15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскі кангрэс: Як вызваліць беларусаў ад дыктатара?

119

Лукашэнка ўжо выхваляецца, што ён «астатні дыктатар Еўропы».

Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася на III Еўрапейскім кангрэсе правоў чалавека, які прайшоў у Катавіцэ (Польшча). Мерапрыемства было арганізаванае офісам еўрадэпутата Марэка Мігальскага (Польшча) і польскай асацыяцыяй «Праект Шлёнск».

На кангрэсе выступілі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, дырэктар «Еўрапейскага радыё» Зміцер Новікаў, моладзевы лідэр, журналіст радыё «Свабода» Франак Вячорка, кіраўнік арганізацыі «Рух будучыні» Вячаслаў Дзіянаў, палітолаг, былы пасол Польшчы ў Расеі і Малдове Віктар Рос, эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў Катажына Яшынска, галоўны рэдактар часопіса «Новая Усходняя Еўропа» Анджэй Бжэжэцкі, дырэктар харкаўскага філіяла Інстытута Гаршэніна Канстанцін Вінакураў, старшыня Калегіуму Усходняй Еўропы ім. Яна Новака-Езераньскага Ян Анджэй Дамброўскі, вядоўца «Студыі Усход» на польскай тэлевізіі Марыя Пшеломец ды іншыя.

Распачынаючы кангрэс, Марэк Мігальскі растлумачыў, чаму ў гэтым годзе ён складаецца з частак, прысвечаных Беларусі, Расеі ды Украіне:

«На жаль, у Расеі, Украіне і Беларусі сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй не палепшылася ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Вядома, можна параўноўваць, але не раўняць сітуацыю ў Беларусі, дзе класічная дыктатура, з сітуацыяй ва Украіне. Сёння можна сказаць, што Расея дзесьці ў сярэдзіне.

Я працую ў камісіях Еўрапейскага парламента па Беларусі і Расеі, і мы вельмі занепакоеныя сітуацыяй з правамі чалавека ў гэтых трох краінах. Мы пачынаем дыскусію з сітуацыі ў Беларусі, дзе самая вялікая колькасць праблем, дзе прадстаўнікі апазіцыі вымушаныя жыць у эміграцыі, з дзяржавы, у якой не выконваюцца аніякія дэмакратычныя стандарты правоў чалавека, а дыктатар у інтэрв'ю для заходніх агенцтваў з радасцю хваліцца, што ён астатні дыктатар у Еўропе. Можа, для яго гэта і падстава для радасці, але нам, еўрапейцам, павінна быць сумна ад таго, што мы не ў стане сёння нічога зрабіць, каб вызваліць 10 мільёнаў чалавек ад гэтага дыктатара», - сказаў дэпутат Еўрапарламента.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч звярнуў увагу на прычыны, згодна з якімі дыктатура ў Беларусі актыўна падтрымліваецца кіраўніцтвам Расеі:

«У Беларусі не працуе права, нават лукашэнкаўская канстытуцыя, якая прызнаная Еўропай недэмакратычнай. Але нават яна не дзейнічае, калі не адпавядае інтарэсам кіруючай хеўры. Чаму гэта адбываецца? Таму што гэта выгадна нашай ўсходняй суседцы. Расея падтрымлівае дыктатуру ў Беларусі, таму што наш дыктатар можа рабіць тое, чаго не можа рабіць Расея, напрыклад, гандляваць зброяй з дзяржавамі, у дачыненні да якіх дзейнічае эмбарга, якія падтрымліваюць тэрарыстаў. Савецкі Саюз знік з сусветных мапаў, але застаўся ў Беларусі», - заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Рэдактар charter97.org Наталля Радзіна адзначыла, што пры адсутнасці дзейснай стратэгіі і разумення Захадам усёй сур'ёзнасці сітуацыі ў Беларусі, а таксама ў Расеі і на Украіне, - зменаў дамагчыся будзе вельмі цяжка.

«Лукашэнка кіруе ўжо амаль 20 гадоў, і я памятаю, як у ранейшыя гады расейскія дэмакраты над ім пасмейваліся. Па сутнасці Расея ўтрымлівала беларускую дыктатуру, і гэта не выклікала ў дэмакратычных палітыкаў, якія знаходзіліся тады ва ўладзе, асаблівых пратэстаў. Сёння гэтыя ж палітыкі сталі апазіцыянерамі, палітвязнямі, яны праходзіць праз ператрусы і турмы, праз якія мы, беларускія апазіцыянеры, праходзім ўжо даўно.

Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч разам з Ельцыным і Краўчуком Савецкі Саюз разваліў у 1991 годзе. Але па сутнасці, «савок» сёння рэанімуецца. І гэтую пагрозу свету сёння важна ўбачыць. Пагаршэнне сітуацыі з дэмакратыяй у Расеі і на Украіне стала магчымае з-за адсутнасці належнай увагі з боку Захаду да дыктатуры Лукашэнкі. Яго прыклад паказаў, Пуціну, што можна беспакарана забіваць і рэпрэсаваць апазіцыю, душыць усе правы і свабоды, парушаць міжнародныя абавязанні», - адзначыла Наталля Радзіна.

Моладзевы лідар Франак Вячорка звярнуў увагу на прынцыпова новую сітуацыю, якая склалася ў Беларусі пасля 2010 года - з'яўленне ў краіне псеўдаапазіцыі:

«Грамадства ў Беларусі сапраўды вельмі закрытае, пазбаўленае свабоднай інфармацыі, але, з іншага боку, у нас з'яўляецца ўсё больш людзей, якія разумеюць, што гэтая дыктатура сябе вычарпала. Нядаўна ў нас быў прыняты закон, які забараняе масавыя сходы, як з мэтай дзеяння, так і бездзеяння. Гэта паказвае, што на нейкія наватарскія пачынанні апазіцыі, напрыклад, на «маўклівыя» акцыі, улады рэагуюць самым дурным і маразматычным чынам.

У нас ёсць два Саюзы пісьменнікаў, два Саюзы журналістаў, два Саюзы палякаў. Гэта сведчыць аб тым, што ствараюцца фіктыўныя арганізацыі, якія павінныя адцягнуць або ўвесці ў зман людзей. Сапраўды таксама цяпер з'яўляецца псеўдаапазіцыя, якая заклікае не змагацца з Лукашэнкам, а размаўляць, супрацоўнічаць, як некалі ў Польшчы апазіцыя села за «круглы стол» з Ярузельскім. Але Лукашэнка - не Ярузельскі, і сітуацыя ў нас зусім іншая», - адзначыў Вячорка.

Удзельнікі кангрэса адзначалі ўзмацненне ціску на журналістаў з боку беларускіх уладаў.

Як адзначыла Наталля Радзіна, артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прымяняюцца да журналістаў, самыя абсурдныя і суровыя:

«Калі раней журналістаў прыцягвалі ў асноўным, паводле артыкулаў «паклёп на прэзідэнта» і «абраза прэзідэнта», то цяпер мы бачым, што журналістка, жонка лідэра «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава Ірына Халіп атрымала 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за «ўдзел у масавых беспарадках», супраць фатографа Антона Сурапіна распачалі крымінальную справу паводле артыкула «спрыянне ў парушэнні дзяржаўнай мяжы» толькі за размяшчэнне ў інтэрнэце фотаздымкаў «плюшавага дэсанта».

Далей - болей: моладзевага актывіста Андрэя Гайдукова за распаўсюд газеты «Хартыя'97» (гэта нешта накшталт друкаванай версіі сайта) КДБ наогул прыцягнуў паводле артыкула «здрада дзяржаве». І тэрміны за парушэнне гэтых артыкулаў адпаведныя - 3, 5, 7, 10 гадоў пазбаўлення волі».

Журналістка заклікала ўзмацніць падтрымку палітвязняў. «Праблемай застаецца тое, што не ўсе палітвязні сёння атрымліваюць паўнавартасную дапамогу ад праваабарончых арганізацый», - сказала яна.

Дырэктар «Еўрарадыё» Зміцер Новікаў адзначыў немагчымасць працы незалежных электронных медыяў у Беларусі:

«У Беларусі, напрыклад, ёсць 23 радыёстанцыі, якія называюцца незалежнымі, але насамрэч там няма ніводнай радыё або тэлестанцыі без дзяржаўнага капіталу. Кожная з іх мае сярод акцыянераў нейкую дзяржаўную арганізацыю або кампанію. Усю інфармацыю яны павінны ўзгадняць з уладамі, таму мы цяпер працуем у Польшчы. У Беларусі прапісана ў Канстытуцыі права грамадзян на атрыманне свабоднай інфармацыі і права журналістаў на збор такой інфармацыі, але ў рэальнасці такіх правоў у нас няма. Наша мэта - каб гэта права вярнулася ў Беларусь».

Кіраўнік «Руху Будучыні» Вячаслаў Дзіянаў адзначыў, што пры ўсім ціску ўладаў на незалежныя СМІ, спыніць актыўнасць людзей у Інтэрнэце яны не ў стане:

«Прагрэс не стаіць на месцы, і ў Лукашэнкі з'явіўся новы вораг - сацыяльныя сеткі. Для яго гэта нешта новае, незразумелае. Як ён заявіў на адной канферэнцыі: «націсне хтосьці на кнопку, вылеціць нейкая ракета і ўпадзе на нас». І для спецслужбаў гэта было нешта новае. Яны ведалі, як змагацца з вулічнымі акцыямі, ведалі, як змагацца з журналістамі, але яны не ведалі на першых этапах, як змагацца з сеткавымі актывістамі. І спецслужбы тады пачалі супраць сеткавых актывістаў масавыя рэпрэсіі. І яны доўжацца да сённяшняга дня: людзей, якія займаюцца анлайн-актывізмам, арыштоўваюць, забіраюць іхныя кампутары, шантажуюць і запалохваюць. Але я думаю, што надалей спецслужбам будзе яшчэ складаней з намі змагацца, таму што інтэрнэт спыніць нельга. Якой бы ізаляванай не была Беларусь, інтэрнэт тут развіваецца. Арганізацыя пратэстаў праз інтэрнэт будзе працягвацца, і ў дзень падзення дыктатуры сацыяльныя сеткі адыграюць самую актыўную ролю».

Напісаць каментар 119

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках