16 лiстапада 2024, Субота, 3:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестары бягуць з Беларусі

62
Інвестары бягуць з Беларусі

Нямецкая фірма Enertrag адмовілася будаваць першы прамысловы ветрапарк у Беларусі.

«Мы для сябе адназначна вырашылі не працягваць спраў з Беларуссю і яе ўрадам», - падкрэслівае доктар Герд Хармс, кансультант праўлення фірмы, якая ўжо інвеставала ў гэты праект 300 тысяч еўра.

Нямецкая кампанія Enertrag за кошт уласных сродкаў мела намер пабудаваць у Дзяржынскім раёне прамысловы ветрапарк магутнасцю да 160 МВт. Кошт праекта складаў каля 360 млн еўра, піша  «Завтра твоей страны».

- Вымушаны канстатаваць, што гэты вопыт, на жаль, расчараваў нас, - прызнаецца Герд Хармс.

Інвестыцыйную дамову аб будаўніцтве ветрапарку Менскі аблвыканкам і нямецкая кампанія Enertrag падпісалі ў ліпені 2010 года. Чакалася, што праект будзе рэалізаваны ў 2012 годзе.

- Мы стварылі бюро ў Менску, якое вырабляла рознага роду замеры. Прыцягнулі Акадэмію навук, якая павінна была даць заключэнне па частцы навакольнага асяроддзя. Правялі ўсе планіровачныя работы. Вывучылі нават паводзіны лятучых мышэй, - пералічвае Герд Хармс. - Ні многа ні мала - 300 тысяч еўра мы ўжо інвеставалі ў гэты праект!

Рэалізацыя праекта застапарылася, калі справа дайшла да ўзгаднення ў Мінабароны, дзе заявілі, што «ветракі» вышынёй каля 200 метраў могуць парушыць працу радараў, якія размяшчаюцца недалёка ад Дзяржынска, а гэта зніжае эфектыўнасць працы сістэм СПА і можа негатыўна адбіцца на абараназдольнасці краіны.

- Мы самі заўважылі ваенную радарную ўстаноўку і звярнулі ўвагу беларускага боку, што могуць узнікнуць праблемы, паколькі ветракі і радары не вельмі «сябруюць» адзін з адным, - кансультанта праўлення Enertrag здзіўляе, што беларускія партнёры выпусцілі з-пад увагі ці не ведалі, што непадалёк знаходзіцца значны ваенны аб'ект: бо радарная ўстаноўка існавала і на момант заключэння інвестыцыйнай дамовы.

На працягу года вяліся далейшыя перамовы. У канцы жніўня 2012 года начальнік аддзела энергетыкі і паліва Менаблвыканкама Сяргей Сямашка паведаміў журналістам: «У цяперашні час пытанне ў стадыі разгляду. Мы прапануем кампаніі розныя варыянты для таго, каб наша інвестыцыйная дамова рэалізавалася на тэрыторыі Менскай вобласці ў Лагойскім або Барысаўскім раёне».

Аднак у Enertrag лічаць, што беларускі бок не мае намеру працягваць рэалізацыю праекта.

- Нам не прапанавалі кампенсацыю за ўсе тыя выдаткі, якія мы панеслі. І прапанавалі за наш кошт зноў распрацаваць праект па будаўніцтве ветрапарку ў іншым месцы. Адказ з нашага боку быў адназначны - мы інвеставалі 300 тысяч еўра і немалыя часовыя выдаткі. І зусім не збіраемся яшчэ раз інвеставаць столькі ж для будаўніцтва новых ветракоў, - кажа Герд Хармс. - Такім чынам, у аднабаковым парадку гэтая дамова не была напоўненая жыццём. Такое ў нас упершыню здарылася пры рэалізацыі праекта з дзяржарганізацыяй.

Спецыяліст адзначае, што супрацоўніцтва з Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці, Менаблвыканкамам на чале з губернатарам, а таксама з Акадэміяй навук было вельмі паспяховым. «Глеба сышла з-пад ног», калі зайшла гаворка пра існаванне радарнай устаноўкі.

- Калі зыходзіць з лагічнага пункту гледжання - не мы ж там пабудавалі гэтую ўстаноўку. Нам зусім было не паложана ведаць, што яна існуе. Аб гэтым павінен быў сказаць партнёр, які вёў з намі перамовы і заключыў кантракт. Беларускі бок павінен быў бы пакрыць грашовую шкоду або ў іншым выглядзе правесці кампенсацыю, - перакананы Герд Хармс. - Мы чакалі ад Беларусі больш карэктных паводзін. І для сябе адназначна вырашылі не працягваць больш справы з Беларуссю і яе ўрадам.

Змяніць гэтае рашэнне магла б толькі кампенсацыя выдаткаў з беларускага боку.

Па словах кансультанта праўлення Enertrag, кампанія магла б распачаць цяжбу з Беларуссю ў міжнародных судовых інстанцыях, але вырашыла не рабіць гэтага, вырашыўшы, што судовыя выдаткі паглынуць яшчэ 300-400 тысяч еўра.

Комплекс каля пасёлка Волма мог вырабляць каля 170 млн кВт•г электраэнергіі - гэта прыкладна гадавое забеспячэнне двух такіх раёнаў, як Дзяржынскі. Як адзначаў старшыня Менаблвыканкама Барыс Батура, з рэалізацыяй праекта доля ветраўстановак у агульным аб'ёме энергаспажывання ў сталічным рэгіёне склала б 3%.

Праект павінен быў дазволіць Менскай вобласці значна павялічыць долю мясцовых відаў паліва ў паліўна-энергетычным балансе. Сёння гэтая лічба складае 17%, а трэба ў бліжэйшы час давесці спажыванне МВП як мінімум да 25%.

- Калі шчыра, то шкада, што праект не будзе рэалізаваны, - прызнаецца і Герд Хармс. - У нас была дасягнутая дамоўленасць з адным з беларускіх універсітэтаў адносна падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. Збіраліся падрыхтаваць спецыялістаў па сэрвісным абслугоўванні парку, наладзіць абмен спецыялістамі. З'явіліся б і іншыя станоўчыя эфекты. Але мы спазніліся на два гады і апынуліся ў палітычным «ледніковым перыядзе».

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках