16 лiстапада 2024, Субота, 7:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад правалу не ўратуе нават друкарскі станок

26
Ад правалу не ўратуе нават друкарскі станок

Лукашэнка патрабуе ад урада выканаць запланаваныя паказчыкі, у тым ліку па росту валавога ўнутранага прадукту.

Між тым пры гадавым прагнозе ў 5-5,5% ВУП за 10 месяцаў вырас усяго на 2,2%. Нацбанк папярэдзіў, што праводзіць эмісію дзеля росту ВУП не мае намеру. Зрэшты, нават эмісія не выратавала б справу, сцвярджаюць эксперты.

Пад канец года ізноў абвастрыліся супярэчнасці па эканамічных пытаннях паміж урадам і кіраўніком, пішуць naviny.by.

Выступаючы нядаўна на інвестыцыйным форуме, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч канстатаваў, што рэальны рост ВУП не супадае з прагнозным.

Але, падкрэсліў ён, прыярытэтам для ўрада сёння з'яўляецца не колькасць, а якасць.

«Мал залатнік, ды дораг - мы павінны мець рэальны эканамічны рост. Мы лічым, што ў гэтым годзе беларуская эканоміка забяспечвае аздараўленне, і галоўная мэта застаецца ў тым, каб быў стабільны эканамічны рост, рэальны эканамічны рост», - сказаў кіраўнік урада.

Лукашэнка думае інакш. Прымаючы Мясніковіча з дакладам 20 лістапада, ён збіў рынкавы запал прэм'ера і ў катэгарычнай форме запатрабаваў забяспечыць выкананне ўсіх паказчыкаў 2012 года, асабліва - па росту ВУП.

«Учора мы такую размову пачалі з міністрам эканомікі і памочнікам па эканоміцы (Мікалаем Снапковым і Пятром Пракаповічам. - І.Л.). Аказваецца - поўны разброд і хістанне, - абурыўся Лукашэнка. - Кажуць, галоўнае - гэта экспарт, а ВУП - гэта ўсё роўна. Я разумею, што экспарт для нас - гэта жыццёва важны паказчык, але без ВУП не будзе і вялікіх аб'ёмаў экспарту».

«Нашая эканоміка такая, што калі экспарт ці ВУП паболей трэба, то і імпарт будзе вырастаць, - растлумачыў сваю логіку Лукашэнка. - Ну так у нас ёсць дабаўленая вартасць, давайце будзем вырабляць тавары з большым прыбыткам. Не страшна, што імпарт узрасце, галоўнае - каб экспарт адпаведна потым вырас, каб мы не толькі кампенсавалі затраты па імпарту, але і атрымалі добрую дабаўленую вартасць».

На даклад Мясніковіча былі запрошаныя кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў і памочнік кіраўніка па эканоміцы Пётр Пракаповіч. «Каб пачуць апаніруючы ўраду пункт гледжання», - патлумачыла прэс-служба Лукашэнкі.

Група падтрымкі прэм'ера складалася з міністра эканомікі Мікалая Снапкова і кіраўніка Мінфіна Андрэя Харкаўца.

Згадванне «апанентамі» меркаванняў у паведамленні прэс-службы, якая звычайна смецце з хаты не выносіць, дае падставу меркаваць, што нязгоды паміж адміністрацыяй прэзідэнта і ўрадам адносна эканамічнай палітыкі досыць сур'ёзныя.

Дарэчы, супрацьстаянне эканамічных груповак урада і адміністрацыі прэзідэнта нагадвае падзеі гадавой даўніны.

Тады пры распрацоўцы прагнозных параметраў на 2012 год Саўмін вырашыў адмовіцца ад эмісійнай палітыкі, а таксама зрабіць стаўку не на колькасць, а на якасць. Рост ВУП прагназаваўся на ўзроўні 1-1,5%.

На думку аналітыкаў, тады ўрад ушчыльную падышоў да таго, каб накіраваць эканамічны курс у рэчышча рынкавых рэформаў. Але рэфармісцкія планы былі на корані спыненыя прэзідэнтам - ён запатрабаваў выканання праграмы, ухваленай Усебеларускім народным сходам напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

У выніку прагноз росту ВУП быў штучна павялічаны да 5-5,5%.

А сёння Лукашэнка вінаваціць урад у невыкананні прагнозу.

Саўмін расхлёбвае наступствы ўласнай баязлівасці і непаслядоўнасці, лічыць былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.

«Урад сам вінаваты, і хай нясе адказнасць за тое, што не мае сілы волі супрацьстаяць ціску Лукашэнкі», - заявіў эксперт.

Багданкевіч не выключае чарговых кадравых перастановак у эканамічным блоку ўрада і адстаўкі прэм'ер-міністра. Зрэшты, дадаў ён, у Беларусі нават адстаўка усяго ўрада ні на што не здольная паўплываць.

«У нас ненармальная сама палітычная сістэма, - перакананы былы кіраўнік Нацбанка. - У іншых краінах прэм`ер-міністры маюць свае праграмы, а наш Савет міністраў слепа выконвае ўказанні прэзідэнта. Вось ўзялі са столі пяціадсоткавы рост ВУП - і выконвай, як хочаш. Лукашэнка наймае чыноўнікаў, якія яму падпяваюць, вымушае іх прымаць невыканальныя праграмы, а затым - выганяе, звальвае на міністраў адказнасць за ўласныя памылкі. Пасля гэтага наймае новых - і ўсё пайшло па крузе».

Што тычыцца распараджэнняў Лукашэнкі адносна ВУП, то па выніках свайго дакладу 21 лістапада Мясніковіч запэўніў: усе даручэнні Лукашэнкі будуць безумоўна выкананыя.

Якім чынам - пакуль незразумела. Па словах эканамістаў, нарасціць аб'ём ВУП можна толькі за кошт унутраных інвестыцый, але гэта непазбежна прывядзе да росту інфляцыі (па выніках 10 месяцаў яна склала 18,1% пры гадавым прагнозе 19-22%).

Да таго ж старшыня Нацбанка Надзея Ермакова 21 лістапада адназначна заявіла журналістам: праводзіць эмісію для дасягнення прагнозных параметраў валавога прадукту не плануецца. «Мы не маем права рабіць эмісію і не будзем яе рабіць», - падкрэсліла Ермакова.

Прафесар Багданкевіч, у сваю чаргу, сцвярджае: «За паўтара месяца да канца года нават эмісію праводзіць ужо бескарысна - ніякага росту ўсё роўна не будзе».

У бліжэйшую будучыню экс-кіраўнік Нацбанка глядзіць «з вялікім песімізмам», аднак прагназаваць развіццё сітуацыі больш канкрэтна абцяжарваецца.

«Рабіць прагнозы можна, абапіраючыся на рэальныя рэсурсы. Але прагназаваць што-небудзь ва ўмовах нездаровай эканомікі і валюнтарысцкай палітыкі беларускага кіраўніцтва немагчыма», - сцвярджае Станіслаў Багданкевіч.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках