16 лiстапада 2024, Субота, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гайсёнка нават не пакормяць на саміце Усходняга партнёрства

176
Гайсёнка нават не пакормяць на саміце Усходняга партнёрства

Амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак не атрымаў запрашэння для ўдзелу ва ўрачыстай вячэры на саміце Усходняга партнёрства 29 верасня ў Варшаве.

Пра гэта паведаміў 29 верасня ў Варшаве групе журналістаў з Беларусі, Малдовы, Расеі і Украіны міністр па еўрапейскіх справах Польшчы Мікалай Даўгялевіч.

«Беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у пленарнай сесіі саміту Усходняга партнёрства 30 верасня», - сказаў польскі міністр, звярнуўшы ўвагу, што вячэра арганізуецца для кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў.

Калі Беларусь захоча перагледзець свой удзел у саміце наогул, то гэта будзе ейным рашэннем, адзначыў Даўгялевіч.

У той жа час, на думку польскага міністра, прысутнасць беларускай дэлегацыі на саміце дазволіць данесці да ўладаў Беларусі інфармацыю аб тым, што Беларусь можа страціць і што атрымаць у выпадку паўнавартаснага ўдзелу ў праграме «Усходняга партнёрства», паведамляе TUT.by.

У МЗС Беларусі інфармацыю з Варшавы каментуюць стрымана. «Мы пакуль не маем пацверджанай інфармацыі па сітуацыі ў Варшаве. Але калі высветліцца, што вячэра з'яўляецца неад'емным элементам праграмы саміту, дзе прадугледжваецца абмен думкамі на ўзроўні кіраўнікоў дэлегацый дзяржаў-удзельніц, то такое рашэнне будзе абмяжоўваць правы беларускай дэлегацыі», - пракаментаваў сітуацыю начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Ён адзначыў, што інфармацыя будзе ўважлівым чынам ацэненая, і рэакцыя беларускага боку рушыць услед неадкладна.

Нагадаем, што па рашэнні беларускага боку, нашу краіну на саміце павінная прадстаўляць дэлегацыя на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Беларусі ў Польшчы Віктарам Гайсёнкам. Між тым запрашэнне для ўдзелу ў саміце атрымаў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.

28 верасня Польскае агенцтва друку паведаміла, што фармат удзелу беларускай дэлегацыі ў саміце можа быць перагледжаны. У адказ на гэта беларускі МЗС заявіў, што ў выпадку якіх-небудзь абмежаванняў Беларусь можа адмовіцца ад удзелу ў саміце ўвогуле.

Напісаць каментар 176

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках