15 лiстапада 2024, Пятніца, 19:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рональд Пофала: Пакуль ёсць палітвязні - ніякага дыялогу з Менскам

20
Рональд Пофала: Пакуль ёсць палітвязні - ніякага дыялогу з Менскам

Пакуль у краіне ёсць палітвязні, стаўленне Германіі да афіцыйнага Менска не зменіцца.

Дэлегацыя беларускай апазіцыі і незалежных экспертаў правяла сустрэчы ў ведамстве федэральнага канцлера Германіі, Міністэрстве замежных спраў ФРГ і бундэстагу. Галоўнай падзеяй стала дыскусія аб сітуацыі ў Беларусі пасля «выбараў», якую арганізаваў Фонд Конрада Адэнаўэра, паведамляе прэс-служба АГП.

Як паведаміў «Радыё Свабода» адзін з удзельнікаў беларускай дэлегацыі, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, падчас гэтай дыскусіі ён прэзентаваў стратэгію трох крокаў для Беларусі: вызваленне палітвязняў, выбары па стандартах АБСЕ і план мадэрнізацыі Беларусі:

«Шмат было пытанняў наконт адзінства апазіцыі. Я спрабаваў зрабіць акцэнт на тым, што цяпер найбольш важна - гэта правілы гульні. Калі іх не будзе, то ўсё звядзецца да таго, колькі кандыдатаў ад апазіцыі будзе сядзець: адзін ці дзесяць».

Акрамя таго, беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы ў бундэстагу, МЗС, ведамстве федэральнага канцлера. Дэпутаты бундэстага паведамілі пра сваю пазіцыю адносна вынікаў «выбараў» у «палату прадстаўнікоў» Беларусі, распавёў Анатоль Лябедзька:

«Была вельмі жорсткая ацэнка выбарчай кампаніі. Поўны байкот прызначаных «дэпутатаў» - гэта, фактычна, адзіная пазіцыя дэпутатаў бундэстага. За выключэннем левых. Усе астатнія фракцыі тут салідарныя».

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Рональд Пофала падчас размовы з беларускай апазіцыяй паказаў сваю дасведчанасць і зацікаўленасць у паляпшэнні сітуацыі ў Беларусі, адзначыў Анатоль Лябедзька:

«Галоўны вынік гэтай сустрэчы - тое, што ён заявіў, што пакуль ёсць палітвязні - не будзе ніякіх змен у адносінах з афіцыйным Менскам».

Анатоль Лябедзька лічыць перамовы ў Берліне вельмі важнымі, бо Германія - матор Еўразвяза, у тым ліку і ў пытанні адносінаў з Беларуссю.

Нагадаем, у складзе беларускай дэлегацыі Берлін наведалі лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прадстаўнік БНФ Юрый Чавусаў, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Пікулік.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках