16 лiстапада 2024, Субота, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Марплз: У Беларусі жыццё - гэта барацьба

12
Дэвід Марплз: У Беларусі жыццё - гэта барацьба

Беларусы - адна з самых яскравых еўрапейскіх нацый, кажа вядомы канадскі гісторык і палітолаг.

У інтэрв'ю для сайта Solidarity with Belarus, якое прыводзіць «Наша Нiва», Дэвід Марплз дзеліцца сваімі ўражаннямі аб нашай краіне.

- Вы апублікавалі некалькі кніг пра Беларусь - краіну, якую нячаста ўспамінаюць у навуковых колах. Чаму Вы пачалі пісаць пра Беларусь?

- Усё пачалося з даследавання чарнобыльскай катастрофы 1986 года. Я тры разы пабываў ва Украіне і напісаў дзве кнігі аб выбуху на ЧАЭС. Пасля, на канферэнцыі ў Вашынгтоне ў красавіку 1991 года, я сустрэў некалькі беларусаў. Адзін з іх прапанаваў мне заняцца вывучэннем наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі і, для пачатку, запрасіў на канферэнцыю ў Менск, якая павінна была адбыцца праз год. Тады я ўпершыню пабываў у Беларусі. Паступова я зацікавіўся іншымі сферамі беларускага жыцця, гісторыяй і палітыкай краіны. Воляю выпадку я быў у Менску падчас прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе і наведаў некалькі мітынгаў. Гэта стала незабыўным жыццёвым вопытам, бо тыя выбары былі сапраўды апошнімі свабоднымі выбарамі, і іх вынікі не былі загадзя прадвызначаныя.

- Што, па-Вашаму, у Беларусі з'яўляецца самым цікавым для сусветнай грамадскасці?

- Мне здаецца, людзям цікавая гісторыя краіны, асабліва перыяд станаўлення незалежнай дзяржавы. Тыя, хто прыязджае ў Беларусь, часта прывязваюцца да гэтай краіны і да людзей. Беларусь зведала шмат гора ў мінулым: сталінскія рэпрэсіі, акупацыя, наступствы аварыі на ЧАЭС. Зразумела, Лукашэнка і яго здольнасць так доўга заставацца ва ўладзе таксама з'яўляюцца аб'ектам цікаўнасці.

- Як бы Вы ацанілі вобраз Беларусі ў сусветных СМІ?

- Вобраз Беларусі ў медыя вельмі негатыўны і часта засяроджаны вакол «апошняй дыктатуры Еўропы» і парушэнні праў чалавека. Дзве гэтыя тэмы абавязкова фігуруюць пры любым згадванні пра Беларусь. Да беларусаў таксама ставяцца як да «нацыі ў чаканні», nation-in-waiting, рускамоўнай групы людзей, якая ніколі не была адданая ідэям нацыянальнай дзяржавы, заснаванай на роднай мове і культуры. Ствараецца ўражанне дзяржавы, якая затрымалася паміж эпохамі. Часам, каб апісаць Беларусь, ужываюць выраз «музей Савецкага Саюза». Але такое адлюстраванне Беларусі збівае з толку, так як сучасная Беларусь - гэта цалкам прадукт эпохі сталінізму, савецкай рэспублікі і наўмыснага знішчэння нацыянальнай мовы і культуры ў часы СССР. Міжнародны ізгой Лукашэнка і ёсць прадукт таго мінулага, гэта савецкі чалавек да мозгу касцей. Лукашэнке пашанцавала прыйсці да ўлады ў 1994 годзе, але, у адрозненне ад іншых постсавецкіх лідэраў, у яго не было вопыту работы ў партыйнай эліце.

- Вы ўваходзіце ў склад журы другога конкурсу «Belarus in Focus» для міжнародных журналістаў, якія пішуць пра Беларусь. Што Вы думаеце пра гэты конкурс і чаму Вы пагадзіліся ў ім удзельнічаць?

- Гэты конкурс - выдатны шанец нагадаць пра таленавітых беларускіх журналістаў, чыя праца часта падпадае пад цэнзуру або забарону. Хоць у краіне і існуюць некаторыя незалежныя медыя, большасць СМІ кантралюецца дзяржавай і агучвае погляды ўрада. Журналістаў нярэдка пераследуюць за меркаванні. Часам здаецца, што з-за гэтага ў журналістаў часам выпрацоўваецца «мысленне чалавека ў абложанай крэпасці», яны апускаюцца да ўзроўню другарадных спрэчак з нагоды палітычнай стратэгіі і пасад. Але ў публікацыях у замежных СМІ яны могуць свабодна выказваць сваё меркаванне. Я мяркую, што гэты конкурс - выдатная магчымасць для іх. Я таксама мяркую, што яны змогуць данесці да чытача тэмы, на якія рэдка звяртаюць увагу на Захадзе: Беларусь у мінулым (асабліва да 1917 года), культура, штодзённае жыццё, самі беларусы - ад інтэлектуальнай эліты да жыхароў вёсак.

- Ваша наступная кніга пра Беларусь выйдзе вясной 2013 года. Аб чым яна і для каго яна?

- Кніга называецца «Наша слаўнае мінулае: лукашэнкаўская Беларусь і Вялікая айчынная вайна». Галоўная тэма кнігі - гістарычная памяць, па меншай меры, сучаснае выкарыстанне і распаўсюджванне дзяржавай гістарычных ваенных міфаў СССР для аб'яднання нацыі. Гэтая тэма займала мяне гадамі, і толькі нядаўна я зрабіў яе тэмай сваёй кнігі. Я прысвяціў тры гады даследаванням. Галоўным чынам я вывучаў гістарычныя сайты, помнікі і мемарыялы, афіцыйныя святкаванні ўгодкаў, а таксама паведамленні СМІ ў 2006-2012 гадах.

- Як часта Вы наведвалі Беларусь? Якія Вашыя галоўныя ўражанні ад краіны?

- Я быў у Беларусі кожны год, пачынаючы з 1992 года і да 2010 года. Часам я прыязджаў двойчы ў год, але, на жаль, апошнія два гады я не трапляў у Беларусь. У 2012 годзе мне адмовілі ў візе. А раней я наведаў шмат рэгіёнаў (Гомель, напэўна, адзіны горад, у якім я не быў, але я ўсё яшчэ планую даехаць туды). Я магу сказаць, што Беларусь зрабіла на мяне вельмі пазітыўнае ўражанне. Тутэйшыя лясы і азёры нагадваюць мне маю родную правінцыю Альберта ў Канадзе. Мне падабаецца, што сем'і ў беларусаў дружныя, падабаецца, як людзі размаўляюць за сталом. Нават у гарадах адчуваеш сябе, нібы ў вёсцы, настолькі людзі блізкія адзін да аднаго. У Беларусі я набыў сабе некалькі блізкіх сяброў. Я заўважаю, што моладзь не настроена трываць сваю долю і захоўваць статус-кво.

Беларусы - адна з самых яскравых еўрапейскіх нацый, і яны выразна кантрастуюць з вобразам Беларусі ў заходніх СМІ як краіны, дзе пануюць КДБ і міліцыя. Унікальная рыса Беларусі - гэта той жывой дух маладых людзей. У Канадзе асноўныя свабоды часта ўспрымаюцца людзьмі як дадзенасць, а жыццё - гэта зусім не барацьба. А ў Беларусі жыццё - гэта барацьба. Праўда, беларусы маюць савецкі гарт для гэтага...

- Апішыце Беларусь з дапамогай трох слоў.

Спакойная, мірная, шматпакутная. І зямля, і нацыя такія.

Дэвід Марплз (David Marples) - канадскі гісторык і палітолаг, прафесар на гістарычным факультэце Універсітэта Альберты ў Эдмантане. Кіруе адной з праграм вывучэння сучаснай Украіны ў канадскім інстытуце ўкраінскіх даследаванняў. Аўтар 12 кніг і больш за 150 артыкулаў па гістарычных і палітычных пытаннях Расеі, Украіны і Беларусі. У мінулым годзе быў абраны старшынёй паўночнаамерыканскай асацыяцыі беларусазнаўчых даследаванняў. З'яўляецца дарадцам па пытаннях Усходняй Еўропы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, Дэпартамента замежных спраў і міжнароднага гандлю Канады і Міністэрства замежных спраў Велікабрытаніі. Апублікаваў тры кнігі аб Беларусі: «Belarus: From Soviet Rule to Nuclear Catastrophe» (1996), «Belarus: A Denationalized Nation» (1999), «The Lukashenka Phenomenon: Elections, Propaganda, and the Foundations of Political Authority in Belarus» (2007).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках