15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Справа супраць Гайдукова развальваецца

11
Алег Волчак: Справа супраць Гайдукова развальваецца

Перавод Андрэя Гайдукова ў Віцебск кажа аб тым, што следчыя па ягонай справе шукаюць адыходныя шляхі, лічыць эксперт.

«Інтуіцыя следчага мне падказвае, што калі ўзбуджалася крымінальная справа, усё было зроблена не так чыста і працэсуальна граматна. У маёй практыцы было такое, што калі справа «не клеілася», з галоўнага ведамства яе перакідалі ў дробнае. Следчыя заўсёды шукаюць шляхі адыходу», - распавёў сайту charter97.org былы следчы пракуратуры і кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Волчак.

Па словах эксперта, Андрэю Гайдукову могуць прад'явіць больш мяккае абвінавачванне:

«Грамадскі рэзананс даволі шырокі, ніхто не верыць у яго вінаватасць, а прафесіяналы проста смяюцца над гэтай справай. На які менавіта артыкул яму могуць памяняць абвінавачванне, складана сказаць, таму што ў мяне няма матэрыялаў справы. Але ён будзе нашмат мякчэй. Можа быць, гэта будзе абвінавачванне з нейкім эканамічным ухілам, напрыклад, «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі» (ён жа працаваў на «Нафтане») ці яшчэ што-небудзь».

Сілавікі і прапагандысты маўчаць пра справу актывіста, падкрэсліў былы следчы пракуратуры:

«КДБ не дае адказу, што адбываецца са справай Андрэя Гайдукова. Няма выкрывальных фільмаў пра шпіянаж, дзе Гайдукоў вядзе нейкую шкодніцкую дзейнасць супраць інтарэсаў дзяржавы. Няма наогул якіх-небудзь каментароў альбо прэс-канферэнцыі з боку пракуратуры, якая вядзе нагляд за следчымі органамі. Гэта сведчыць аб тым, што ў іх ёсць праблемы».

Гэта справа - ціск не на аднаго актывіста, а на ўсю моладзь, упэўнены Алег Волчак:

«Абвінавачванне Андрэя Гайдукова ў «здрадзе дзяржаве» трэба разглядаць як ціск на моладзь, а не як ціск на асобнага актывіста. 2013 год будзе складаным для ўлады, трэба аддаваць крэдыты, магчыма, будуць сацыяльныя воплескі. Хто будзе актыўным? Вядома, моладзь. Інтэлектуальная, моцная, разумная, якая ведае свае правы і ўмее карыстацца Інтэрнэтам».

Нагадаем, сёння адвакат Андрэя Гайдукова паведаміў маці актывіста, што яе сына пераводзяць з СІЗА КДБ Менска ў Віцебск. Пра гэта адвакату сказаў следчы Алег Барысевіч.

У менскі СІЗА КДБ Андрэя Гайдукова змясцілі пасьля затрымання ў Віцебску, якое адбылося 20 дзён таму. 23-гадовага аператара наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» вінавацяць у «здрадзе дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасці». Паводле афіцыйнай інфармацыі, хлопца затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Гэта абвінавачванне многія лічаць бессэнсоўным. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася аб тым, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Праваабаронцы пераслед Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках