16 лiстапада 2024, Субота, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія прадпрымальнікі: Маркіроўка тавараў — узаконены хабар

40
Віцебскія прадпрымальнікі: Маркіроўка тавараў — узаконены хабар

Прадпрымальнікі патрабуюць адкласці на год прыняцце тэхнічнага рэгламенту Мытнага звязу.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, ён уводзіцца з 1 студзеня 2013 года на тэрыторыі Расіі, Казахстану і Беларусі. Рэгламент прадугледжвае абавязковае маркіроўка пэўных груп тавараў, у тым ліку прадукцыі лёгкай прамысловасці, з праходжаннем працэдуры сертыфікацыі, каб вырабы адпавядалі патрабаванням бяспекі для спажыўцоў. Гэта акалічнасць устурбавала прадпрымальнікаў, што гандлююць на рэчавых рынках таварамі накшталт абутку ды адзення. Дзяржаўны камітэт стандартызацыі вуснамі свайго старшыні Віктара Назаранкі паспяшаўся супакоіць гандляроў: маўляў, прадпрымальнікам, што ўвозяць тавары з Расіі, няма чаго хвалявацца, бо гэта клопат расейскіх гуртовых прадаўцоў. Як мы ведаем, словы высокіх начальнікаў не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці. Таму сайт charter97.org папрасіў пракаментаваць сітуацыю віцебскую прадпрымальніцу Ірыну Яскевіч.

Як высветлілася, днямі  гандляроў выклікала на размову намесніца старшыні Віцебскага гарвыканкама Зінаіда Кавалёва. Пра гэтую сустрэчу распавядае спн.Ірына: «Папярэдне мы сабраліся, абмеркавалі гэтую сітуацыю і прыйшлі да высновы, што мы вельмі задаволеныя гэтым законам. Сапраўды, гэта добра, калі ў нашу краіну не будзе трапляць тавар, які нясе небяспеку для спажыўца. Таму мы так і сказалі, што закон гэты добры. Але патрэбна разабрацца, чаму ў гэтым ланцугу падзей адказнасць ускладаецца на нас? Калі я жыву ў прасторы мытнага звязу і за ягоныя межы не выязджаю, то на якім базары я б гэтыя рэчы ні набыла, яны павінны ўжо мне быць прададзеныя з сертыфікатам якасці. Таму трэба пачынаць увядзенне закона з тых, хто вырабляе прадукцыю або з’яўляецца першым прадаўцом. Ды і наогул, гэта клопат мытнікаў - не дапускаць на прастору трох дзяржаў такіх рэчаў, якія не адпавядаюць патрабаванням аб бяспецы нашых пакупнікоў».

Спадарыня Ірына дадала, што ў гарвыканкаме нават збянтэжыліся, калі прадпрымальнікі заявілі, што падтрымліваюць гэты закон, бо ён слушны. Але дзяржаўным органам не да іх трэба звяртацца, а да вытворцаў і прадаўцоў. Той, хто вырабляе тавар, не мае права без сертыфікацыі выходзіць на рынак.

«А чаму я павінна  разбірацца з гэтымі паперкамі, ці адпавядаюць яны нечаму там. У мяне напісана, што, напрыклад, Пятро ў такім ралеце прадаў мне такі вось тавар. Я не выехала за тэрыторыю мытнага звязу, значыць мытня яго сюды пусціла…» - эмацыйна разважае спн.Яскевіч.

Размова ў выканкаме засталася няскончанай. А пытанні адкрытымі. Калі гаворка ішла пра сертыфікацыю будаўнічых матэрыялаў, то гэта доўжылася тры гады. Чаму ж да лёгкай прамысловасці паставіліся так няўважліва, чаму такія малыя тэрміны, чаму ніхто не патлумачыў і сам падыход да гэтых дакументаў? На гэтыя пытанні адказаў няма. Пакуль што не абвяшчаюцца і новыя правілы гульні.

Прадпрымальніца далей разважае ў гэтым рэчышчы: «Высветлілася, што мы павінны рабіць сертыфікат не болей як на 10 адзінак. І кошт  гэтай «паперы» будзе 400 тыс.руб. А калі я гандлюю пальчаткамі і ў мяне іх і пакунку 12 штук, дык мне дзве пары адразу ўжо некуды выкінуць? І калі на сённяшні дзень гэтыя пальчаткі ў мяне каштуюць 50 тыс.руб., то пасля таго, як мне пацвердзяць, што яны не нясуць ніякай пагрозы жыццю, яны стануць каштаваць 90 тыс.руб. Каму я гэтыя пальчаткі буду прадаваць? І на мой погляд, гэта ўзаконены хабар. Гэта яшчэ адзін спосаб выцягнуць грошы з людзей, якія увогуле не разумеюць, што ад іх хочуць.»  

На сустрэчы камерсанты выказалі наступныя прапановы:

- дазволіць спрадаць рэшткі тавараў паводле старога закону;

- дастасаваць гэты закон найперш да вытворцаў і гуртовых прадаўцоў, як і напісана ў законе;

- адкласці увядзенне закону на адзін год.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках