15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп: Задача Лукашэнкі - не выпусціць Саннікава з турмы жывым

443
Ірына Халіп: Задача Лукашэнкі - не выпусціць Саннікава з турмы жывым

Жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава правяла 25 студзеня экстраную прэс-канферэнцыю.

Прыводзім поўны тэкст заявы Ірыны Халіп:

«Пасля трох месяцаў поўнай ізаляцыі я змагла ўбачыць мужа ў турме. У пятніцу, праўда, яго бачыў адвакат, але і адвакат, і Андрэй Саннікаў былі папярэджаныя адміністрацыяй калоніі, што, калі іхняя размова выйдзе за межы крымінальнай справы і наглядных скаргаў, то сустрэча будзе перапыненая і больш адвакаты не атрымаюць да яго доступу. Іх папярэдзілі, што сустрэча адваката і падабароннага будзе праходзіць пад аўдыё- і відэазапіс і пад наглядам прадстаўніка адміністрацыі. Менавіта таму адвакат потым рапартавала, што Андрэй нібыта «выглядае нядрэнна і скаргаў на здароўе не мае». Гэта таксама было умовай.

Калі ж я ўчора ўбачыла Андрэя, мяне ўразіла, наколькі зморана ён выглядае. Гэта чалавек, які за тры месяцы прайшоў мінімум 10 гадоў сталінскіх лагераў.

Ягоная маці, якая таксама была на спатканні, усе чатыры гадзіны зваротнага шляху з калоніі плакала. Таму што першымі словамі сына былі словы «Я не спадзяваўся, што яшчэ калі-небудзь цябе ўбачу».

Андрэй не мог мне нічога сказаць канкрэтна. Было бачна, што яму гэта забаронена.

«Маё зняволенне скончылася ў верасні. Далей пачаліся катаванні», - толькі і сказаў Андрэй.

Нагадаю, што ў верасні яго перакінулі з Наваполацкай калоніі спачатку ў Віцебскую турму, потым у Магілёўскую турму, потым у Бабруйскую калонію, потым зноў у Магілёўскую турму і, нарэшце, у калонію «Віцьба-3».

Увесь гэты час Бог ведае, што з ім адбывалася. Але відавочна, што ён падвяргаўся катаванням.

Андрэй даў мне зразумець, што яшчэ ў Магілёўскай турме, куды яго прывезлі 16 лістапада, яму пагражалі забойствам мяне і нашага чатырохгадовага сына. Калі гэтым яшчэ ў турме КДБ не грэбаваў сам спадар Зайцаў, то ці варта дзівіцца, што падначаленыя выкарыстоўвалі ягоныя метады.

Андрэй разумее, у якім цяжкім становішчы я знаходжуся. Улічваючы каменданцкую гадзіну па прысудзе суду, я абавязаная адчыняць дзверы позна ўвечары, калі яны грукаюць са словамі «Адчыніце, міліцыя!». Так да мяне можа прыйсці хто заўгодна, і я не змагу не адчыніць дзверы.

Андрэй гатовы памерці сам, але не дазволіць прычыніць шкоду нам з Данікам. Такім чынам яшчэ 20 лістапада з яго выбілі прашэнне на імя Лукашэнкі.

А цяпер давайце задамося пытаннем, чаму ж Лукашэнка, атрымаўшы гэтак жаданую паперку, не размахваў ёю на прэс-канферэнцыі ў снежні, калі казаў, што палітвязні не хочуць пісаць просьбы і таму сядзяць. Яны не хочуць пісаць, але з іх выбіваюць гэтыя просьбы пад катаваннямі і пагрозамі. Тым больш, што, у адрозненне ад усіх астатніх, у Андрэя маленькае дзіця і жонка, асуджаная з адтэрміноўкай.

Відавочна, што Лукашэнку зусім не былі патрэбныя прашэнні аб памілаванні. Гэта «адмазка» для журналістаў, якія яму задаюць пытанні. У яго іншая задача. Ягоная задача - не выпусціць палітвязняў жывымі. Калі б Лукашэнку патрэбныя былі паперкі з іхнімі подпісамі, няўжо ён бы не скарыстаўся паперкай з подпісам ягонага самага моцнага суперніка? Няўжо ён прамаўчаў бы аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў канцы снежня?

Але ён прамаўчаў. І гэта лішні раз даказвае, што ягоная сапраўдная задача - фізічнае знішчэнне сваіх супернікаў. З гэтай жа мэтай у магілёўскую турму, далей ад магчымых сведак, адправілі і Мікалая Статкевіча. Таму і не адпускаюць хворага Зміцера Бандарэнку.

На развітанне Андрэй прыклаў да шкла паперку, дзе было напісана: «Гаворка ідзе аб выратаванні жыцця. У любы момант мяне могуць забіць».

Фота: «Наша Ніва»

Напісаць каментар 443

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках