15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Багданава: Мы змагаемся за свабоду, але нам патрэбная дапамога (Відэа)

22
Ірына Багданава: Мы змагаемся за свабоду, але нам патрэбная дапамога (Відэа)

Сястра кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава выступіла на зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Рашэнне праблем бяспекі ў рэгіёне знаходзіцца ў цэнтры ўвагі на 11-й нарадзе Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пачалася ўчора ў Вене. У ёй удзельнічаюць каля 250 парламентарыяў з больш чым 50 дзяржаў-удзельніц АБСЕ.

Як стала вядома charter97.org, сесія пачалася з паседжання Камітэта Асамблеі па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаннях, у якім прынялі ўдзел былы спецыяльны дакладчык ААН па катаваннях Манфрэд Новак і Біл Браудэр з Hermitage Capital Management. На паседжанні таксама выступілі Яўгенія Цімашэнка, дачка былога ўкраінскага прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнка, і Ірына Багданава, сястра Андрэя Саннікава, кандыдата ў прэзідэнты ў Беларусі, які знаходзіцца ў зняволенні.

У сваёй прамове Ірына Багданава сказала, што ў Беларусі тысячы людзей трапляюць у турму за свае палітычныя перакананні. Яна падрабязна распавяла аб становішчы свайго брата, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, паведаміўшы аб катаваннях палітвязняў у СІЗА КДБ і пра ўмовы, у якіх яны знаходзяцца на перасылцы і ў калоніях.

Багданава заклікала еўрапейскіх палітыкаў дапамагчы беларусам у барацьбе з дыктатурай. Па ейных словах, галоўнай дапамогай маглі б стаць кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў.

«Гэта было досыць беспрэцэдэнтна: раней у АБСЕ падрабязна не спыняліся на канкрэтных сітуацыях. Але, дзякуючы кіраўніку Камітэта ПА АБСЕ па правах чалавека Матэа Мекачы, я і дачка Юліі Цімашэнка змаглі падрабязна распавесці аб сітуацыі з нашымі блізкімі. Сітуацыя ў Беларусі на паседжанні разглядалася як самая трывожная, ёй была нададзеная першачарговая ўвага.

Распавядаючы пра справу Андрэя Саннікава, я адзначыла: не забывайцеся, што ў Беларусі 17 палітвязняў, а неафіцыйна - тысячы. І калі так абыходзяцца з кандыдатам у прэзідэнты, то што даводзіцца перажываць астатнім? Распавяла пра ўмовы ўтрымання ў ізалятарах і турмах, аб катаваннях, якія працягваюцца. У Андрэя і цяпер няма доступу да адваката, лісты і тэлефанаванні дадому забароненыя.

Напрыканцы я адзначыла, што ні я, ні народ Беларусі не спынім сваю барацьбу за свабоду, але нам патрэбная вашая дапамога. З вашай дапамогай мы хутчэй даможамся выніку. Мы бачым, як дыктатуры знікаюць адна за адной. Давайце аб'яднаем намаганні. Сёння, як ніколі, важнае ўвядзенне мэтавых эканамічных санкцый супраць беларускай дыктатуры - на пастаўкі нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў», - сказала Ірына Багданава у інтэрв'ю charter97.org.

Сястра Андрэя Саннікава таксама сустрэлася ў Вене з віцэ-старшынём Парламенцкай асамблеі АБСЕ, кіраўніком італьянскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ Рыкарда Міліоры, амерыканскім кангрэсменам, сустаршынём Хельсінкскай камісіі ЗША Крыстаферам Смітам, кіраўніком Камітэта ПА АБСЕ па правах чалавека Матэа Мекачы, амбасадарам ЗША ў АБСЕ Іэнам Кэлі, кіраўніком працоўнай групы па Беларусі ПА АБСЕ Утай Цапф і іншымі.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі адмовіліся ўдзельнічаць у паседжанні Камітэта, на якім выступала Багданава. Яны заявілі, што ў нашай краіне няма палітычных зняволеных.

Але яны выступілі на пленарным паседжанні: намеснік старшыні «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі Віктар Гумінскі заявіў, што справа Андрэя Саннікава знаходзіцца «пад пільнай увагай Генпракуратуры». Пры гэтым «дэпутат» прадэманстраваў поўную недасведчанасць: ён сказаў, што Андрэя Саннікава абвінавацілі ў арганізацыі «ваеннага перавароту».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках