29 снежня 2024, Нядзеля, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалаю Статкевічу пагражаюць новым пакараннем

17
Мікалаю Статкевічу пагражаюць новым пакараннем

Пасля доўгага перапынку жонка палітвязня атрымала адразу два лісты ад мужа.

«Лісты ад 11-га і 15-га кастрычніка адпраўленыя з Магілёва ў адзін дзень - 19-га, тады як закон дазваляе трымаць іх для цэнзуры не больш, чым тры дні, - кажа Марына Адамовіч. - Таму і атрымаўся такі доўгі перапынак у ліставанні. Дарэчы, Мікалай у лісце заўважыў, што істотна павялічыўся тэрмін «праходжання» да яго лістоў ад мяне і ад дзяцей. Не ведаю, з чым гэта звязана».

Мікалай Статкевіч паведаміў, што працягваюцца спробы «напалохаць» яго новымі спагнаннямі, піша statkevich.org. Марына Адамовіч кажа, што ў лісце ён успомніў пра спробу пакараць яго за тое, што, напрыклад, ён падсушвае чорны хлеб, а не трымае яго ў пакеце. «Хлеб тут выдаюць з раніцы на ўвесь дзень адным кавалкам (кавалак белага і кавалак чорнага). Чорны хлеб дрэннай якасці, відавочна не адпавядае ДАСТ з-за вільгаці. Я разразаю пластмасавым нажом на кавалкі і пакідаю адкрытым, каб ён падсох і яго можна было ёсць. Бо звычайна асуджаныя ядуць ад яго толькі скарынкі»- працытавала яна.

Мікалай патрабуе выканання закона ў дачыненні да зняволеных. Ужо шмат разоў падымаў пытанне і чакае калі яго забяспечаць тым, што павінны выдаваць штомесяц у адпаведнасці з законам, і што ні разу за 9 месяцаў не выдалі, хоць грошы вылічваюць з ваеннай пенсіі спраўна. Маецца на ўвазе рэчавае забеспячэнне, - патлумачыла Марына Адамовіч. - Бо ў турме кожнаму вязню павінны забяспечыць мінімальны набор гігіенічных прыналежнасцей: мыла, туалетную паперу, зубную пасту, аднаразовыя брытвы.

Акрамя таго, палітвязень прыгадаў, што пасля візіту нунцыя яму паабяцалі, што будуць выводзіць да праваслаўнага святара. Але да 15-га сітуацыя не змянілася... Затое, як паведаміў Мікалай Статкевіч, намеснік па ідэалогіі, які даў гэта абяцанне, настойліва цікавіўся, які ШЫЗА яму больш спадабаўся - тут ці ў Шклове. Марына Адамовіч кажа, што палітвязень успрыняў гэта, як спробу пагрозы «у здзеклівай форме».

Жанчына турбуецца таксама, што на той момант у Магілёве не ўключылі яшчэ ацяпленне ў турме і было халодна ў каменных сценах. «Часу мінула шмат, і, спадзяюся, сітуацыя змянілася. Зрэшты, зімовыя ватоўкі і шапкі зняволеным ужо выдалі і таму холад не так страшны», - кажа Марына Адамовіч.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. 26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках