16 лiстапада 2024, Субота, 3:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія рынкі заменяць гандлёвымі цэнтрамі

27
Менскія рынкі заменяць гандлёвымі цэнтрамі

У Менску зачыняюцца неперспектыўныя рынкі, на змену якім гарадскія ўлады абяцаюць пабудаваць гандлёвыя цэнтры.

Як паведаміў журналістам 2 лістапада намеснік старшыні Менгарвыканкама Уладзімір Калтовіч, у якасці «рынкаў, якія не маюць перспектыў развіцця» ў Ленінскім раёне адзначаны «Дынама», «Свелта», «Серабранка», «Велазавадскі», у Першамайскім раёне - рынак «Усход» і ў Цэнтральным раёне - рынак «Менскі вернісаж» сталічнага Камароўскага рынку, піша БелаПАН.

«У бліжэйшыя год-два мы гэтыя рынкі заменім на гандлёвыя цэнтры, якія будуць пабудаваныя ў гэтых раёнах», - сказаў Калтовіч.

Паводле яго слоў, рынак «Дынама» плануецца закрыць ужо да 1 студзеня 2013 года. Прадпрымальнікі з «Дынама» перамесцяцца на рынак «Ждановічы». Пры гэтым у перыяд уваходжання ў новае асяроддзе (да 3 месяцаў) у іх захаваецца ранейшы ўзровень арэнднай платы. Ранішні рынак, на якім з 5.30 да 8.30-9.00 рэалізуюцца дробным оптам і оптам тавары малых прадпрыемстваў Беларусі, плануецца перанесці на рынак у Курасоўшчыне.

Акрамя таго, Калтовіч паведаміў аб закрыцці адразу пасля завяршэння будаўніцтва гандлёвых цэнтраў трох рынкаў - «Уральскага» у Партызанскім раёне, гандлёвых шэрагаў адміністрацыі Завадскога раёна і Чэрвеньскага рынку.

Па словах намесніка старшыні гарвыканкама, працягваюцца работы па паэтапнай рэканструкцыі васьмі рынкаў: па два - у Маскоўскім, Фрунзенскім, Першамайскім, па адным - у Савецкім і Кастрычніцкім раёнах.

Пляцоўкі на Чыжоўскім рынку і рынку ў Курасоўшчыне адведзены для прапановы інвестарам. У цяперашні час рыхтуюцца матэрыялы на прыватызацыю Чыжоўскага рынку і продаж яго па конкурсе. На гэтай пляцоўцы мяркуецца «рэалізацыя праекта па стварэнні сучаснага гандлёвага комплексу з арганізацыяй гандлёвых месцаў для рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі», сказаў Калтовіч. Плануецца, што конкурсныя таргі адбудуцца ў другой палове снежня гэтага года.

Калтовіч таксама адзначыў, што для рынка «Ждановічы» рыхтуецца план, які будзе ўключаць у сябе меры па забеспячэнні грамадскага парадку, а таксама «карэкціроўку ўсіх палажэнняў, звязаных з санітарным рэжымам, санітарным станам рынка, забеспячэннем закрыцця гандлю з зямлі».

Па словах намесніка старшыні гарвыканкама, сёння на тэрыторыі Менска налічваецца 27 рынкаў, у тым ліку восем - на тэрыторыі ТАА «Гандлёвы дом «Ждановічы». Агульная колькасць гандлёвых месцаў на рынках сталіцы складае 19 тыс. 585, у тым ліку на «Ждановічах» - 9 тыс. 222.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках