27 снежня 2024, Пятніца, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамовы аб пастаўках нафты праваліліся

141
Перамовы аб пастаўках нафты праваліліся

Расея ў 2013 годзе паставіць у Беларусь не больш за 18 млн тон нафты.

Беларуская дэлегацыя, якая вядзе з расейскім бокам перамовы аб нафтавым балансе на 2013 год, не змагла дамовіцца аб імпарце ў наступным годзе 23 млн тон нафты, паведаміла крыніца ва ўрадавых колах, блізкая да перамоў, перадае «Інтэрфакс».

«У Маскве 19-20 лістапада знаходзілася ўрадавая дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам рэспублікі Уладзімірам Сямашкам, якая вяла перамовы аб нафтавым балансе на 2013 год. Прадстаўнікі расейскай адміністрацыі абверглі раней зробленыя Сямашкам заявы аб аб'ёмах імпарту на 2013 год і перадалі яму прапановы, у якіх аб'ём імпарту пазначаны ў памеры 18 млн тон нафты», - паведаміла крыніца.

Паводле яго слоў, «беларуская дэлегацыя ў аўторак вяртаецца назад у Менск».

Суразмоўца агенцтва адзначыў, што прапанаваныя Расеяй на 2013 год аб'ёмы «на 3 млн тон менш, чым Беларусь атрымае ў гэтым годзе і на 5 млн тон менш, чым рэспубліка запытвае на будучы год».

Ён не змог удакладніць, якія будуць далейшыя дзеянні беларускага боку пасля атрыманай адмовы па запытаных аб'ёмах імпарту.

Нагадаем, на мінулым тыдні прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў аб дасягненні дамоўленасцей па пастаўках нафты ў 2013 годзе, спаслаўшыся на сваю размову з расейскім прэм'ерам Дзмітрыем Мядзведзевым.

Таксама аб паспяховых перамовах з расейскім бокам заявіў на мінулым тыдні і Уладзімір Сямашка. Паводле яго слоў, Беларусь плануе ў 2013 годзе імпартаваць з Расеі 23 млн тон нафты, супраць чаканых 21,5 млн тон у 2012 годзе.

Між тым, намеснік старшыні ўрада Расеі Аркадзь Дварковіч ў панядзелак заявіў журналістам, што Расея не ўзгадніла аб'ём паставак нафты ў Беларусь на 2013 год у аб'ёме 23 млн тон. «На дадзены момант мы не ўзгаднілі з беларускім бокам аб'ём паставак нафты ў 2013 годзе да 23 млн тон. Перамовы па гэтым пытанні працягваюцца», - сказаў віцэ-прэм'ер РФ.

Раней, у сярэдзіне кастрычніка, Мясніковіч, сустракаючыся ў Менску з міністрам энергетыкі РФ Аляксандрам Новакам, адзначаў, што ў Беларусі ўжо прынятыя асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучы год (планавы рост ВУП 8,5%). Абедзве палаты «парламента» зацвердзілі бюджэт 2013 года з улікам патрэбных аб'ёмаў паставак нафты.

На 2013 год Беларусь запытвае ў Расеі імпарт нафты ў аб'ёме 23 млн тон супраць балансавых 21,5 млн тон у гэтым годзе.

Падпісанне нафтавага балансу на 2013 год ускладнена з жорсткай рэакцыяй кіраўніцтва РФ на экспарт з тэрыторыі Беларусі растваральнікаў, які ў Маскве лічаць ценявым бяспошлінным рээкспартам нафтапрадуктаў. Расейскі бок лічыў, што Беларусь, павялічыўшы закупкі расейскіх вуглевадародаў, стала экспартаваць на еўрапейскія рынкі бензін пад выглядам растваральнікаў. Экспартная пошліна на растваральнікі ў рамках Мытнага Саюза роўная нулю, тады як на бензін складае 90% ад экспартнай пошліны на нафту. Падобная схема прыводзіла да істотных страт расейскага бюджэту, якія толькі ў 2012 годзе могуць дасягнуць $2,5 млрд.

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках