15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як адмыць дыктатара. Кароткі пераказ

86
Як адмыць дыктатара. Кароткі пераказ

Кароткі пераказ выкладзенага ў Сеціва плана лорда Бэла выратавання рэпутацыі дыктатуры Лукашэнкі.

У сацыяльнай сетцы Facebook з'явілася 32-старонкавая квартальная справаздача брытанскай кампаніі «Чайм Кам’юнікейшнз» аб рабоце, праведзенай ейным кіраўніком лордам Бэлам для паляпшэння вобразу Беларусі на міжнароднай арэне. Так званы «план Бэла» выклаў у сетку кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

Гадавы кантракт аб паляпшэнні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне піяр-мэнэджар, кіраўнік рады дырэктараў кампаніі «Чайм Кам'юнікейшнз» Цімаці Бэл уклаў з беларускім урадам у канцы ліпеня 2008 года, піша БелаПАН.

Кантракт прадугледжваў правядзенне дзвюх кампаній - інфармацыйнай і маркетынгавай. Мэта інфармацыйнай - «данесці больш праўдзівае ўяўленне аб Беларусі ў процівагу вобразу, створанаму ў сусветных СМІ». Маркетынгавая кампанія была закліканая спрыяць падвышэнню інвестыцыйнай прывабнасці краіны.

У жніўні 2009 года беларускі ўрад не прадоўжыў кантракт. Падрабязнасці стораны не каментавалі.

У інтэрнэце выкладзеная справаздача аб дзейнасці лорда Бэла ў падтрымку Беларусі за перыяд з 1 лістапада 2008 года да 31 студзеня 2009-га. У ліку выканаўцаў акрамя Бэла названы Жэня Харысан, Пол Бейверстак і Дэвід Рычманд (мяркуючы з усяго, супрацоўнікі «Чайм Кам'юнікейшнз»).

У справаздачы адзначаецца, што «за апошнія 3,5 месяцы адбыўся значны прагрэс у стаўленні да Беларусі - у прыватнасці істотная пераацэнка стасункаў ЕЗ і ЗША з Беларуссю, у тым ліку зняцце або прыпыненне дзеяння некаторых санкцый».

«Гэта ў першую чаргу стала вынікам крокаў, зробленых урадам Беларусі, у тым ліку вызваленне трох палітычных зняволеных, намаганняў, зробленых для таго, каб парламенцкія выбары былі свабоднымі і справядлівымі, а таксама сігналаў, дасланых прэзідэнтам у сваіх публічных заявах і інтэрв'ю вядучым замежным выданням», - сказана ў дакуменце.

У справаздачы пералічаныя канкрэтныя мэты.

Напрыклад, пункт «Спрыянне Беларусі ва ўсталяванні прадукцыйнага дыялогу з ЕЗ» змяшчае наступныя падпункты:

- Стварэнне ўмоў для таго, каб ЕЗ зняў свае санкцыі ў дачыненні да канкрэтных асоб ва ўрадавых колах Беларусі, у тым ліку забарону на кантакты на ўзроўні міністраў і ўезд на тэрыторыю ЕЗ;

- Стварэнне ўмоў для таго, каб ЕЗ разблакаваў фінансавыя актывы гэтых асобаў.

Пункт «Фармаванне пазітыўнага ўспрымання прэзідэнта Лукашэнкі і краіны ў цэлым за мяжой» прадугледжваў:

- Прапаганду эканамічных поспехаў і сацыяльнай стабільнасці, дасягнутых пры кіраванні Лукашэнкі;

- Забеспячэнне таго, каб паведамленні аб прагрэсе Беларусі ў галіне дэмакратыі і канкрэтных крокаў, прадпрыманых для дасягнення гэтага прагрэсу, дасягнулі мэтавых аўдыторый у міжнароднай супольнасці;

- Перадачу збалансаванай інфармацыі аб парламенцкіх выбарах у Беларусі ў верасні 2008 года ключавым постацям;

- Прапаганду Беларусі як прывабнага кірунку для міжнароднага бізнэсу і турызму;

- Тлумачэнне ключавым постацям таго, што Беларусь мае стратэгічнае значэнне з пункту гледжання міжнародных стасункаў, асабліва ў дачыненні да Расеі.

У справаздачы пералічаныя дзеянні, прынятыя лордам Бэлам для дасягнення гэтых мэт.

У іх ліку - сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, ягонай намесніцай Наталляй Пяткевіч і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

Паведамляецца, напрыклад, што лорд Бэл лётаў у Берасце для сустрэчы з Макеем, падчас якой рэкамендаваў вызваліць перад парламенцкімі выбарамі апазіцыйных палітыкаў. (Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, у 2008 годзе ў Беларусі налічвалася 19 палітвязняў, у 2009-м - пяць. У ліку самых вядомых - кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін, а таксама прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў.) Лорд Бэл прапанаваў Макею ўзор заявы для прэсы ў сувязі з гэтымі вызваленнямі.

Лорд Бэл, адзначаецца ў справаздачы, рэкамендаваў Лукашэнка даць шырокае інтэрв'ю якому-небудзь вядучаму міжнароднаму СМІ. Пры дапамозе Жэні Харысана былі арганізаваныя такія інтэрв'ю з «Файнэншл таймс» і «Фракфуртэр Альгэмайнэ цайтунг».

Беларусі таксама рэкамендавалася пераканаць міжнародную супольнасць у тым, што зняволены ў беларускай турме амерыканскі юрыст Эмануіл Зэльцэр атрымлівае патрэбную меддапамогу.

Лорд Бэл рэкамендаваў Беларусі падаць збалансаваную карціну парламенцкіх выбараў вядучым мэтавым постацям у Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыне і Брусэлі. Бэл і ягоная кампанія склалі спіс з 500 такіх мэтавых асоб.

Былі прапанаваныя рэкамендацыі для адказу ўрада Беларусі на справаздачу назіральнікаў АБСЕ аб парламенцкіх выбарах 2008 года.

У прыватнасці для таго, каб перахапіць стратэгічную ініцыятыву і адцягнуць увагу сусветнай прэсы ад таго, што ні адзін апазіцыйны кандыдат не быў абраны ў парламент, Бэл рэкамендаваў Лукашэнку абвясціць афіцыйнае расследаванне, якое будзе праводзіць ЦВК у дачыненні да фактаў, названых у справаздачы АБСЕ.

Напярэдадні выбараў Дэвід Рычманд правёў шэраг сустрэч на высокім узроўні з ключавымі дзеячамі ЕЗ і Вялікабрытаніі, гаворыцца ў справаздачы. У прыватнасці ён сустракаўся і неаднаразова размаўляў праз тэлефон з наступнымі чыноўнікамі Еўразвязу: Робэртам Купэрам, Хэльгай Шміт, Эмай Удвін, Цімам Бэроў, Хільдай Хаардэман і Вікторыяй Ловенбэрг.

Акрамя таго, былі арганізаваны сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі брытанскага МЗС, якіх, як сказана ў справаздачы, лорд Бэл не можа назваць з той прычыны, што гэтыя сустрэчы былі спрэс канфідэнцыйнымі.

Пасля гэтых сустрэч Бэл сустракаўся з Макеем перад кастрычніцкім пасяджэннем Рады ЕЗ, на якім разглядалася пытанне аб сітуацыі ў Беларусі. Затым на заданне Макея Рычманд лётаў у Страсбург, каб пракансультаваць Сяргея Мартынава перад ягонай сустрэчай з прэзідэнтам ЕЗ Хаўерам Саланам.

Рычманд таксама звяртаўся ў МЗС Вялікабрытаніі з просьбай разгледзець магчымасць сустрэчы Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам Горданам Браўнам падчас планаванага ў Лондане Беларускага інвестыцыйнага форуму.

Справаздача змяшчае пункт «Простае лабіяванне», дзе гаворыцца аб працы з канкрэтнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі ЕЗ. У іх ліку - дэпутаты Еўрапарламента ад Польшчы (Юзэф Піньёр), Літвы (Юстас Вінцас Палецкіс), Вялікабрытаніі (Чарльз Тэнок), Ірландыі (Марыян Харкін) і Галандыі (Ян Марыюс Вірсма). Гэтыя кантакты ставілі мэтай паказаць, што Беларусь уважліва ставіцца да таго, што кажа Еўрапарламент пра беларускія выбары, а таксама атрымаць яснае ўяўленне аб пазіцыі канкрэтных чальцоў Еўрапарламента, якія публічна крытыкуюць Беларусь.

Паводле інфармацыі Мікалая Халезіна, план лорда Бэла паляпшэння вобразу Беларусі ацэньваўся ў 10 мільёнаў еўра.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках