватым, у мяне і грошай такіх няма...

РР: Пра якую суму грошай ідзе гаворка?

– Гаворка ідзе пра 38 мільёнаў рублёў плюс два мільёны дзяржаўнай пошліны. Я зараз у Беларусь не вяртаўся, бо паводле працэдураў, мне маглі абмежаваць права на выезд з краіны, можа ўжо і абмежавалі. Я не хацеў сарваць вельмі важныя паездкі ў Бруселі, Стасбургу, Жэневе. Але калі ўсе гэтыя паездкі завершу, то паеду дахаты.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках