15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэта не беларуска-еўрапейскі, а лукашэнкаўска-еўрапейскі крызіс

8
Гэта не беларуска-еўрапейскі, а лукашэнкаўска-еўрапейскі крызіс

У нашай гісторыі ўжо быў выпадак, калі паслы заходніх краін пакідалі Беларусь.

Захапіўшы паўнату ўлады, адзін чалавек, узяў на сябе смеласць вызначаць напрамкі замежнай палітыкі Беларусі, нават лёс нашай краіны. Мала таго, свае сумнеўныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя каштоўнасці ён спрабуе накінуць Еўрапейскаму Саюзу і Злучаным Штатам. Калі не накінуць, дык змусіць Захад абыякава глядзець, як у Беларусі парушаюцца правы чалавека.

Ніхто не патлумачыў былому дырэктару саўгаса, што правы чалавека не ёсць унутраная справа краіны.

А варт было б міністру Сяргею Мартынаву ці катораму іншаму чыноўніку публічна агучыць гэтую ісціну.

Дзевяць дзён таму ўладатрымальнік паабяцаў даць Еўропе «жорсткі адказ».

Усе, хто ні пралічваў магчымыя варыянты таго адказу, сходзіліся на адным: у рэжыму няма сродкаў для рашучага ўдзеяння на Еўрапейскі Саюз. І ніхто не прадбачыў, што чынавенства адправіць амбасадараў Еўразвяза і Польшчы кансультавацца з Еўрапейскай Камісіяй і ўрадам Дональда Туска. Бо такі крок нельга назваць рацыянальным.

Што новага скажуць амбасадары свайму кіраўніцтву? Тое, што ўладатрымальнік лічыць пытанне аб правах чалавека сваёй кампетэнцыяй і сам вырашае, каму колькі тых правоў даць?

І такі парадак рэчаў называецца суверэнітэтам Беларусі?

Дык Еўропа даўно чула і ведае пра гэта. Але прынцыпова не згодная з такім падыходам.

21 лютага я пісаў: у новай сітуацыі ад дэмакратычнай супольнасці Беларусі і ад Еўрапейскага Звязу патрабуецца вернасць прынцыпам і цярпенне.

У нашай гісторыі ўжо быў выпадак, калі паслы заходніх краін пакідалі Беларусь.

На жаль, урады дэмакратычных краін не праявілі тады прынцыповасці і маральна прайгралі.

Хочацца спадзявацца, што з тае гісторыі зробленыя належныя высновы.

А таварышам, сябрам і калегам з дэмакратычнай супольнасці Беларусі хочацца нагадаць: канфлікт не беларуска-еўрапейскі, а лукашэнкаўска-еўрапейскі.

Гэта канфлікт каштоўнасцяў, прынцыпаў.

І калі мы лічым, што толькі на шляху дэмакратычных пераўтварэнняў, на шляху забеспячэння правоў чалавека ў нашай краіне магчымы эканамічны, сацыяльны і культурны прагрэс, мы павінны стаць на баку нацыянальных, а не прыватных ці групавых інтарэсаў.

Нацыянальныя ж інтарэсы Беларусі могуць быць рэалізаваныя толькі ў еднасці з дэмакратычнай Еўропай.

Анатоль Сідарэвіч, "Наша Ніва"

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках