15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Улады Расеі ўзяліся за інтэрнэт

29
The Washington Post: Улады Расеі ўзяліся за інтэрнэт

Крэмль вырашыў зрабіць больш жорсткай сваю хватку ў сусветнай павуціне.

На расейскім тэлебачанні і ў большасці расейскіх газет незалежныя галасы не пачуеш. Але іх пакуль яшчэ можна паслухаць, зайшоўшы ў інтэрнэт.

Блогер і змагар з карупцыяй Аляксей Навальны стаў адной з самых прыкметных антыкрамлёўскіх фігур у Расеі. У мінулым годзе апазіцыйныя арганізацыі склікалі масавыя дэманстрацыі ў буйных гарадах краіны праз сацыяльныя сеткі. Таму Крэмль вырашыў зрабіць больш жорсткай сваю хватку ў сусветнай павуціне, піша The Washington Post (пераклад - inosmi.ru).

У гэтым месяцы расейскі ўрад пачаў праводзіць у жыццё новую палітыку адсеву ў інтэрнэце, стварыўшы чорны спіс забароненых сайтаў. Гэтая палітыка нібыта накіравана на абарону малалетніх расейцаў ад матэрыялаў пра самагубствы, наркотыкі і дзіцячую парнаграфію. Аднак праваабаронцы папярэджваюць, што мэта такой палітыкі - задушыць разумныя і незалежныя выказванні на адной з апошніх пляцовак, якія засталіся ў расейцаў. Расейскія журналісты і аўтары рэпарцёрскіх расследаванняў Андрэй Салдатаў і Ірына Бараган напісалі, што тэхналогіі, неабходныя для правядзення ў жыццё чорнага спісу забароненых сайтаў, дадуць уладам тую інфраструктуру, якая патрэбна ім для маштабнага маніторынгу дзейнасці расейцаў у інтэрнэце, для таго, каб «шпіёніць за мільёнамі расейскіх грамадзян». Гэта вялікі скачок у кантролі над інтэрнэтам, а не проста дзеянні па запалохванні інтэрнэт-правайдэраў і закрыцці вэбсайтаў. Падобна на тое, улады маюць намер вельмі глыбока капаць у інфармацыйных плынях.

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» адзначае, што чорны спіс гэта толькі адна з многіх мер па агульным згортванні свабод у Расеі. Дзяржава спрабуе стрымаць выкарыстанне тэхналогій ухілення ад цэнзуры ў інтэрнэце, і можа хутка яшчэ больш абмежаваць «блюзнерства». Паклёп стаў злачынствам. А кіраўнікі Думы (ніжняя палата парламента) абяцаюць усё новыя меры. Самую вялікую трывогу выклікае рашэнне заканадаўцаў даць новае вызначэнне паняцця «дзяржаўная здрада». Цяпер значна шырэй стала кола асоб, якіх дзяржава можа абвінаваціць у здзяйсненні гэтага злачынства. Сярод іх журналісты, актывісты і іншыя людзі, якія могуць прадстаўляць небяспеку для пуцінскага рэжыму, але не для самой Расеі.

Такое закручванне гаек з'яўляецца сведчаннем слабасці, але не сілы. Вяртанне Пуціна на трэці прэзідэнцкі тэрмін, падтасоўкі на парламенцкіх выбарах і разгул карупцыі - усё гэта аслабляе яго легітымнасьць. Рэакцыя Пуціна, якая складаецца ва ўзмацненні жорсткасці дзяржаўнага кантролю, не ўмацоўвае яго становішча і не спрыяе росту дабрабыту краіны. Узяўшы пад свой кантроль расейскі эфір, Пуцін не сустрэў народнага супраціўлення. Аднак блогасфера, Facebook і іншыя анлайнавыя сацыяльныя платформы бурна развіваюцца. Кантраляваць іх і іншыя сайты будзе складана - Пірацкая партыя Расеі ўжо паабяцала разблакаваць доступ да забароненых сайтаў, якія трапілі ў чорны спіс. Аднак з-за спроб уладаў ажыццяўляць маніторынг і адсеў сайтаў у сетцы прагрэсіўныя расейцы ўсё больш будуць схіляцца ў бок апазіцыі або з'язджаць з краіны.

Крэмль душыць не толькі свабоды расейцаў, але і эканамічны патэнцыял краіны. Калі душыць свабоду слова і красці выбары, карупцыя будзе цвісці пышным колерам. Калі абмежаваць інтэрнэт, інавацыйныя тэхналогіі ў большай меры будуць нацэльвацца не на паляпшэнне жыцця людзей, а на падман цэнзараў. Расея адчайна мае патрэбу ў палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі. Але падобна, што дзеянні Пуціна разгортваюць яе ў зваротным кірунку на абодвух франтах.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках