25 снежня 2024, Серада, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавы бізнес Чыжа і Тарнаўскага пад ударам

56
Нафтавы бізнес Чыжа і Тарнаўскага пад ударам

Санкцыі Еўразвяза закранулі шэраг прыватных прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць нафту і гандлююць нафтапрадуктамі.

Сярод іх - нафтавыя кампаніі бізнесмэнаў Юрыя Чыжа і Анатоля Тарнаўскага, якія трапілі ў «чорны спіс» за фінансаванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

З пяці кампаній Юрыя Чыжа, якія займаюцца імпартам расейскай нафты, перапрацоўкай сыравіны на мясцовых НПЗ і экспартам нафтапрадуктаў за мяжу, пад абмежаванні патрапілі дзве - «Трайпл» і «НафтаХімТрэйдзінг». Таксама ў спісе дзве фірмы Анатоля Тарнаўскага, якія займаюцца перапрацоўкай нафты і рэалізацыяй бензіну і дызпаліва - «Юнівест-М» і «ЮнісОйл», перадае «Радыё Свабода».

На сайце «Трайпла» пазначана, што за апошні час у Беларусь пастаўлена на перапрацоўку некалькі мільёнаў тон нафты, што дазволіла выйсці на лідарскія пазіцыі сярод беларускіх перапрацоўшчыкаў. Расейская нафта на давальчых умовах пастаўляецца ў Мазыр і Наваполацак, пасля чаго ідзе на экспарт ці рэалізуецца ўнутры краіны. У 2009 годзе ў Менску пачала працаваць першая аўтазалівачная станцыя «Трайпл», зараз сетка трайплаўскіх АЗС існуе па ўсёй Беларусі.

Мала чым саступаюць «Трайплу» нафтатрэйдэры Анатоля Тарнаўскага – за апошнія гады ягоныя структуры занялі вядучыя пазыцыі ў нафтавым бізннсе. Асноўныя рынкі збыту нафтапрадуктаў – Літва, Латвія, Польшча. Нягледзячы на фінансавы крызіс у Беларусі, цягам мінулага году аб'ёмы паставак імкліва раслі. Памежны трафік сведчыць: калі параўноўваць з леташнім студзенем, толькі ў Латвію экспарт павялічыўся ў грашовым выразе больш чым на 100 мільёнаў даляраў.

Ці азначаюць санкцыі, што і Чыжу, і Тарнаўскаму прыйдзецца спыніць гэтыя пастаўкі? Адмыслоўцы мяркуюць, што ў гэтых бізнесмэнаў ёсць поле для манёўраў. У прыватнасці, у холдынгу Юрыя Чыжа, апроч «Трайпла» і «НафтаХімТрэйдынгу», нафтавым бізнесам займаюцца кампаніі «Трайпл Энэрга», «Белнафтагаз» і «Неанафта». Наўрад ці будзе складана перанакіраваць таварныя і грашовыя плыні праз гэтыя фірмы, не ахопленыя санкцыямі.

Па-другое, ва ўмовах адкрытасці расейскіх межаў беларускія нафтапрадукты могуць трапляць спажыўцам праз Расею. Такую схему перадусім можа скарыстаць Анатоль Тарнаўскі, які доўгі час займаўся бізнесам у Расеі, быў віцэ-прэзідэнтам кампаніі «Славнефть».

Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка лічыць, што адсачыць беларускія нафтапрадукты ў агульнай плыні будзе досыць складана:

​​«На мой погляд, рэалізаваць гэтыя санкцыі даволі складана з той простай прычыны, што каналаў збыту нафтапрадуктаў вельмі шмат. Плюс нашыя плыні не такія ўжо магутныя, і яны вельмі лёгка могуць згубіцца ў шматлікіх плынях увогуле. Адпаведна, іх цяжка будзе адсачыць тым, хто гэтыя санкцыі ўвёў. Гэтыя плыні могуць быць накіраваныя праз расейскіх трэйдэраў, праз трэйдэраў трэціх краін, таму мне падаецца, што нейкі сур'ёзны эфект ад гэтых санкцый малаверагодны. Калі экспарцёры паставяць такую мэту, то яны не пацярпяць. Гэта складаны рынак, шматканальны, таму наўрад ці трэба чакаць для гэтых кампаній адчувальных наступстваў».

Як кажа эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка, у любым выпадку ўлады не дадуць ў крыўду набліжаных да сябе алігархаў:

«Яны блізкія да тых, хто ва ўладзе, яны аблашчаныя ўладай. Ім усе карты на рукі, ім ствараюць выгодныя ўмовы для бізнесу, накіроўваюць праз іх стратэгічныя плыні – фінансавыя, таварныя плыні. Яны з усяго гэтага здымаюць сваю маржу. Усё проста робіцца. Цяжка сказаць, у чыю кішэнь ідуць асноўныя прыбыткі. Адзінае, што падаткі, здаецца, трапляюць у дзяржаўны бюджэт. І вось гэтыя кампаніі – адны з самых буйных падаткаплатнікаў і ў Менску, і ў Беларусі. Штосьці, відаць, краіна і народ з гэтага мае. А ўжо куды ідуць сродкі, якія здымаюць акцыянеры як свой прыбытак, гэтага ніхто, пэўна, не распавядзе дакладна».

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках