16 лiстапада 2024, Субота, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Качмарэк: Санкцыі будуць пашырацца

37
Качмарэк: Санкцыі будуць пашырацца

Аб супрацоўніцтве ЕЗ з уладамі Беларусі не можа ісці і гаворкі, лічыць еўрапарламентар.

Новы кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Філіп Качмарэк даў інтэрв'ю «Белсату».

- Спадар Качмарэк, падчас апошніх «выбараў» у Менску журналістаў пусцілі фактычна толькі на адзін выбарчы ўчастак - там, дзе чакалі кіраўніка назіральнай місіі АБСЕ. З усіх іншых участкаў журналістаў літаральна выкідвалі. Ці можам мы ў такіх умовах казаць аб адкрытасці «выбараў»?

- На жаль, мы не можам казаць, што гэтыя «выбары» былі свабодныя, дэмакратычныя і празрыстыя. Не толькі для журналістаў, але і для назіральнікаў, якія назіралі прафесійна за працай выбарчых камісій. Амаль у 40% камісій назіральнікі не маглі назіраць падлік галасоў. А гэта - асноўная функцыя ў назіральных місіях. Але добра, што назіральныя місіі былі, так як дзякуючы гэтаму ў нас ёсць пэўная інфармацыя. Але ні журналісты, ні назіральнікі не мелі паўнавартасных магчымасцей назіраць за тым, як праходзяць «выбары».

- Еўропа не прызнала «выбары» у Беларусі справядлівымі і дэмакратычнымі. Ці не стане пазіцыя Еўропы ў сувязі з гэтым больш прынцыповай у дачыненні да Беларусі?

- Гэта, вядома, для нас сумна, што мы не можам прызнаць гэтыя «выбары» дэмакратычнымі, так як (у прыватнасці, з пункту гледжання Еўрапарламента) нашмат лепш было б, калі б гэтыя «выбары» былі свабодныя і дэмакратычныя. Бо тады б мы мелі партнёра з беларускага боку. Але мы не можам парушыць нашы правілы і стандарты, нават калі б вельмі хацелі. Гэтыя «выбары» былі настолькі відавочна несправядлівыя і несвабодныя, што мы не можам іх прызнаць. Зробіць зараз Еўрапейскі Звяз больш радыкальныя ці менш радыкальныя высновы - цяжка сказаць, але, відавочна, што Еўрапарламент, Савет і Еўракамісія будуць пра гэта дэбатаваць.

- Вы замянілі на пасадзе кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэка Пратасевіча, які доўгі час займаў гэты пост. Ці зменяцца ў сувязі з гэтым прыярытэты дэлегацыі, яе пазіцыя адносна падзеяў у Беларусі?

- Не будзе рэвалюцый. Праца дэлегацыі па кантактах з Беларуссю магла б змяніцца, калі б «выбары» былі справядлівымі. Змена кіраўніка не можа кардынальна змяніць нашай пазіцыі па розных прычынах: мы з таго ж палітычнага аб'яднання, мы з той жа краіны. Што мы стараемся рабіць - так гэта заангажаваць у супрацоўніцтва з Беларуссю не толькі дэпутатаў з дзяржаў - суседзяў Беларусі. Бо большасць дэпутатаў, якія ангажуюцца ў супрацоўніцтва ў беларускіх справах, - гэта дэпутаты з краін - суседзяў Беларусі. Мы хочам, каб пытанне Беларусі было пытаннем агульнаеўрапейскім, мы хочам абудзіць цікаўнасць не толькі да палітыкі, але і да культуры, цывілізацыі, абменам, умацаванню грамадзянскай супольнасці. Каб у гэтым была ангажаваная ўся Еўропа, а не толькі Польшча і некалькі краін па суседству.

- Лукашэнка не так даўно вызваліў двух палітвязняў, але, як сцвярджаюць відавочцы, стаўленне да іншых палітвязняў у турмах Беларусі пагоршылася. Як вы ацэньваеце гэтыя вызваленні і не лічыце, што Еўропа павінна прыняць больш жорсткія меры ў дачыненні да рэжыму Беларусі, у прыватнасці, эканамічныя санкцыі, каб дамагчыся вызвалення астатніх палітвязняў?

- Пытанне палітвязняў з'яўляецца ключавым, калі гаворка ідзе пра будучыню адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам. І ніколі не будзе поўнай нармалізацыі гэтых адносін, калі не будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязні. Зразумела, мы радуемся, калі вызваляюць нават аднаго палітвязня, таму што гэта добры знак. Але пакуль хоць бы адзін чалавек застаецца ў Беларусі ў зняволенні па палітычных матывах, мы не можам наладжваць поўныя і нармальныя кантакты. Адна з ідэй, што цяпер зрабіць, каб прымусіць вызваліць усіх палітвязняў - гэта пашырэнне санкцый. Як мы кажам, гэтыя санкцыі павінны быць «разумнымі», яны не павінны ўдарыць па звычайных людзях у Беларусі. Гэта павінны быць санкцыі, якія ўдараць па рэжыму, па асобах, якія падтрымліваюць рэжым, але не па ўсіх беларусах і не па Беларусі як краіне. І Савет будзе разглядаць магчымасць пашырыць такія санкцыі ў кастрычніку. Гэта адзін з варыянтаў, які сур'ёзна разглядаецца. Але дакладна, што пакуль усіх палітвязняў не вызваляць, няма шанцаў на тое, каб глыбей супрацоўнічаць з уладамі Беларусі.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках