29 снежня 2024, Нядзеля, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп: Саннікава і Дашкевіча могуць забіць у турме (Відэа)

134
Ірына Халіп: Саннікава і Дашкевіча могуць забіць у турме (Відэа)

Жыццё палітычных зняволеных, якія засталіся ў беларускіх турмах, у небяспецы.

Пра занепакоенасць здароўем і жыццём Андрэя Саннікава і Зміцера Дашкевіча сёння заявілі жонка кандыдата ў прэзідэнты Ірына Халіп і праваабаронца Алена Танкачова. На адрас абодвух палітвязняў у часе турэмных этапаў гучалі пагрозы забіць ці пакалечыць, паведамляе «Радыё Свабода».

Ірына Халіп размаўляла з адвакатамі Андрэя Саннікава адразу пасля таго, як тыя ў панядзелак і аўторак сустракаліся з ейеым мужам у Магілёўскім СІЗА:

«Сітуацыя такая, што я магу сказаць зусім дакладна - ягонаму жыццю пагражае сур'ёзная небяспека. Таксама сур'ёзная небяспека пагражае жыццю лідэра «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча. Самая апошняя інфармацыя, якую ўчора атрымала адвакатка Андрэя, якая наведвала яго ў СІЗА горада Магілёва, - гэта ягоны мэсэдж: «Ратуйце Дашкевіча любымі шляхамі, аж да напісання прашэнняў аб памілаванні усім беларускім народам. Інакш ён не выжыве», - распавяла журналістка.

У час турэмнага этапу, які пачаўся 20 верасня і доўжыцца да гэтага часу, Андрэй Саннікаў трапіў у Віцебскім цэнтрале ў адну камеру з Дашкевічам. Іншы вязень гэтай камеры, Давыдовіч, заявіў Дашкевічу, што ў таго будуць вялікія праблемы ў Глыбоцкай турме, і што яго, хутчэй за ўсё, заб'юць.

«Адна-адзіная добрая навіна ў тым, што Дашкевіч ўсё жа спыніў галадоўку. Мой муж Андрэй сказаў, што Дашкевіч у жудасным стане, вельмі худы, у яго не было ежы, бо ён быў пазбаўлены перадач у горацкай калоніі», - распавяла Ірына Халіп.

Як распавяла Ірына Халіп, аналагічныя пагрозы пазней прагучалі і на адрас самога Андрэя Саннікава. Гэта здарылася пазней, ужо ў Магілёўскім СІЗА. Там у камеру да Саннікава завялі зняволенага Грыгор'ева, і той распавёў, што падчас этапу да яго падыходзілі двое ў цывільным і папярэджвалі: трэба быць асцярожным у адной камеры з Саннікавым, бо таго могуць «забіць ці сур'ёзна пакалечыць». Іншыя зняволеныя ў камеры падтрымалі Грыгор'ева, кажа Халіп:

«Яны пачалі казаць: так, Андрэй Алегавіч, да Бабруйска вы не даедзеце. Мы вас забіваць не збіраемся, але, самі разумееце, правакацыі могуць быць розныя. Вас могуць перавесці ў іншую камэру, дзе вас могуць моцна біць, а могуць і забіць зусім. Хіба цяжка патлумачыць: зэкі пазабівалі адзін аднаго. Здараецца...».

Пасля гэтага Саннікаў двое сутак не спаў, асцерагаўся нападу ў сне. Ён запісаўся на прыём у адміністрацыю, але безвынікова. Тым часам ад самой Ірыны Халіп цэлы тыдзень у Дэпартаменце выканання пакаранняў хавалі інфармацыю аб месцы знаходжання мужа. У панядзелак, нарэшце, прызналіся, што ён у Магілёве, і да яго тэрмінова паехала адвакатка, якіая напісала заяву адміністрацыі СІЗА, што ёсць пагроза жыццю і здароўю Саннікава. Тады Андрэя перавялі ў адзіночную камеру. Ірына Халіп у сувязі з усім гэтым наўпрост звярнулася да кіраўніцтва турэмнай сістэмы Беларусі:

«Я звяртаюся да іх: грамадзяне начальнікі, не рабіце злачынстваў, не бярыце на сябе забойства, цяжкія цялесныя пашкоджанні, спыніце гэтае бязмежжа. Адказваць у рэшце рэшт давядзецца вам, «гэб’ё» адмажацца, як заўсёды. Апамятайцеся і спыніце прэсінг майго мужа, вярніце яго туды, дзе ён адбывае пакаранне».

Да гэтага часу невядома, калі ж Саннікава давязуць да бабруйскай турмы. Зараз гэтаму нібыта замінае рамонт дарогі. Ірына Халіп адзначае, што ў Саннікава пры гэтым не патрабуюць пісаць прашэнне аб памілаванні, як гэта рабілі з іншымі палітвязнямі. Разважаючы аб матывах такога ціску на ейнага мужа, Ірына лічыць, што Андрэя, магчыма, хочуць запрэсаваць так, каб ён сам пайшоў на напісанне такога прашэння, альбо хочуць знішчыць яго як асобу, каб ён у прынцыпе адмовіўся ад палітыкі.

Ірына Халіп перакананая, што ўлады, вызваліўшы пад ціскам Захаду шэраг палітвязняў, пачалі нейкую незразумелую шматхадовую гульню з тымі, хто застаўся ў турмах, у тым ліку з кандыдатамі ў прэзідэнты Саннікавым, Усам, Статкевічам. Ад апошняга ўжо два тыдні няма ніякіх звестак. Сітуацыя крытычная, перакананая Ірына Халіп.

З ёй пагаджаецца праваабаронца Алена Танкачова:

«Мы разумеем, што цяпер адбываецца нешта ў дачыненні да гэтай групы людзей, але мы не разумеем, што. Магчыма, гэта апошняя спроба зламаць іх псіхалагічна, а магчыма, і праз фізічны ціск. Мы не ведаем, што адбываецца, але мы канстатуем, што ўзрос ціск, які выклікае нашую каласальную заклапочанасць».

Напісаць каментар 134

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках