15 лiстапада 2024, Пятніца, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Lufthansa абслугоўвае самалёты беларускага дыктатара

52
Lufthansa абслугоўвае самалёты беларускага дыктатара

Авіякампанія Lufthansa узялася за сумніўны з палітычнага пункту гледжання заказ.

У адным з ангараў у Гамбургу на прафілактыцы знаходзіцца службовы самалёт беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.

Boeing 737 нумар EW-001PA у сярэдзіне кастрычніка прызямліўся ў гамбургскім аэрапорце і быў неадкладна пастаўлены на тэхабслугоўванне. Як патлумачыў адзін з механікаў, праводзяцца звычайныя прафілактычныя працы. Паводле яго слоў, ён сам, як і многія калегі, разумее далікатнасць сітуацыі ў сувязі з адыёзным заказчыкам, а некаторыя нават выказваюць сур'ёзныя сумневы, перадае Deutsche Welle.

Беларускі бок задаволены якаснай працай нямецкіх спецыялістаў, піша выданне Der Spiegel.

Па інфармацыі журналістаў, у цяперашні час Lufthansa вядзе перамовы аб тэхабслугоўванні яшчэ аднаго самалёта Лукашэнкі. Лайнер Boeing-767 класа люкс кіраўнік Беларусі набыў у траўні гэтага года ў свайго туркменскага калегі Гурбангулы Бердымухамедава.

Прадстаўнік Lufthansa не пацвердзіў і не абверг паведамленні, якія з'явіліся ў СМІ. Паводле яго слоў, для падобных даведак патрабуецца дазвол заказчыка.

Старшыня камітэта бундэстага па транспартных пытаннях, дэпутат ад партыі «зялёных» Антон Хафрайтэр так пракаментаваў інцыдэнт: «Як уяўляецца, справы ў Lufthansa не могуць ісці настолькі дрэнна, што ёй даводзіцца брацца за выкананне заказаў апошняга еўрапейскага дыктатара».

У чэрвені ў Беларусі перафарбавалі самалёт Аляксандра Лукашэнкі Boeing-767-300ER, які раней належаў былому кіраўніку Туркменістана Сапармурату Ніязаву. Паміж «Белавія» і авіякампаніяй Turkmenistan Airlines была заключана дамова аб продажы беларускаму боку б/у самалёта Boeing-767-300ER. Прафінансавалі дарагую куплю з дзяржаўнага бюджэту Беларусі.

Самалёт з серыйным завадскім нумарам 33968/926 раней насіў рэгістрацыйныя знакі EZ-A700 і служыў у якасці прадстаўніцкага транспарту нябожчыку прэзідэнту Туркменістана, «бацьке ўсіх туркменаў» і аўтару знакамітай «Рухнамы» Сапармурату Ніязаву. Пасля яго смерці машына засталася ва ўрадавым авіяатрадзе Туркменіі, аднак наступны прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў лётаць на ім баяўся - прыкмета дрэнная.

Лукашэнка даўно прыглядаўся да «Боінга» нябожчыка Туркменбашы. Нарэшце, падчас візіту Бердымухамедава ў Менск аб куплі атрымалася дамовіцца.

Сума яе ў «Белавія» трымаецца ў строгім сакрэце нават ад супрацоўнікаў. Аднак вядома, што кошт Boeing-767-300ER на міжнародным рынку складае ад $124 млн да $160 млн у залежнасці ад мадыфікацыі. Аднак «Боінг» нябожчыка Ніязава быў эксклюзіўна выраблены ў VIP-варыянце: у аздабленні салона ўжытая натуральная скура і каштоўныя пароды дрэва, а сантэхніка ў душавой і туалетах выканана з выкарыстаннем каштоўных металаў і камянёў.

Акрамя таго, самалёт нябожчыка Туркменбашы абсталяваны усімі вядомымі відамі ўрадавай сувязі, у тым ліку спадарожнікавай тэлефаніяй, сістэмай прадухілення паражэння ракетамі класа «зямля-паветра» і «паветра-паветра», а таксама забяспечаны парашутным абсталяваннем. У серыйных пасажырскіх машынах падобных дарагіх дапаўненняў няма. Таму паказаны вышэй прыкладны кошт лайнера можна смела памнажаць прыкладна ўдвая-утрая.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках