15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крыніца ў калоніі «Віцьба-3»: Саннікаву ствараюць невыносныя ўмовы

115
Крыніца ў калоніі «Віцьба-3»: Саннікаву ствараюць невыносныя ўмовы

Нават пасля выхаду з ПКТ палітвязня працягваюць трымаць у поўнай ізаляцыі.

Аб становішчы, у якім зараз знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, сайту charter97.org паведаміла крыніца ў калоніі «Віцьба-3», дзе ў цяперашні час утрымліваецца палітвязень.

«Андрэя Саннікава перавялі з ПКТ (памяшкання камернага тыпу) у атрад у пачатку студзеня. Ён выглядаў вельмі змучаным. Па распараджэнні адміністрацыі, да яго адразу ж сталі ўжывацца «зонаўскія» законы, якія існуюць з 20-30-х гадоў (іх прытрымліваюцца нават у калоніях для «першаходак», хоць і не так жорстка, як у тых, дзе сядзяць не першы тэрмін ), і начальства турмаў і зонаў іх падтрымлівае, каб пры дапамозе адных «зэкаў» кіраваць іншымі. Падрабязнасці распавядаць не буду, але тут было зроблена ўсё для таго, каб пры дапамозе «зэкаў» стварыць для Саннікава невыносныя ўмовы. Але зняволеныя, якія з вельмі вялікай павагай ставяцца да Саннікава, і якія былі вельмі абураныя брудным сюжэтам пра яго па ТБ, сталі яго падтрымліваць. У выніку некалькіх зняволеных, якія адкрыта яго падтрымлівалі і ішлі на УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленне) папярэдзілі, што яны будуць сядзець ад званка да званка, а гэта яшчэ кожнаму па некалькі гадоў. Аднаго, які вельмі актыўна падтрымліваў Саннікава, адправілі па этапе, па чутках, у іншую калонію. Усіх зэкаў папярэдзілі: калі скажуць хоць слова Саннікаву, будуць жорстка пакараныя.

Каля Саннікава ўтварылі вакуум, але людзі ўсё роўна спрабуюць яго падтрымаць. Сам Саннікаў прасіў зняволеных не падыходзіць да яго і не размаўляць, патлумачыў, што не хоча нікога падстаўляць. Ён знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі, побач з ім дазваляюць быць толькі некалькім стукачам і правакатарам. Зняволеныя даведаліся, што Саннікава папярэдзілі: калі будзе «ўзнікац», скардзіцца і распавядаць каму-небудзь, што з ім адбываецца, то яго змесцяць у самую халодную і дрэнную камеру. Зняволеныя кажуць, што страшна ўявіць, што з ім рабілі да гэтага, і што Саннікава трэба з «зоны» выцягваць любымі шляхамі. Зняволеныя лічаць, што ўсе інструкцыі ў дачыненні да Саннікава прыходзяць «зверху», - паведаміла крыніца.

Нагадаем, што ўчора стала вядома, што пад катаваннямі і пагрозамі Андрэя Саннікава прымусілі падпісаць прашэнне аб памілаванні. Палітвязня трымалі ў камеры-адзіночцы, падвяргаючы здзекам, пры гэтым пагражалі забіць ягоных жонку і сына.

Напісаць каментар 115

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках