15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Галоўнае - вызваленне палітвязняў

43
Андрэй Саннікаў: Галоўнае - вызваленне палітвязняў

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў назваў Віленскі мемарандум недапрацаваным.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень заявіў, што арганізатары віленскай сустрэчы апазіцыі 3 лістапада не дапусцілі да перамоў прадстаўніка «Еўрапейскай Беларусі».

Андрэй Саннікаў так патлумачыў, чаму ён не падпісаў Віленскі мемарандум:

«Я прафесійна паглядзеў гэты мемарандум, і хачу сказаць, што так дакументы наогул не робяцца. Той, хто яго чытаў, заўважыць, што гэта проста неграматны дакумент, а я лічу, што ён яшчэ і небяспечны, таму што там ёсць рэчы, якія накіраваны не на абарону незалежнасці Беларусі, а супраць.

Першае, што ў мяне выклікае пытанні, гэта калі згадка пра палітвязняў ідзе ўскосна. Лічу, што зараз такая сітуацыя, што кожную сустрэчу трэба выкарыстоўваць для таго, каб патрабаваць вызвалення палітвязняў і пайменна ўсіх іх называць. Ідуць пэўныя гульні, каб кагосьці лічыць палітвязнямі, а кагосьці не. Гэтым павінна пачынацца і заканчвацца любая сустрэча. Вось мы зараз сустракаемся з «Еўрапейскай Беларуссю» ў Варшаве, абмяркоўваем усе пытанні, і першае, што мы абмяркоўвалі, - гэта пытанне палітвязняў.

Другое - тое, што там гаворыцца пра самаізаляцыю Беларусі. Ведаеце, гэта дасягненне ўсіх палітычных сіл, усёй апазіцыі, што ёсць самаізаляцыя дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і няма самаізаляцыі Беларусі, таму што і грамадскія дзеячы, і палітыкі сустракаюцца на самым вышэйшым узроўні з еўрапейцамі, амерыканцамі, з палітыкамі Расеі, Украіны.

Трэцяе - там кажуць пра тое, што трэба патрабаваць гарантый незалежнасці Беларусі. Як быццам ніхто не ведае, што гэтыя гарантыі былі атрыманыя намі ў 1994 годзе. Не думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэты дакумент, не ведалі пра гэта. Лічу, што гэта было зроблена наўмысна. Я б проста звольніў тых людзей, хто гэтым займаўся (калі б яны працавалі ў МЗС). Таксама там згадваецца аўтарытарны рэжым, а не таталітарны або дыктатура і шмат іншых рэчаў. Лічу, што мемарандум проста небяспечны. Падпісвацца пад такімі небяспечнымі рэчамі я не магу і з прафесійнага пункту гледжання, і з пункту гледжання маралі».

Па словах Саннікава, шмат пытанняў падчас падрыхтоўкі мемарандума зняліся б, калі б прадстаўніку «Еўрапейскай Беларусі» не адмовілі ў праве прысутнічаць у нарадзе апазіцыі 3 лістапада ў Вільні.

Палітык прадракае, што ніякай каардынацыі паводле гэтага мемарандума сярод тых, хто яго падпісаў, не будзе. Пра далейшыя кантакты «Еўрапейскай Беларусі» з гэтымі структурамі Саннікаў заявіў:

«Мы заўсёды працавалі з усімі, і ў нас ёсць разуменне, што такое Рада БНР, мы заўсёды паважліва ставіліся да яе як да сімвала нашай гісторыі, да таго органу, які павінен будзе сімвалічна зацвердзіць дэмакратызацыю і незалежнасць Беларусі ў бліжэйшай будучыні».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках