26 снежня 2024, Чацвер, 20:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла таксама зрабілі невыязным

17
Гары Паганяйла таксама зрабілі невыязным

Прычынай забароны на выезд юрыста БХК у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі назвалі суд, якога не было.

Напярэдадні запланаванай паездкі за мяжу юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла наведаў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі, дзе дамогся, каб ягонае прозвішча праверылі па базе невыязных. Менавіта дамогся, бо для таго, каб яго «прабілі» па базе і выдалі адпаведную даведку, юрысту прыйшлося ісці да начальніка аддзела і пагражаць напісаннем скаргі, перадае «Еўрарадыё».

Тое, што ў выніку ён апынуўся невыязным, юрыста не здзівіла. Навіной стала прычына забароны на выезд за межы Беларусі.

«У дакуменце пазначана, што звесткі ў банк дадзеных прадастаўленыя Міністэрствам юстыцыі. На падставе адпаведнай справы аб банкруцтве, па якой я з'яўляюся патэнцыйным даўжніком. Рашэнне прынятае невядомым мне пакуль судом 5.03.2012 года. І як раз цяпер я накіроўваюся ў Міністэрства юстыцыі, каб атрымаць звесткі, прадстаўленыя судом, і азнаёміцца ​​з імі. Паколькі мяне не выклікалі ні ў які суд і ніякіх спраў, да якіх я маю дачыненне, я не ведаю!», - кажа юрыст.

Ён сцвярджае: калі б такі суд насамрэч быў, то яго як асноўнага адказчыка павінныя былі на яго запрасіць, паведаміць наконт прынятага рашэння, а ён можа яго абскардзіць або прадпрымаць іншыя дзеянні паводле працэдуры. Нічога гэтага не было.

Паганяйла не выключае, што ў Мінюсце ён не атрымае ніякай інфармацыі ні пра суд, які нібыта над ім праходзіў, ні адказу на тое, хто жа насамрэч унёс яго ў спіс невыязных. І ў такім выпадку ўжо заўтра будзе падаваць у суд сам - на Міністэрства юстыцыі.

Нагадаем, што на працягу апошніх дзён некалькі грамадскіх дзеячаў Беларусі не змаглі пакінуць краіну. 7 сакавіка ў Вільню не прапусцілі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Дабравольскага, 10 сакавіка - Сяргея Калякіна і Віктара Карняенку. 11 сакавіка на памежным пераходзе з Літвой не выпусцілі з Беларусі праваабаронца Валянціна Стэфановіча, які разам з жонкай і двума дзецьмі па асабістых справах накіроўваўся ў Вільню. 14 сакавіка шэф-рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько знялі на мяжы з цягніка «Менск - Вільня». Алегу Гулаку забаронены выезд з Беларусі па хадайніцтве Мінюста ў сувязі з грамадзянскім пазовам, аб якім ён нічога не чуў.

Сёння стала вядома аб тым, што старшыні БАЖ Жане Літвіной адмовілі ў выездзе за мяжу, праваабаронца Андрэя Бандарэнку знялі ў Брэсце з цягніка Менск-Варшава і з Беларусі таксама не выпусцілі журналіста БЕЛСАТ Міхаіла Янчука.

1 сакавіка начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Павел Радзівонаў зрабіў заяву, сутнасць якой заключалася ў тым, што апазіцыянерам, якія заклікаюць да санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму, можа быць абмежаваны выезд за мяжу.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках