15 лiстапада 2024, Пятніца, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штэфан Фюле: Палітвязні павінны вярнуцца ў палітычнае жыццё

4
Штэфан Фюле: Палітвязні павінны вярнуцца ў палітычнае жыццё

Еўракамісар яшчэ раз паўтарыў, што галоўная ўмова ЕЗ для пачатку дыялогу з Менскам: вызваленне і рэабілітацыя палітычных вязняў.

Штэфан Фюле сустрэўся ў Бруселі з намеснікам старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцінам Стэфановічам і старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной, паведамляе «Радыё Свабода».

Падчас сустрэчы еўракамісар выказаў падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі і заклапочанасць сітуацыяй беларускіх палітвязняў. З ягоных слоў, еўрапейскія арганізацыі вельмі зацікаўленыя ў аднаўленні дыялогу з уладамі Беларусі, але для гэтага ёсць празрыстая ўмова - вызваленне палітычных зняволеных ды іх рэабілітацыя.

«Я кажу абсалютна зразумела, што пад рэабілітацыяй мы маем на ўвазе аднаўленне іхнага грамадзянскага і палітычнага жыцця, каб яны маглі далей адыгрываць актыўную ролю ў тым, каб прынесці дэмакратыю ў Беларусь і прывесці Беларусь у еўрапейскую сям'ю», - сказаў Штэфан Фюле.

«Наша пасланне да Беларусі і беларускага народу ў тым, што мы на іхным баку, мы на баку тых, хто хоча мець больш дэмакратыі, больш развітую, сучасную і еўрапейскую краіну. Мы на баку тых, хто згодны, што ў Еўропе 21 стагоддзя няма месца палітычным зняволеным. Наша пасланне палягае ў поўнай падтрымцы грамадзянскай супольнасці і тых, хто прасоўвае гэтыя ідэі. Пасланне ў тым, што мы будзем далей займацца гэтым», - падкрэсліў еўракамісар.

Штэфан Фюле таксама выказаў устурбаванасць пераследам праваабаронцаў у Беларусі, атрымаўшы інфармацыю аб высяленні «Вясны» з офіса, які належаў палітвязню Алесю Бяляцкаму:

«У нас ёсць яснае пасланне да ўладаў Беларусі: Спыніце пераслед праваабаронцаў, тых, хто падтрымлівае свабоду слова ў Беларусі, тых, хто працуе з намі ў рамках дыялогу аб мадэрнізацыі для таго, каб пабудаваць сучасную і еўрапейскую Беларусь».

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч сказаў журналістам паводле вынікаў сустрэчы:

«Для нас вельмі важная пазіцыя Еўразвязу з нагоды вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. На жаль, у нас не было добрых навін з Беларусі, бо ў нас па-ранейшаму застаюцца 12 прызнаных палітвязняў, і мы глыбока заклапочаныя пагаршэннем сітуацыі ў некаторых з іх. Да прыкладу, у дачыненні да Мікалая Статкевіча і Змітра Дашкевіча, якіх цалкам ізалявалі і перавялі з калоніі ў турму. І вядома ж, мы заклапочаныя сітуацыяй з нашым старшынём і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім. Я мяркую, што вельмі важна, каб наш урад разумеў пазіцыю Еўразвязу, што перадумова для ўсялякага дыялогу - гэта вызваленне палітвязняў, і цалкам згодны са спадаром Фюле, што сучасная Еўропа - не месца для палітвязняў».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна звярнула ўвагу на тое, што для гэтага дыялогу таксама неабходная свабода сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі:

«У першую чаргу гэта спыненне крымінальных спраў, якія распачатыя супраць журналістаў за іхную прафесійную дзейнасць. Існуе цэлы комплекс праблем, звязаных з доступам да інфармацыі. Я таксама гаварыла аб недапушчальнасці грубага ўмяшання і перашкод у працы журналістаў, і мне здаецца, што мы знайшлі паразуменне».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках