26 снежня 2024, Чацвер, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская нафта можа абваліць беларускі рубель

30
Расейская нафта можа абваліць беларускі рубель

Перамовы па аб'ёмах паставак расейскай нафты ў Беларусь, якія прайшлі на днях у Маскве, не ўдаліся.

Аднак яны не канчатковыя, кажуць крыніцы, знаёмыя з ходам перамоў.

Праўда, некаторыя эксперты лічаць, што гэта частка прапаганды ўладаў Беларусі, якія асцерагаюцца, што трывожныя чаканні выклічуць паніку сярод насельніцтва і наблізяць дэвальвацыю, піша расейская «Независимая газета».

Аб нязгодзе з вынікамі перамоў у Маскве напярэдадні паведаміў кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясніковіч. «Пакуль тыя аб'ёмы нафты, якія прагаворваюцца на ўзроўні намесніка старшыні ўрада Расейскай Федэрацыі, нас не задавальняюць», - падкрэсліў ён у дакладзе Аляксандру Лукашэнку. Мясніковіч таксама паведаміў, што ў найбліжэйшай будучыні мае намер абмяркоўваць гэтую тэму непасрэдна з кіраўніком расейскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым.

Як паведамлялася, Беларусь хацела б атрымаць у 2013 годзе 23 млн. тон расейскай нафты, аднак у выніку перамоў на ўзроўні першага намесніка ўрада Беларусі Уладзіміра Сямашкі і віцэ-прэм'ера ўрада РФ Аркадзя Дварковіча ўсходняя суседка не адступіла ад раней дэклараванага намеру абмежавацца 18 млн. тон . «Сямашка праваліў перамовы», - ацанілі сітуацыю СМІ.

Абгрунтаванасць надзей афіцыйнага Менска ўчора ўскосна пацвердзіла ананімная крыніца, знаёмая з ходам перамоў. «Перамовы па ўмовах і аб'ёмах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2013 годзе будуць працягнутыя, канчатковага рашэння яшчэ няма - пакуль ёсць толькі пратакол перамоў, якія адбыліся напярэдадні», - сцвярджае крыніца. Паводле яго слоў, абмеркаванне гэтага пытання будзе працягнута альбо ў канцы гэтага тыдня, альбо ў пачатку наступнага.

Тым больш, што перамовы нельга лічыць такімі ўжо правальнымі. Як вынікала са сказанага Мясніковічам, умовы пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею ў наступным годзе ўсё-ткі прынятыя, прычым тыя, на якіх настойваў беларускі бок. «Мы дамовіліся, што каля 3 мільёнаў тон нафтапрадуктаў у наступным годзе будзем перадаваць на рынкавых умовах», - сказаў ён. Нагадаем, што ў гэтым годзе Беларусь недапаставіла ў Расею абумоўленыя ў дамове аб'ёмы нафтапрадуктаў з прычыны эканамічнай нявыгаднасці. Расея настойвала на кампенсацыі ў чацвёртым квартале і ў наступным годзе. Пры гэтым гаворка ішла пра 4,7 млн. тон нафтапрадуктаў. Беларусь не будзе рабіць гэтага сабе ў страту, цвёрда заявіў напярэдадні асноўны беларускі перамоўшчык Уладзімір Сямашка.

Праўда, разам з гэтымі аптымістычнымі заявамі як афіцыйных, так і неафіцыйных крыніц у Менску, існуюць і іншыя, якія сцвярджаюць, што Беларусь у чарговы раз выдае жаданае за сапраўднае.

У беларускіх улад ёсць усе падставы для таго, каб не нагнятаць запал вакол абмеркавання нафтавай тэматыкі. Справа ў тым, што паведамленні аб надыходзячым зніжэнні аб'ёмаў яе перапрацоўкі адразу ж спараджаюць песімістычныя прагнозы экспертаў адносна будучыні беларускай эканомікі. «Скарачэнне аб'ёмаў паставак нафты ўплывае на эканоміку Беларусі цалкам канкрэтна... пры скарачэнні паставак на экспарт нафтапрадуктаў скароціцца і памер прафіцыту знешняга гандлю», - лічыць старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец. «Нафтавае пытанне ў Беларусі па-ранейшаму з'яўляецца праблемай нумар адзін. Рэальна ўсе гэтыя прычыны могуць пацягнуць новую хвалю крызісу», - мяркуе ён.

«Наступствы зніжэння паставак расейскай нафты - гэта памяншэнне даходаў ад экспарту нафтапрадуктаў і ўзмацненне адмоўнага сальда гандлёвага балансу. Яно ўжо стала адмоўным і будзе толькі павялічвацца», - лічыць і беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў. «Гэта пагражае тым, што мы не зможам экспартаваць тую нафту, якую здабываем у Беларусі і пошліны ад экспарту якой ідуць у наш бюджэт, а не ў расейскі. З-за гэтага сальда нашага гандлёвага балансу можа зноў стаць хранічна адмоўным, і гэта ўсё будзе аказваць ціск на валютны рынак. Той дэфіцыт валюты, які ў нас быў у 2011 годзе, можа зноў вярнуцца», - салідарны з ім яшчэ адзін мясцовы эканаміст Барыс Жаліба.

Эксперты нагадваюць, што тэарэтычна перакрыць страту даходаў ад нафтаперапрацоўкі маглі б паступленні ад прыватызацыі. Аднак і іх чакаць у бліжэйшай будучыні не варта. «Мы не выканаем гэты паказчык па атрыманні 2,5 мільярдаў даляраў сродкаў ад прыватызацыі», - прызнаўся на мінулым тыдні Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым ён заклікаў «не рабіць з гэтага трагедыі», паколькі ёсць і іншыя крыніцы. Учора стала зразумела, што беларускі прэм'ер быў не правы. Кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова заявіла, што з-за невыканання прыватызацыйных планаў Беларусь можа не атрымаць чарговы транш крэдыту ЕўрАзЭС. «Атрымліваецца так, што гэтае пытанне як бы пераходзіць у рамкі палітычныя», - зняла з сябе адказнасць за тое, што адбываецца Ермакова.

Ціск у пытанні паставак нафты, недвухсэнсоўныя намёкі на неабходнасць прыватызацыі - усё гэта, па меркаванні беларускіх экспертаў, кажа пра тое, што Расея не мае намеру адыходзіць ад сваёй галоўнай мэты - аслабіць эканоміку Беларусі такім чынам, каб прымусіць Лукашэнку дапусціць расейскі капітал да беларускіх кампаній. «Гэта ціск Масквы на кіраўніцтва Беларусі, галоўны падтэкст якога ў тым, каб афіцыйны Менск больш інтэнсіўна заняўся прыватызацыяй дзяржуласнасці і выконваў свае абавязацельствы ў рамках атрымання антыкрызіснага крэдыту - прыватызаваў дзяржаўную ўласнасць на 2,5 мільярда даляраў. А пакупнік тут ясны - гэта расейскі капітал», - упэўнены Барыс Жаліба.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках