15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алігарх Шаўцоў адкупіўся?

57
Алігарх Шаўцоў адкупіўся?

Старшыня рады дырэктараў «Белзамежбуда», кіраўнік Трастбанка абладзіў свае справы з праваахоўнымі органамі.

«Паводле маёй інфармацыі, кіраўніцтва [краіны] Віктара Шаўцова амніставала. Якім чынам гэта адбылося, ці плаціў ён адкупныя, я не ведаю», - сказала крыніца TUT.BY у банкавых колах. «Днямі знаёмыя казалі, што бачылі яго ў канторы», - дадаў падначалены Шаўцова.

У КДБ Беларусі не змаглі даць каментар на гэты конт.

У Трастбанку таксама адмовіліся каментаваць сітуацыю з Шаўцовым.

Інфармацыя аб затрыманні Віктара Шаўцова з'явілася ў кастрычніку 2011 года. У снежні Лукашэнка пацвердзіў, што ў дачыненні да бізнэсоўца заведзеная «звычайная крымінальная справа», звязаная з вывадам грошай і правапарушэннем у сувязі з будаўніцтвам аб'екта ў Венесуэле. Пры гэтым ён дадаў, што «гэты спадар не ўпершыню трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў, але яго могуць вызваліць пасля кампенсацыі шкоды ў «двух-трохразовым памеры».

Пазней намеснік начальніка прэс-службы КДБ Беларусі Артур Стрэх заявіў, «паводле папярэдняй ацэнкі следства, сума выкрадзеных грашовых сродкаў перасягае 10 млн даляраў». У дачыненні да Шаўцова была абраная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту ў следчы ізалятар КДБ. У сакавіку гэтага года з'явілася інфармацыя, што бізнэсовец на пратэкцыю кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы Філарэта змешчаны пад хатні арышт. Надоечы Шаўцоў за дабрачынную дзейнасць быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай БПЦ - ордэнам святога Кірылы Тураўскага, а ягоная жонка Алена - медалём Ефрасінні Полацкай.

Віктар Шаўцоў вядомы праз рэалізацыю супольных з беларускай дзяржавай праектаў у Іраку, Іране, Лівіі, Венесуэле ды іншых гарачых пунктах. Ён быў асабіста знаёмы з Садамам Хусэйнам, Муамарам Кадафі, Угам Чавэсам, Рафікам Харыры.

«Белзамежбуд» быў заснаваны ў 2007 годзе і з'яўляецца галоўным трымальнікам кантрактаў на пастаўку ў Венесуэлу беларускіх тавараў і выканаўцам ва ўсіх супольных будаўнічых праектах. Эксперты запэўніваюць, што ў гісторыі з затрыманнем Шаўцова не абышлося без галоўнага прадстаўніка палітычных інтарэсаў Мінска ў Венесуэле - памочніка прэзідэнта ў асобных даручэннях Віктара Шэймана. Сцвярджаецца, што менавіта з ягонай падачы Шаўцоў страціў ласку Лукашэнкі і трапіў у ізалятар. За прамінулы з моманту арышту Шаўцова час «Белзамежбуд» увёў у эксплуатацыю ў Венесуэле некалькі супольных заводаў, а Венесуэла афіцыйна зняпраўдзіла наяўнасць прэтэнзій да Шаўцова. Акрамя таго, «Белзамежбуд» пачаў будаўніцтва завода для вырабу цэментава-габлюшкавых пліт у Крычаве Магілёўскай вобласці.

Трастбанк быў створаны ў 1994 годзе і тады называўся «Інфабанк». Перайменаваны ў лютым 2005 года пасля палітычнага скандалу. Мінфін ЗША абвінаваціў Інфабанк у «адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусэйна», заробленых у выніку ўгод, якія ўчыняліся ў абыход праграмы ААН «Нафта ў абмен на харчаванне» і з выкарыстаннем незаконных набавак і завышаных кантрактаў. Інфабанк тады афіцыйна адхіліў усе абвінавачванні, аднак неўзабаве змяніў назву. З 2001 года акцыянерам Інфабанку з дзеллю 35% з'яўляўся Лівійскі арабскі замежны банк, які выйшаў са складу ўласнікаў беларускага банка ў 2008 годзе.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках