16 лiстапада 2024, Субота, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БХД: Рашэнне Мінюста аб прыпыненні рэгістрацыі партыі - незаконнае

3
БХД: Рашэнне Мінюста аб прыпыненні рэгістрацыі партыі - незаконнае

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) лічыць незаконным рашэнне Міністэрства юстыцыі аб прыпыненні працэсу рэгістрацыі партыі.

Аб гэтым заявіў 13 студзеня на прэс-канферэнцыі адказны сакратар па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі, перадае БелаПАН.

Па ягоных словах, рэгістрацыя прыпыненая па прычыне таго, што лістом ад 22 снежня Мінюст да 5 студзеня прапанаваў даць аргкамітэту БХД дадатковыя дакументы для рэгістрацыі партыі. «Аднак у вызначаны тэрмін паказаны запыт рэгіструючага органа не задаволены. Гэта не дазваляе Мінюсту пераканацца, што партыя «БХД» створаная ва ўсталяваным парадку, а таксама, што дакументы адносна юрыдычнага адрасу партыі з'яўляюцца сапраўднымі», - сказаў Садоўскі. На гэтай падставе Мінюст прыпыніў працэс рэгістрацыі партыі.

Аднак, як адзначыў Садоўскі, патрабаванні Мінюста не маюць пад сабой ніякай законнай падставы. «Для рэгістрацыі партыі існуе пералік дакументаў, які жорстка рэгламентаваны, і ўсе дакументы былі прадастаўленыя ў Мінюст 20 снежня 2011 год, але Мінюст запатрабаваў чатыры дакументы, якія ніяк не рэгламентаваныя заканадаўствам, і падаваць іх мы абавязаныя не былі. Некаторыя з іх наогул абсурдныя. Мінюст запатрабаваў ад нас дакумент, які пацвярджае, што ўласнік памяшкання, які гатовы даць нам юрыдычны адрас, мае права гэты адрас прадастаўляць і здаваць у арэнду памяшкання. Выбачайце, гэта пытанне не да нас, а да суб'екта гаспадарання»,, - сказаў Садоўскі.

Тым не менш, працягнуў ён, БХД падала гэтыя дакументы Мінюсту. Садоўскі прадэманстраваў журналістам чэк аб прыняцці заказнога ліста ў адрас Мінюста, які, па ягоных словах, сведчыць, што 5 студзеня дакументы былі высланыя. «Такім чынам, мы выканалі нават тыя патрабаванні Мінюста, якія не прадугледжаныя законам», - адзначыў Садоўскі.

«6 студзеня Мінюст робіць выгляд, што гэтыя дакументы мы не далі, і выносіць рашэнне аб прыпыненні рэгістрацыі партыі. Афіцыйны ліст аб гэтым нам прыходзіць ўвечары 11 студзеня. Ужо 12 студзеня мы накіравалі афіцыйны пратэст у Мінюст на такое рашэнне», - сказаў Садоўскі.

Па ягоных словах, калі Мінюст не зменіць свайго рашэння, аргкамітэт БХД будзе звяртацца ў суд з пазовам на Міністэрства юстыцыі і ў міжнародныя інстанцыі.

Устаноўчы з'езд партыі прайшоў 17 снежня 2011 года ў Менску. Сустаршынямі абраныя Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. Дакументы на рэгістрацыю партыі былі пададзеныя 20 снежня.

Гэта ўжо чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі. Першая была прадпрынятая ў 2009 годзе, яшчэ дзве - у 2010-м. Ва ўсіх выпадках Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі арганізацыі, спробы абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе поспеху не мелі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках