15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Сённяшняя Расея пагражае незалежнасці Беларусі

78
Андрэй Саннікаў: Сённяшняя Расея пагражае незалежнасці Беларусі

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» выступіў у парламенце Велікабрытаніі.

Прыняцце «Акту Магніцкага» можа стаць сур'ёзным прэцэдэнтам, які закліканы аказаць міжнародны ціск на ўлады Расеі, а таксама іншых краін, у прыватнасці Беларусі, дзе сур'ёзна парушаюцца правы чалавека. Вельмі важна, каб гэты акт валодаў універсальнай юрысдыкцыяй. Такое меркаванне выказаў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў 14 лістапада падчас мерапрыемства, прысвечанага «справе Магніцкага», якое прайшло ў брытанскім парламенце.

«Расейскія ўлады ідуць па стапах Лукашэнкі, ведучы планамернае наступленне на правы і свабоды грамадзян. Магутны міжнародны ціск, у тым ліку і праз заканадаўчыя ініцыятывы накшталт «Акту Магніцкага» павінен стаць адным з эфектыўных інструментаў супрацьстаяння беспакаранасці афіцыйных асоб. Сёння нельга зачыняць вочы на небяспечныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, Расеі, Украіне», - адзначыў Андрэй Саннікаў. Ён назваў імёны палітвязняў у Беларусі і падкрэсліў неабходнасць прыняцця тэрміновых мер для таго, каб выратаваць жыцці людзей, якія падвяргаюцца жудаснаму ціску ў месцах зняволення.

Адказваючы на пытанне аб тым, якія пагрозы зыходзяць ад Расеі, Андрэй Саннікаў заявіў, што сённяшняя Расея пагражае незалежнасці Беларусі, адзначыўшы, што расейскае кіраўніцтва не рассталася з імперскімі амбіцыямі і адкрыта заяўляе пра іх, кажучы аб сваіх «зонах ўплыву» і «сферах інтарэсаў».

Мерапрыемства ў Лондане, арганізатарамі якога сталі Цэнтр вывучэння Расеі Таварыства Генры Джэксана і кампанія Hermitage Capital, прымеркавана да трэцяй гадавіны смерці Сяргея Магніцкага. Расейскі юрыст і аўдытар адстойваў інтарэсы фонду Hermitage Capital Management у 2007-2008 гадах. У ходзе сваёй працы Сяргей Магніцкі і яго калегі выявілі карупцыйныя схемы, якія дазвалялі расейскім чыноўнікам забіраць бізнэс у прадпрымальнікаў (а іх былых уладальнікаў «упякаць» за краты) і адводзіць ад падаткаў дзесяткі мільярдаў расейскіх рублёў. У выніку Магніцкі быў абвінавачаны ў саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, заключаны пад варту і загінуў 16 лістапада 2009 года ў сумна «знакамітым» ізалятары «Матроская цішыня» ў Маскве.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы Велікабрытаніі - кансерватары лорд Норман Ламонт і былы міністр юстыцыі, член парламента Джонатан Джаноглі, член парламента лейбарыст Крыс Брайант - прадстаўнікі праваабарончых арганізацый «Індэкс супраць цэнзуры», Артыкль 19, «Рэпарцёры без межаў», Нарвежскі хельсінскі камітэт, журналісты вядучых брытанскіх выданняў, прафэсары ўніверсітэтаў.

«Акт Магніцкага» - гэта дакумент, які павінен быць прыняты Кангрэсам ЗША. Ён прадугледжвае ўвядзенне санкцый, у першую чаргу візавых, у дачыненні да расейскіх чыноўнікаў, якіх падазраюць у датычнасці да пераследу і гібелі Сяргея Магніцкага.

«Акт Магніцкага» можа стаць асновай заканадаўчай дапамогі расейскаму дэмакратычнаму руху. Судовая сістэма ў сённяшняй Расеі служыць толькі тым, хто знаходзіцца ва ўладзе, ці тым, у каго ёсць грошы. Лёс лідэраў расейскай апазіцыі сёння наўпрост звязаны з будучым прыняццем «Акту Магніцкага», - адзначыла старшыня Камітэта за Дэмакратычную Расею Наталля Пелевайн.

Фота - Index on Censorship

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках