26 снежня 2024, Чацвер, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

EUobserver: На ЕЗ ціснуць лабісты беларускага дыктатара

59
EUobserver: На ЕЗ ціснуць лабісты беларускага дыктатара

ЕЗ сутыкаецца з беспрэцэдэнтным лабіраваннем бізнес-інтарэсаў рэжыму Лукашэнкі.

Напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў ЕЗ у дыпламатычных колах ідзе абмеркаванне спісу беларускіх чыноўнікаў і бізнесмэнаў, якім будзе забаронены ўезд у Еўропу.

Вядома, што папярэдне ў яго ўключаныя алігарх Юрый Чыж, яшчэ некалькі кампаній мільянера Уладзіміра Пефціева, а таксама шэраг чыноўнікаў, піша брусэльскае выданне EUobserver (пераклад - charter97.org). Пефціеву ўжо забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ, замарожаныя актывы трох яго фірм, але зараз ён спрабуе абскардзіць гэтае рашэнне праз еўрапейскі суд у Люксембургу.

«Вы не можаце сабе ўявіць, як шмат людзей тут пабывала», - распавёў у інтэрв'ю EUobserver высокапастаўлены еўрапейскі прадстаўнік пра дыпламатаў, прадстаўнікоў НДА і фірм, якія раілі не ўключаць Пефціева ў спіс.

Ён пацвердзіў словы Алеся Міхалевіча, які пакінуў краіну ў мінулым годзе, аб узнагародзе ў 1 мільён даляраў, абяцанай Пефціевым таму, хто даможацца выключэння яго са спісу.

«Я не бачу доказаў таго, што ён павінен быць у спісе, там месца для суддзяў, чыноўнікаў, супрацоўнікаў КДБ, - заявіў прадстаўнік адной з НДА ў Празе. Іншая арганізацыя, якая знаходзіцца ў Брусэлі, накіравала еўрапейскім чыноўнікам ліст з прапановай выключыць 25 імёнаў, у тым ліку, Пефціева са спісу. EUobserver не называе ягоных аўтараў, таму што дапускае, што іх проста выкарыстоўваюць для выканання бруднай працы.

Выданне таксама звязалася з літоўскай юрыдычнай фірмай «Lawin», якая прадстаўляе алігарха ў судзе ЕЗ, каб удакладніць інфармацыю аб узнагародзе, але яна адмовілася пацвердзіць альбо абвергнуць яе.

Юрый Чыж мае вялікі спектр прадпрыемстваў - ад нафтаперапрацоўкі і санаторыяў да безалкагольных напояў, многія з якіх працуюць з еўрапейскімі краінамі.

Кангламерат Пефціева выглядае больш злавесным.

Алігарх з'яўляецца мажарытарным акцыянерам і старшынём кампаніі «Белтэхэкспарт», найбуйнога вытворцы зброі ў краіне. Сярод яе прадукцыі - самалёты, баявыя браніраваныя машыны і стралковая зброя. Але асноўная дзейнасць кампаніі - паярэдніцтва паміж расейскімі прадаўцамі зброі і дыктатарскімі рэжымамі ў Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўднёвай Амерыцы. ЗША кажуць пра тое, што «Белтэхэкспарт» прадаваў зброю Ірану і Паўночнай Карэі.

«Продаж Расеяй зброі наўпрост у парушэнне міжнародных забарон падмачыла б рэпутацыю прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, таму, Беларусь робіць гэта за яго», - сказаў у інтэрв'ю EUobserver Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пефціеў таксама з'яўляецца заснавальнікам аператара сувязі «БТ Тэлекамунікацыі», сузаснавальнікам (разам з сынам Лукашэнкі Дзмітрыем) кампаніі «Спорт-Пары», валодае акцыямі інтэрнэт-правайдэра «Дзелавая Сетка».

Па словах еўрапейскіх дыпламатаў, абараніць дыктатара спрабуе не толькі Славенія, але і Латвія.

Абедзве краіны гатовыя пагадзіцца на новыя санкцыі ЕЗ, але пры ўмове адсутнасці ў спісах кампаній і імёнаў алігархаў, з якімі яны супрацоўнічаюць.

Лабісты бізнесмэнаў сцвярджаюць, што ЕЗ памыляецца, і яны не з'яўляюцца фінансавымі спонсарамі рэжыму. Але гэта цяжка праверыць у краіне, дзе 70 адсоткаў эканомікі афіцыйна кантралюецца дзяржавай.

Ёрг Форбрыг, эксперт па Беларусі ў нямецкім Фондзе Маршала, лічыць, што багаццямі ўсёй краіны насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек распараджаецца вузкае кола прыхільнікаў Лукашэнкі.

У Беларусі на мінулым тыдні былі пакараныя смерцю двое маладых людзей - Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў. Шырока распаўсюджанае меркаванне аб тым, што яны невінаватыя ў выбуху ў менскім метро.

37-гадовы Сяргей Каваленка быў шпіталяваны пасля галадоўкі. Ягонае злачынства заключаецца ў тым, што ён павесіў сцяг на навагодняй ёлцы.

Аднак, па словах аднаго з еўрапейскіх дыпламатаў, гэтыя падзеі не паўплывалі на пазіцыю Латвіі і Славеніі. Ён дадаў, што рашэнне па санкцыях будзе прынятае міністрамі замежных спраў у пятніцу.

Са свайго боку, Лукашэнка любіць здзекавацца з санкцый ЕЗ. Але яны з'яўляюцца сур'ёзным сігналам для замежных інвестараў у цяжкія для беларускай эканомікі часы і наносяць шкоду ягоным планам па выкарыстанні транзітных магчымасцяў краіны.

Адна з прыкмет эфектыўнасці санкцый у тым, што пасланцы Лукашэнкі рэгулярна спрабуюць гандляваць палітвязнямі ў абмен на саступкі з боку ЕЗ.

Ніякія санкцыі не змогуць адмяніць тое, што адбылося з Кавалёвым і Канавалавым.

Але калі Чыж і Пефціеў выйдуць сухімі з вады, «Латвія і Славенія будуць несці публічную адказнасць за свае рашэнні», сказаў дыпламат ЕЗ.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках