16 лiстапада 2024, Субота, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Марачкін: У мяне была свая кампанія байкоту

3
Аляксей Марачкін: У мяне была свая кампанія байкоту

Мастак з самага пачатку быў перакананы, што народ не пойдзе на «выбары».

Інтэрв'ю сайту charter97.org даў мастак Аляксей Марачкін.

- Скончылася «выбарчая» кампанія. Падзяліцеся сваімі ўражаннямі, як яна прайшла ў вашай акрузе?

- Я з самага пачатку падтрымліваў ініцыятыву байкоту, прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях, дзе распрацоўвалася стратэгія байкоту. Я нават гумарыстычны слэнг прыдумаў «Бай-кот» і ката намаляваў. Мой твор трапіў у «Нашу Нiву», хоць я там не падпісваўся, але ўсё здагадваліся, чыё гэта аўтарства. Я дакладна ведаў, што гэтыя «выбары» будуць няўдалымі, у тым плане, што народ на іх не пойдзе. Усё ж лічу, што кампанія байкоту атрымалася. Бо нічога гэтыя «парламенцкія выбары» не значаць. Вядома, што ў нас усё вырашае адзін чалавек. А «выбары» - проста дэмакратычная форма, поўная фальсіфікацый. Таму я абсалютна не цікавіўся сваёй выбарчай акругай, я не хадзіў галасаваць, толькі сачыў за падзеямі праз інтэрнэт.

- А як вы асабіста ўдзельнічалі ў кампаніі байкоту?

- Я не сядзеў ціха, у мяне была праца. Там, дзе трэба было прыняць удзел у нейкім пасяджэнні, я заўсёды прыходзіў і выказваў сваё меркаванне. Напрыклад, збіраліся актывісты «Маладога фронту» і вызначалі стратэгію па вызваленні Дашкевіча і іншых палітвязняў. Я тады заявіў, што стратэгія толькі адна: пакуль ёсць палітвязні, усім разам трэба не ісці на «выбары», а арганізаваць байкот. Вось гэта была мая асабістая кампанія.

- Так ці ведаеце вы, каго ў вас «абралі» у «палатку»?

- Не, не ведаю абсалютна.

- Вы часта малюеце на палітычныя тэмы. Ці натхнілі цяперашнія «выбары» на які-небудзь твор?

- Можа быць, што-небудзь з'явіцца. Але зараз у мяне не тое каб зацішша, але нейкія іншыя справы, клопаты. Разумееце, я ж не мастак-графік. Графік - ён адгукаецца імгненна. А я мастак традыцыйна-кансерватыўнага характару, таму што я пішу філасофскія карціны, напрыклад, «Прывіды», «Пераможцы», «Плаха»; ёсць у мяне іранічная карціна, прысвечаная будаўніцтву атамнай станцыі. Мае працы патрабуюць разумовых намаганняў, доўгага роздуму.

- Што ж вас натхняе на творчасць?

- Час і жыццё.

- Многія мастакі любяць восень. А вы?

- Вы патрапілі ў самую кропку. Заўтра збіраюся ў вёску - памаляваць, забыцца на ўсё. Я вельмі люблю восеньскія фарбы. Вясна мне цяжкавата даецца, але восеньскія, зімовыя фарбы мяне натхняюць. Так што заўтра буду працаваць над гэтым жоўта-чырвоным каларытам нашай беларускай восені.

- Як успрымаеце сённяшнюю эканамічную сітуацыю?

- У мяне чаканні самыя песімістычныя. Вось сёння еду ў майстэрню, мне трэба купіць талон, іду да кандуктара, даю паўтары тысячы. Яна мне кажа: «Не, тысяча сямсот». Тады я іду пацікавіцца, а колькі будзе, калі купіць у кіроўцы. Там ужо напісана: дзве тысячы. Так што гэтая маленькая ілюстрацыя паказвае, куды мы ідзем. Відаць, вельмі не хапае ў бюджэце грошай, пачынаюць скрэбці з усіх бакоў у беларусаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках