26 снежня 2024, Чацвер, 10:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У праваабаронца Алега Волчака скралі пашпарт

27
У праваабаронца Алега Волчака скралі пашпарт

Пашпарт знік з кватэры Волчака, калі ён адбываў адміністрацыйны арышт у турме на Акрэсціна.

Як паведаміў Алег Волчак сайту charter97.org, сёння ён накіраваў заяву аб згубе пашпарта на імя начальніка Следчага камітэта РБ па горадзе Менску, падпалкоўніку юстыцыі Волкаву А.А.

Алег Волчак быў незаконна затрыманы 27 студзеня і па ілжывым абвінавачванні арыштаваны на чацвёра сутак.

«27.01.2012 г. прыкладна ў 15.30 гадзін я рухаўся па вул. Кахоўскай у бок бульвара Шаўчэнкі. Пры сабе ў мяне быў пакет з выданнем газеты «Народная воля», якую я збіраўся адправіць па пошце. Рухаючыся ў напрамку паштовага аддзялення, звярнуў увагу, што за мной едзе машына. Калі я падышоў да бульвара Шаўчэнкі, машына спынілася. Да мяне падышлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Адзін з іх назваўся намеснікам начальніка Цэнтральнага РУУС г. Менска Шахлаем А.В. У працэсе размовы мне стала вядомае імя другога супрацоўніка міліцыі - Лявошка А.Р.

Супрацоўнікі міліцыі папрасілі мяне прад'явіць пашпарт. На што я адказаў, што пашпарту пры сабе няма, і прад'явіў пасведчанне ўдзельніка вайны з фотаздымкам.

Пасля гэтага намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС г. Менска паведаміў мне, што я затрыманы для высвятлення асобы, а Лявошка сказаў, - што мяне затрымліваюць за здзяйсненне правапарушэння.

Да таго, як сесці ў аўтамабіль, я прапанаваў Шахлаю прайсці да мяне ў кватэру па вуліцы Гая ў г. Менску, дзе знаходзіўся мой пашпарт, які ляжаў у чорнай сумцы. Аднак, Шахлай адмовіўся прайсці да мяне дадому і сказаў, каб я з ім праехаў ў РУУС Цэнтральнага раёна г. Менска.

У парушэнне арт. 8.6. ПВКаАП Рэспублікі Беларусь органам, мой асабісты вобшук быў праведзены ў адсутнасць панятых.

Участковы інспектар Лявошка А.Р. без панятых і вопісу забраў у мяне пакет з газетамі, партманэ з грашыма, ключы ад кватэры, два сотавых тэлефона.

У парушэнне арт. 6.9.ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, канфіскаваныя ў мяне асабістыя рэчы не захоўваліся пры справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, не былі апячатаныя. Па адбыцці адміністрацыйнага пакарання асабістыя рэчы мне выдаў участковы інспектар Лявошка А.Р.

Мяркую, што менавіта ў выніку праведзенага ў парушэнне Закона майго асабістага ператрусу, з кватэры, у перыяд адбыцця мною адміністрацыйнага арышту знік мой пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, бо хтосьці супрацьпраўна скарыстаўся ключамі ад названай кватэры, якія 27.01.2012 г. былі пры мне, а ў ходзе асабістага вобшуку канфіскоўваліся супрацоўнікамі міліцыі.

Доступ у кватэру маю я і гаспадар кватэры, які пражывае за мяжой, г.зн. пашпарт не мог знікнуць без умяшання трэціх асоб.

На падставе гэтага лічу, што мой пашпарт выкрадзены. У дзеяннях неўсталяваных асоб утрымліваюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага арт. 378 КК РБ (крадзёж асабістых дакументаў)», - напісаў у скарзе праваабаронца.

Алег Волчак патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу па факце крадзяжу ягонага пашпарта.

Нагадаем, што гэта не першы выпадак знікнення пашпарта ў апазіцыянераў з мэтай перашкодзіць іх выезду з краіны. Так, пасля вызвалення з СІЗА КДБ пасля падзеяў 19 снежня 2010 года некалькі месяцаў ўлады не вярталі пашпарт лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку. Да гэтага часу знаходзіцца ў КДБ і пашпарт рэдактаркі сайта charter97.org Наталлі Радзінай. У парушэнне закона, пасля вызвалення з турмы КДБ пад падпіску аб нявыездзе ёй таксама некалькі месяцаў не вярталі пашпарт, з-за чаго журналістка была вымушаная бегчы з краіны без дакументаў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках