25 снежня 2024, Серада, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламентарыі: Беларускія алігархі не павінныя весці бізнес у ЕЗ (Відэа)

35
Еўрапарламентарыі: Беларускія алігархі не павінныя весці бізнес у ЕЗ (Відэа)

Еўрапарламент будзе галасаваць па новай рэзалюцыі, якая прадугледжвае ўвядзенне дадатковых санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму.

Бурную рэакцыю з боку Еўрапейскага Звяза выклікала пакаранне двух маладых людзей у Беларусі. Яны абвінавачваліся ў арганізацыі тэракту ўвесну мінулага года ў метро ў Менску, сталіцы Беларусі, нагадвае тэлеканал NTD (пераклад - charter97.org).

Двое чалавек былі пакараныя на мінулым тыдні, адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць іх, нягледзячы на ​​заклікі з боку міжнароднай супольнасці.

Барбара Лохбілер, старшыня падкамітэту па правах чалавека Еўрапейскага парламента: «Я рашуча асуджаю гэтыя пакаранні. Смяротнае пакаранне ў цэлым жорсткае і бесчалавечнае, і яно павіннае быць адмененае. Гэта асабліва несправядлівае пакаранне ў выпадку, калі мы бачым парушэнні ў ходзе расследавання і падчас суду».

Адзін з асуджаных, Уладзіслаў Кавалёў, паведаміў суду, што ён не прызнаваў сваю віну і пагадзіўся даць паказанні супраць свайго сябра, пачуўшы ягоныя крыкі з суседняй турэмнай камеры.

Лайма Люцыя Андрыкене, сябар Еўрапейскага парламента: «Нават у ахвяраў гэтых тэрактаў былі вельмі сур'ёзныя сумневы ў віне гэтых двух маладых людзей».

Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. І ЕЗ просіць адмяніць яе.

Барбара Лохбілер: «Нашае асноўнае патрабаванне складаецца ў адмене смяротнага пакарання. Цяпер мы просім аб увядзенні мараторыя на ягонае прымяненне».

Еўрапейскі парламент будзе галасаваць па новай рэзалюцыі, якая прадугледжвае ўвядзенне дадатковых санкцый у дачыненні да Беларусі.

Лайма Люцыя Андрыкене: «Алігархі з гэтай краіны, тыя, хто набліжаны да Лукашэнкі, хацелі б прыязджаць у Еўрапейскі Звяз і займацца сваім бізнесам тут, але яны маюць выразныя абмежаванні, і мы збіраемся ўвесці дадатковыя санкцыі супраць іх».

Адносіны паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю пагоршыліся ў апошнія месяцы. У канцы лютага Беларусь выслала амбасадара ЕЗ у Менску і адклікала свайго пасланца з Бруселю пасля таго, як ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да беларускіх суддзяў і супрацоўнікаў міліцыі.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках