15 лiстапада 2024, Пятніца, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзяды» у Менску (Фота, відэа)

146

(абноўлена) Шэсце ў Курапаты прайшло пад бел-чырвона-белымі сцягамі і партрэтамі палітвязняў.

У ім прынялі ўдзел каля 500 чалавек, паведамляе «Наша Ніва».

У 11.30 калона ўдзельнікаў пачала рух ад пляцоўкі каля Менскага гадзіннікавага завода ў напрамку да Курапатаў - месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій на паўночнай ускраіне Менска. Шэсце прайшло па традыцыйным маршруце: праспект Незалежнасці - вуліца Каліноўскага - вуліца Сядых - вуліца Карбышава - вуліца Гамарніка - вуліца Мірашнічэнкі. Супрацоўнікі спецслужбаў усю дарогу здымалі ўдзельнікаў шэсця.

На чале калоны ішоў былы палітвязень Сяргей Каваленка. Удзельнікі шэсця неслі партрэты Зміцера Дашкевіча і Эдуарда Лобава.

На мітынгу ў Курапатах выступілі прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Валерый Буйвал нагадаў, што менавіта з гэтага месца пачалося шанаванне памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Беларусі. Таксама быў зачытаны зварот лідэра КХП-БНФ Зянона Пазняка.

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі сказаў, што злачынствы ў Курапатах сталі магчымыя пасля акупацыі краіны расейскімі бальшавікамі. Таксама палітык закрануў тэму «парламенцкіх выбараў». Паводле яго слоў, афіцыйныя лічбы яўкі былі моцна завышаны. У прыватных размовах, сказаў Беленькі, супрацоўнікі выбарчых камісій казалі яму, што прагаласавала ўсяго 12% выбаршчыкаў.

Сярод прысутных збіраліся подпісы супраць будаўніцтва рэстарана «Бульбаш-хол» побач з Курапатамі.

Пасля заканчэння мітынгу ва ўрочышчы былі ўсталяваныя новыя крыжы, якія ўдзельнікі акцыі неслі падчас шэсця.

Мітынг скончыўся гімнам «Магутны Божа».

Гарадскія ўлады санкцыянавалі акцыю, але адцэнзуравалі транспаранты, забараніўшы тыя, якія, на іх думку, не маюць дачынення да тэмы мерапрыемства.

Нагадаем, два тыдні таму стала вядома, што побач з некропалем збіраюцца пабудаваць забаўляльны комплекс. Напярэдадні акцыі адзін з яе арганізатараў Юрась Беленькі заявіў, што гэтым усім беларусам кінуты выклік:

«Праз Курапаты, як праз прызму, мы можам бачыць, як пераламляецца і свядомасць нашага грамадства. Часам Курапаты правяраюць на трываласць, гэта як лакмусавая папера.

З'яўленне гэтай пабудовы не з'яўляецца нечаканасцю. Сама гэтая пабудова, па вялікім рахунку, не шкодзіць Курапатам, паколькі не парушаны тыя нормы, якія закладзены ў зоне рэгулявання. Гаворка пра іншае - чым будзе напоўнена гэтая пабудова».

фотa «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 146

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках